Да
слаўнага Юбілею
сына
і песняра беларускага народа,
слыннага
паэта-берасцейца,
шаноўнага
Міколы Панасюка
У кожнага свой лёс, і
здольнасці, і талент.
Нам Бог дае жыццё, і
долю, і любоў.
Пакуль яно цвіце, пакуль
душа спявае –
Не згасне ў грудзях жар,
не паастыне кроў.
Дык дзякуйце таму
чароўнаму імгненню,
Калі крылаты спеў сягае
аж да зор.
Маліцеся, каб ён для
новых пакаленняў
Служыў і саграваў, бы
вогнішча касцёр.
У кожнага свой лёс, і
здольнасці, і талент,
І галасы свае, нібы ў
святых званіц…
Я сёння ад душы віншую
Вас, вітаю!
Хай песняю жыццё Вам
хораша звініць!
Надзея Парчук
З ідэяй міру і
дабра
Міколе Панасюку
Як толькі збегла прэч
зіма
І ў небе сонца ажыло,
Яго шчаслівая вясна
Прынесла ў роднае сяло.
Гасподзь з блакітнай
вышыні
Той, сакавіцкаю парой
Паслаў дзіцятку дабрыні,
Благаславіў святой
зарой.
І дарам творчым
надзяліў,
Каб родны кут і край
апеў,
Каб так Айчыну палюбіў,
Што разлюбіць ужо не
смеў.
Ды люд не знаў, што немаўля –
Як падрасце, як прыйдзе
час –
Натхніць бацькоўская
зямля,
Пакліча зваблівы Парнас.
І ўжо адтуль, бы рупар
той,
З ідэяй міру і дабра
На мове матчынай святой
У неба вымаліць святла.
Напіша стосы добрых кніг
Пра чалавечае жыццё,
Аб сіле духу, дабрыні
Распавядае з пачуццём.
Сваё Палессе апяе
І роду любасны выток,
Які й цяпер сіл надае,
Гукае ў бацькавы куток.
Сардэчнай ласкі да
людзей
Ён ад бацькоў сабе
займеў
І як сапраўдны дабрадзей
Дзяліцца ёю шчодра ўмеў.
Ён і цяпер такі ж, як
быў, –
Спагадны, чулы да
людзей,
Душы багацце не згубіў,
Яно за ім услед ідзе.
А мары мкнуцца да нябёс
–
Туды, дзе рдзееца зара.
Дык хай спрыяльным будзе
лёс
Паэта, творцы, песняра!
Надзея Парчук
Прызначана славіць свой край
“У
задуменні перад вялікім
і гераічным жыццём”
і гераічным жыццём”
Калісьці, на
зары сваёй літаратурнай дзейнасці, малады журналіст Мікола Панасюк прызнаваўся:
Не выдаў я пакуль што кніжкі,
Але, паверце, не журуся:
Кладу пакосы, нібы нізкі,
На
лузе росным Беларусі.
Пішу
за вёскаю – плугамі,
Пішу
у чэрвені – касою.
Лугі
мне дзякуюць стагамі
І
пояць чыстаю расою…
Але час ніколі
не стаіць на месцы, ды і людзі не сядзяць, склаўшы рукі, а тым больш творчая
чалавечая душа, якая выбрала сабе прафесію журналіста. А журналістыка, як вядома, – вечная сяброўка
і спадарожніца не дамаседаў і кабінетчыкаў, а няўрымслівых дабравольцаў-вандроўнікаў,
шукальнікаў нечага новага, цікавага, непаўторнага ў жыцці. Вось як па-сонечнаму
захоплена пісаў паэт ў маладосці пра сваю журналісцкую працу:
Калі
у травах спелых або ў жыце
На
золку лета ззяе ад расы,
У
вёску, хлопцы, пісьма не пішыце,
Бо
я штодня мяняю адрасы…
Скачу
ў начлег за вёску з табунамі,
Да
ранку зноў вартую цішыню.
Як
добры спаць улетку з туманамі
І
плыць у снах праз звонкую вясну!
Мікола Панасюк
па натуры – адзін з тых пілігрымаў-падарожнікаў, якія ніколі не дазваляюць сабе,
ды і не маюць права, адседжвацца дома ці раслабляцца ў кабінетах. Як пералётны
птах, ён заўсёды знаходзўся ў бясконцым руху, вечна некуды ляцеў, спяшаўся і – тварыў
у розных літаратурных жанрах. Мікола Васільевіч і цяпер застаецца такім жа лёгкім
на ўзлёт, крылатым птахам-буслёнкам гатовым па першаму воклічу душы і сэрца ў
любую вандроўку. Ці не таму пачынаючы творца калісьці з глыбокім сэнсам і юнацкім
густам ды любоўю выбірае сабе ў псеўданімы белакрылую птушку. Малады “Буслёнак”,
у яго разуменні, служыць не толькі сімвалам роднай Беларусі, але і па натуры
адпавядае характару мудрай і высакароднай чалавечай душы.
