На III
(XIV) З'ездзе Саюза пісьменнікаў Беларусі
30 лістапада 2016 года намеснікам старшыні
праўлення быў выбраны Анатоль Мікалаевіч КРЭЙДIЧ.
30 лістапада 2016 года намеснікам старшыні
праўлення быў выбраны Анатоль Мікалаевіч КРЭЙДIЧ.
АД ШЧЫРАГА СЭРЦА ВIНШУЕМ!
Сёння першы дзень зімы, але дзіва якое: замест снежнай
завірухі мяне разбудзіў дождж. Якое зменлівае надвор’е. І які моцны сон пасля
апошняй па часе вандроўкі ў Мінск – на пісьменніцкі з’езд. Няма асаблівага
жадання адказваць на тэлефонныя званкі, размаўляць аб нечым дробязным,
выпадковым. Перачытваю некаторыя вершы Яўгеніі Янішчыц, упершыню нават
задумаўся над пытаннем: а ці ёсць (ці, скажам, будзе) у палескай ластаўкі
паслядоўніца, вартая таго, каб узнімаць гэта пытанне.
Не спяшаюся гэта рабіць,
бо вельмі адказна: а вось на вершы паэтэсы-зямлячкі з вёскі Ладараж Пінскага
раёна Надзеі Парчук увагу звярнуў. Нямала ў іх радкоў пра хуткаплыннасць нашага
неспакойнага часу, вечную прагу чалавека да жыцця, бо менавіта ён (о, час!) у
вечнасці слуга, адданы і бездакорны, бо менавіта ён, паводле слоў паэткі, “…прыступіў
дачасна ўжо сціраць і наша пакаленне”. І раптам ускрык: “О, Божа, колькі тых
крыжоў маўчыць за кожным пасяленнем!” Сапраўды многа, і нават занадта многа.
Асабліва пасля ваеннага ліхалецця, катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, знікнення з
роднай маці-зямелькі нашых вёсак, асабліва ў гэтай небяспечнай зоне.
Некаторыя скептыкі ўжо ў
які раз загаварылі пра “канец свету”, нейкія “чорныя дні”, а вось Надзея
Парчук, па-ранейшаму апантаная моцным па духу паэтычным радком, прагай да
жыцця, жадае творцам вяртацца, прыходзіць сюды да нас “праз пакаленні і
стагоддзі”, як бы не складаўся ў кожнага лёс:
Я буду сонцам усміхацца,
А ў ночы зоркамі мігцець,
Дажджом упору пралівацца,
Каб вашым травам зелянець,
Каб жытам колас наліваўся,
Шумеў зялёны ў полі дуб…
Хачу, каб кожны распяваўся,
Калі я песняю прыйду.
Мне здаецца, што прыкладна
гэтак, калі б не страшная трагедыя ў асабістым жыцці, ды яшчэ ў 40-гадовым
узросце, магла б напісаць і Яўгенія Янішчыц. Такім чынам размова ідзе пра
роднасць душ, а можа і талентаў, пра бязлітасную праўду, што мы, як добрыя, так
і кепскія людзі, толькі госці на гэтай зямлі.
Але і за гэта, калі ты
сапраўдны Чалавек, неабходна дзякаваць і сэрцам, і душой:
Я дзякую табе,
Радзіма дарагая,
За твой пахучы хлеб,
За шчодрасць каравая,
За тое, што ты ёсць
Адзіная такая.
Ды і паэтычны зборнік
“Ладараж” Надзеі Парчук, у якім змешчаны гэты верш, нечым нагадвае Жэніну
“Ясельду”. Сіла слоў, выказаных у вершах на гэтую тэму, незвычайная нават ужо
напамінам, што непазбежна прыдзе вечнасці міг і абарвецца навечна вярста, што
вяла нас да роднага дому… Але з такім вось працягам: няхай гэтая вярста пакуль месяцу
сніцца, і творцам толькі, здольных як рыдлёўкай, так і мудрым словам
перайначыць свет, жыць у ім спакойна, дастойна і з разлікам на будучыню новых
пакаленняў…
Мікола ПАНАСЮК,
1 снежня 2016 года
1 снежня 2016 года
Адна з многіх кніжак аўтара
Фота Аляксандра КУРЦА