Цаніце, людзі, мір, прашу, цаніце!..
Цаніце, людзі, мір, прашу,
цаніце,
Шануйце тых, хто нам яго здабыў,
Чые імёны свецяцца ў граніце,
Хто больш жыцця радзімы край
любіў.
Іх паміж намі мала засталося,
Злятаюць кожны дзень яны ў нябыт,
–
Прымаюць іх высокія нябёсы,
І абдымае сонечны блакіт.
А Пераможны Дзень святочна
крочыць, –
Убраліся ў духмяны квет сады.
Ніхто вайны ніякае не хоча –
Ні ветэран, ні праўнук малады…
Цвіце пераможна вясна
Даўно адгрымела вайна,
Зямля загаіла ўсе раны.
На свеце шчыруе вясна
Ў падзяку для вас, ветэраны.
Удзячна за мір і спакой
Квітнее, бы ў тым, сорак пятым:
Чаромхай – над Бугам-ракой,
Садамі – ля кожнае хаты.
Пяюць шматгалосна званы
І мірную славяць гадзіну,
Каб чулі іх дочкі, сыны –
Хто жыцці аддаў за Радзіму.
Царкоўным набатам яны
Сягаюць пад самае неба,
Сцвярджаюць аб тым, што вайны –
Нам болей ніколі не трэба.
Ода Брэсту
Над Бугам-ракою
Бяссмерце героі
І славу табе здабылі,
Каб ты красаваўся,
З бядою не знаўся
На вольнай і роднай зямлі.
Цябе не скарылі
Варожыя сілы
У самыя грозныя дні...
Ты выстаяў, горад,
У жудасным горы,
Гарэў – не згарэў у агні.
Хоць плавіўся камень,
Бетон і жалеза,
Стагнала зямля пад табой,
А Брэсцкая крэпасць,
Як мужная вежа,
Смяротны працягвала бой.
Не чуў яшчэ свет,
І не ведалі людзі
Падобнай любові сыноў...
У памяці нашай
Жыве і жыць будзе
Іх подзвіг на сотні вякоў!
Слава Перамозе!
Ізноў вясна цвіце, буяе,
Амыў прысады дождж-сяўнік.
Ізноўку шчыра мы вітаем
Цябе, наш мужны франтавік!
Віншуем сёння з Перамогай,
Якую ты здабыў для нас,
Ідучы вогненнай дарогай
У векапомны грозны час.
Ад ран смяротных і разрываў –
Пад
вынішчальны шквал агню
Ты выжываў, усім надзіва,
І зноў на захад гнаў вайну.
Гнаў і дабіў яе ў бярлозе,
Закалаціў-такі ў труне.
Хвала і слава Перамозе
І Пераможцу ў той вайне!
Шчаслівая раніца
Я вітаю цябе, мая раніца!
Я вітаю цябе, маё неба!
Больш бядою твой твар не апаліцца
–
Нам пажараў сусветных не трэба!
Анічога благога не здарыцца
З Беларуссю маёю ніколі...
Бласлаўляйся, блакітная раніца,
Падымай сваё сонца над полем!
Нам свяціць яно з высяў не
зморыцца:
Ёсць цяпла і святла ў ім багата.
Аніколі ўжо больш не паўторыцца
У гісторыі чорная дата.
Дый салдат, што ў баях цяжкіх
выстаяў
І прынёс, падарыў нам свабоду
–
Верыць ў неба празрыстае, чыстае
І ў світальную ласку-пяшчоту.
Я вітаю цябе мірнай, раніца!
Я вітаю цябе чыстым, неба!
Хай заўсёды так дзень пачынаецца,
А іначай... іначай не трэба!
З Днём Перамогі!
З Днём Перамогі, слаўны наш
герой!
Паклон прымі і шчырую
падзяку
За тое, што на ворага ты ў бой
Не раз ішоў пад кулямі ў атаку.
За тое, што Радзіму бараніў,
Уратаваў ад нечысці праклятай,
За тое, што жыццё не разлюбіў,
Не зганьбіў звання вернага
салдата.
Грымяць ізноў салюты да нябёс
У гонар твой – за службу, і
адвагу,
І за любоў, што ў сэрцы ты
пранёс,
Айчыне даўшы верную прысягу.
Позірк з нябёс
Маўчаць магілы нашых абаронцаў,
Спакойна ў іх сыны Радзімы спяць,
А душы з высяў зорамі і сонцам
На нас, жывых, з надзеяю
глядзяць.
Глядзяць з нябёс і радуюцца шчыра
За мірны час, за вас, франтавікі,
І як на іх свяшчэнныя магілы
Кладуць нашчадкі кветкі і вянкі,
І як схіляе галаву сівую
Калісьці бравы іхні старшына,
І як, слязу сціраючы,
шкадуе,
Што не для ўсіх красуецца
вясна...
З Днём абаронца
Айчыны!
З Днём абаронца Айчыны
Вас, дарагія мужчыны,
Радзіма сардэчна вітае
Ды вечнага міру жадае!
Жадае шчаслівай вам долі,
А войнаў – не бачыць ніколі –
Ніводнаму сыну-салдату,
Ні мужу, ні бацьку, ні брату!
Не бачыць, не чуць і не ведаць
Пра жахі ваеннай навалы.
Няхай спачывае планета:
За мір заплацілі нямала.
Надзея ПАРЧУК