І не дзіва, што ў
хуткім часе ў творцы народзяцца наступныя даволі ўдалыя паэтычныя радкі, якія
засведчаць, што ён не сухі ілюстратар імгненняў жыцця, з’яў, фактаў ці падзей, не
выпадковы чалавек у літаратуры, а выбраннік пакліканы музай; яны доказна засведчаць,
што першыя яго крокі ў паэзію ўжо зроблены і даволі ўпэўнена і ўдала:
Хто я? Адкуль хлапчук Дзяніс?
Казаў мне дзед, што ад бусла...
Сінечу неба зверху ўніз,
Як Божы дар, мне Бог паслаў.
Ад бацькі – плуг і баразна,
Ад птаха – моцнае крыло.
Бусліным
клёкатам вясна
Будзіла
роднае сяло.
Так вобразна і ўзнёсла,
так захоплена пісаў паэт напачатку свайго творчага жыцця. Крыху пазней Мікола
Панасюк выступіць ужо ў ролі абаронцы, заступніка свайго народа, сваёй міралюбівай
нацыі, у яго напішуцца яшчэ мацнейшыя строфы:
Ці хто сказаў, што беларус
Чужое некалі загроб?
Нашто нам крадзены абрус
І нават сто чужых Еўроп?!
Услед за гэтымі
радкамі паэт з гонарам за сваіх людзей, сваю краіну роздумна заўважыць:
У чужынцаў – злавесная манія:
“На Усход… На Усход… На Усход…”
Ды прайшлі мы з баямі Германію –
Перамогу святкуем штогод!
Калі ж паглядзець
у творчую бібліяграфічную скарбонку Міколы Васільевіча праз 50 гадоў, дык – дзіва
дзіўнае! Колькі ж кніг рознага жанру за сваё пісьменніцкае жыццё выдаў гэты адораны
прыродай руплівец мастацкага слова! Цэлы стос паэзіі, нарысаў, дакументалістыкі,
публіцыстыкі. Цікава, што паэтычны зборнік “Крык немаўляці” перавыдаваўся ажно
дзевяць разоў! А колькі ж яшчэ твораў рознага жанру раскідана па шматлікіх
перыядычных выданнях саюзнага, рэспубліканскага, абласнога ўзроўню, па
калектыўных зборніках! А яшчэ ж Мікола
Васільевіч уклаў і адрэдагаваў не адну кнігу пачынаючым літаратарам, сябрам,
калегам па пяру.
І пра каго
толькі не пісаў гэты таленавіты, шчодры на сардэчную цеплыню і добрае слова шчыроўца! Каго толькі не славіў
за свой пісьменніцкі век, каму толькі не прысвячаў узнёслыя, пранікнёныя вершы,
нават паэмы, цэлыя дакументальныя аповесці, літаратурна-публіцыстычныя
артыкулы, змястоўныя нарысы, багатыя па зместу водгукі на выдадзеныя кнігі, цікавыя
рэцэнзіі на творчасць літаратараў!
Гэтымі шчасліўцамі з’яўляюцца – знакаміты на ўвесь свет беларускі кампазітар
Ігар Лучанок, выдатны аграрнік Брэстчыны Аляксей Скакун, літаратуразнаўца,
прафесар, кандыдат філалагічных навук Уладзімір Калеснік, Георгій Лебедзеў,
Уладзімір Вялічка, дзяржаўныя і ваенныя служачыя, шматлікія літаратары, у тым
ліку і аўтар гэтага артыкула, працаўнікі вёсак – ды хіба ўсіх пералічыш, чые
прозвішчы і імёны апеты і ўвекавечаны ў аўтарскіх кнігах Міколы Панасюка?! Нават (на маё шчырае
здзіўленне) “Дзеду з вёсачкі Парэ”, якая гранічыць з маім Ладаражам, прысвяціў
цудоўны верш! І да касманаўтаў дабраўся – Уладзіміра Кавалёнка, Алега Навіцкага,
Аляксея Лявонава ды іншых. А двойчы Герою Савецкага Саюза Пятру Клімуку нават
кнігу прысвяціў “Арыенцiр − сузор'е
Арыён“, якая ў сувязі з 40-годдзем з дня яе выхаду і 75-годдзем Пятра Ільіча
ў 2017 годзе перакладзена на рускую
мову спецыяльна для другога кніжнага выдання “К СОЗВЕЗДИЯМ”.
У ёй аўтар крок
за крокам, вярста за вярстою раскрывае жыццёвы шлях лётчыка-касманаўта – выхадца з вёскі Камароўка
Брэсцкага раёна. Шлях юнага берасцейца ў вялікае, нязведанае жыццё даследчыка
бяжмежнага Сусвету, падаецца аўтарам як новае праяўленне ўсенароднага лёсу.
Спасціжэнне і
веданне жыцця для пісьменніка – катэгорыя не эмпірычная, яна закранае яго
светапогляд, уключае ў сябе пачуццё адказнасці і гонару за кожную дробязь адлюстраванага
чалавечага развіцця, філасофію жыцця, усебаковае, глыбокае і поўнае яго
асэнсаванне. Руплівец таму і звяртаецца
да публіцыстычнага жанру, каб чытач, як і сам пісьменнік, мог душою адчуць і сэрцам
ўбачыць вялікія здзяйсненні народа, яго велічны духоўны свет.
Мікола Панасюк
упэўнены, што з дапамогай нарысаў у наш час магчыма не толькі ствараць найбольш
поўную, найбольш шырокую, а іншым разам і больш драматычную, больш глыбокую па
эмацыянальнай напоўненасці панараму рэальнасці, але і, як ніколі раней, быць
першапраходцам, даследчыкам новых тэм, з’яў, канфліктаў, песняром герояў-сучаснікаў.
Мімаволі
задумваешся: адкуль гэта ў яго – хлопчыка з хутара, простага, сціплага чалавека-селяніна
столькі цікавасці, зычлівасці і спагады да людзей, столькі гонару за іх
дасягненні, за росквіт краіны, столькі кіпучай энергіі, захаплення і любові да
жыцця, да акаляючага свету, да хараства роднай зямлі?
Але, калі
зірнуць на здымкі маладога, дый 55-гадовага Міколы таксама, калі ўглядзецца ў
яго вясёлыя, усмешлівыя вочы, поўныя светлых, прамяністых іскрынак непагаснай
радасці, то становіцца зразумела, адкуль
у гэтага ўлюбёнца ў свет, у літаратуру, закаханца ў паэзію такія чыстыя
памкненні, такія свежыя думкі, узнёслыя мары. Ды – з глыбіні душы ягонай! З
донца ягонага гарачага сэрца ўсё ідзе! З глыбінь жыватворных народа нашага ўсё
гэта льецца, бо сам пісьменнік – выхадзец з народа, з глыбінкі палескай.
А колькі душы і
сэрца, колькі цёплых пачуццяў і літаратурннага майстэрства ўкладзена ў
невялічкі зборнік паэзіі “Як Божы дар”! Сама ўжо філасафічна-духоўная назва
кнігі гаворыць аб глыбіні думкі і мудрасці паэта-мысліцеля. Мікола Васільевіч –
сапраўдны сын, патрыёт і сучасны пясняр беларускага народа, роднага краю, зямлі
нашай. На яго вершы напісана музыка знакамітым беларускім маэстра Ігарам Лучанком,
брэсцкім кампазітарам Фёдарам Мазалём, Веньямінам Васіленкам, Валянцінам
Перапёлкіным з Іванава ды іншымі мясцовымі кампазітарамі.
Мікола Панасюк і
сапраўды – узнёслы паэт-лірык, таленавіты пісьменнік-нарысіст, публіцыст, здольны
распавядальнік, шчыры закаханец у мілагучнае беларускае слова. Сваёй чыстай,
вечна юнай душой аўтар, нібы летуценнік, здольны па-дзіцячы светла захапляцца
хараством прыроды, узнёсла марыць, высока ўзнімацца над будзёнасцю і сумятнёй, тонка
адчуваць адценні жыцця, цаніць імгненні часу. Ён сам разумее і нас прымушае
задумацца над сэнсам і законамі жыцця, Божым светам, а галоўнае – узгадаць, што
мова наша – гэта вялікі скарб нацыі, кожнае слова – важнае, сэнсоўнае,
выпеставанае мудрасцю продкаў нашых.
Чытаеш паэзію М.
Панасюка і адчуваеш біццё яго неўтаймаванага сэрца, высокі палёт ягоных думак,
прыгожых мараў, трапяткой душы, уяўляеш шырокі размах яе крылля. Здаецца, разам
з ёю і сам узлятаеш у блакітнае неба, пад самае сонца, туды, дзе кружляюць
шчаслівыя буслы… Гэтак расчуліць і акрыліць здольна толькі сапраўдная Паэзія.
Менавіта ёю і заваёўвае нашы сэрцы і душы
выдатны майстар слова, ураджэнец в. Галоўчыц Драгічынскага раёна, наш дарагі
зямляк і сябра – Мікола Панасюк.
А вось у дзевятае выданне
зборніка “Крык немаўляці” уключана эпісталярная перапіска юнага паэта са
школьніцай Яўгеніяй Янішчыц. З яе бачна, што пачынаючая паэтка падбадзёрвае
сябра, дзе-нідзе робіць яму свае заўвагі, дае парады ў напісанні вершаў,
дзеліцца сваімі поспехамі. Мне нават хочацца верыць, што “палеская ластаўка” не
адзін верш прысвяціла Панасюку, хаця адкрыта аб гэтым ў яе лістах не гаворыцца.
Вось, дапрыкладу, верш юнай Яўгеніі, дасланы Міколе: Я не ведаю дня, // Я не
ведаю ночы, // Я шукаю цябе, // Твае
сінія вочы. // І ў кожнай расінцы, // І ў кожнай крыніцы // Мне твая маладосць
// Незабыўнная сніцца. // Я шукаю цябе, // Я шукаю дарогу. // Ты прыйдзі да
мяне, // Маё сонца, трывога. // Я стамілася ўжо, // Калі змерала вёрсты. // Лепш
найдзі ты мяне – // Гэта ж так усё проста. А пад такімі чуллівымі, кранаючымі
радкамі паэтка дапісвае: “Ты, мабыць, злуешся на мяне? Дык не трэба злавацца.
Памятай, што юнацтва – гэта самы неспакойны, узрушаны вір жыцця. Да пабачэння”.
Напрыканцы свайго расповеду хочацца
адзначыць, што дзяржаўныя кіраўнікі вобласці, многіх раёнаў, рэспубліканскіх СМІ
ў сваю чаргу не забывалі пра рупара праўды і ідэй жыцця нашай краіны, заўважалі
яго талент, клопат і адданасць патрэбнай справе, цанілі ягоную нялёгкую працу,
яго недасыпанне і стараннасць і – узнагароджвалі Ганаровымі граматамі,
Падзячнымі пісьмамі, дыпломамі, прэміямі. Дома ў Міколы Васільевіча ўся сцяна
пісьменніцкага пакоя абвешана гэтымі ўзнагародамі. А ў цэнтры іх красуецца Дыплам ад Мінскага Патрыярхата і
Беларускай Праваслаўнай Царквы і Удзячнасць
за плённую працу ў гонар Святой Царквы ад мітрапаліта Мінскага і Слуцкага,
Патрыяршага Экзарха усея Беларусі Філарэта, якімі пісьменнік ганарыцца і
даражыць па-асобліваму.
Не абыходзілі бокам паважанага
майстра слова і сябры ды калегі па пяру. Так, напрыклад, змест зборніка “Як
Божы дар” суправаджаецца вершам-прысвячэннем і выдатнай, грунтоўнай рэцэнзіяй
“Плады перад вачыма” Міколы Бусько, а заканчваецца – шчырым, змястоўным артыкулам
Алены Капачовай “Шукаць і знаходзіць”. Да дзевятага выдання зборніка “Крык
немаўляці” спрычыніўся журналіст Аляксандр Курэц сваім прасторным артыкулам
“Паэтычны пошук на мяжы стагоддзяў”.
І ў заключэнні дабаўлю:
хаця у вершах Міколы Панасюка прама не гаворыцца, але выразна адчуваецца
прыналежнасць ягонай душы да вышэйшай духоўнасці. Бо што б мы ні рабілі тут, на
зямельцы нашай, чым бы ні займаліся – нас бачыць Бог, на нас глядзяць Нябёсы. І
аб гэтым ведае і памятае аўтар. Нездарма ж Гасподзь так шчодра адарыў яго светлым
розумам, літаратурным талентам, стваральнай душой. Як дбайны араты, ён вось ужо
паўвеку з дапамогай пяра і мастацкага слова старанна рупіцца – вядзе сваю
баразну ў высокую паэзію, шукае дарогу да людскіх душаў, пракладае шлях да
любові і міру. Карацей кажучы, імкнецца пакінуць на зямлі глыбокі след
чалавечнасці і светладушша, аддзячыць нябеснаму Творцу за яго вялікую ласку і
міласць да сваёй сціплай чалавечай асобы.
Дык пажадаем і
мы, чытачы і прыхільнікі ягонай творчасці, члены пісьменніцкай суполкі
нястомнаму рупліўцу – моцнага здароўя, доўгага веку, новых поспехаў на
літаратурнай ніве і новых узнагарод за нялёгкую творчую працу!
Надзея Парчук,
член Саюза
пісьменнікаў Беларусі
Наш музыкальный подарок –
песня для юбиляра –
песня для юбиляра –
«МОИ ГОДА – МОЁ БОГАТСТВО»