З дабром і мірам да людзей
Амаль месяц
электронная афіша сайта Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.С.
Пушкіна запрашала аматараў прыгожага пісьменства на літаратурную сустрэчу з
берасцейскім паэтам Міхасём Куляшом. І вось нарэшце 17 лістапада ў прасторнай
зале вышэй названай культурнай установы сабраліся пісьменнікі, паэты, творчая
моладзь, сябры і родныя нашага знакамітага земляка.
Як і належыць у такім выпадку, першаму
слова было дадзена самому паэту, які распавёў пра свой лёс і творчы шлях у
літаратуру. Затым з дапамогай слайдаў пазнаёміў прысутных з тымі мясцінамі, дзе
нарадзіўся і вырас, са сваёй сям’ёй, бацькамі, роднымі, сябрамі, пасля чаго
чытаў свае вершы і пад гармонік выконваў
уласныя песні. Дарэчы, слова ён браў некалькі разоў.
На літаратурнае мерапрыемства завітаў і
старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоль
Крэйдзіч. Як кіраўнік літаратурнай сябрыны ён у сваёй прамове ацаніў аўтара не
толькі як творцу, але і як сумленнага чалавека-грамадзяніна.
Нямала добрых слоў у адрас Міхася Куляша
сказаў і наш старэйшы калега па пяру – таленавіты і вопытны паэт са стажам
Георгій Тамашэвіч. Рыхтуючыся да літаратурнай сустрэчы з рускамоўным паэтам, ён
спецыяльна па-мастацку пераклаў некалькі Міхасёвых вершаў на беларускую мову і
артыстычна зачытаў іх перад гасцямі вечарыны.
Затым слова было дадзена маладой паэтэсе
– Таццяне Дземідовіч, якая цікава і эмацыянальна гаварыла не толькі ад свайго
імя, але і зачытала дасланую прамову Надзеі Парчук, якая была запрошана на
вечарыну, але па стану здароўя не змагла прысутнічаць на ёй.
У прамове давалася поўная, раскрытая
характарыстыка творчасці Міхася Куляша. Пасланне было напісана ёмка і
грунтоўна, з вуснаў Таццяны гучала па-святочнаму шчыра і выразна, словы ліліся,
як звонкая крынічная вадзіца напрадвесні, таму прысутныя слухалі прамоўцу з
увагай і цікавасцю.
“Шаноўныя калегі, паважаныя чытачы,
бібліятэкары, аднадумцы і прыхілінікі прыгожага пісьменства! – пісала паэтка ў
сваім пасланні. – Дазвольце мне па-беларуску шчыра, па-сястрычнаму міла,
па-святочнаму ветла, па-паэтычнаму светла прывітаць вас усіх на сёняшняй
літаратурнай сустрэчы, прысвечанай творчасці
самабытнага, таленавітага паэта, празаіка, перакладчыка Міхася Куляша.
Дарэчы, з гонарам падкрэсліваю – майго земляка. Бо Міхась Іванавіч – з
Іванаўшчыны – сумежнай з маёй роднай Піншчынай.
Але, як гэта часта ў жыцці бывае, хаця
мы з ім, згодна геаграфіі, суседзі ад нараджэння і абое – з падобнымі
легкакрылымі душамі аднак – па волі лёсу сустрэліся, на жаль, толькі напрыканцы мінулага верасня бягучага года. Ён
сам прыехаў да мяне, на мой юбілей, і падарыў свой новы зборнік вершаў “Я ўжо
не той”. Выходзіць, нездарма людзі гавораць, што – усяму свая пара і на ўсё
воля Божая.
Праўда, завочна з Міхасём мы знаёмы
крышку раней: з лета 2015 года, калі з Таццянай Дземідовіч пачалі шукаць вартыя
творы берасцейскіх аўтараў для будучага калектыўнага зборніка. Вось тады мне і
выпаў гонар патэлефанаваць Міхасю і запрасіць у сааўтары будучай калектыўнай
кнігі. Ён з задавальненнем згадзіўся і хутка па электронцы даслаў нам некалькі
сваіх твораў. Прачытаўшы іх, мы з Таццянай зразумелі, што перад намі –
сапраўдная літаратурная знаходка для зборніка, якая не патрабуе ніякага
рэдагавання і паправак. Дасланыя вершы былі кранальна шчырыя, узнёслыя,
меладычныя, усё ў іх па-мастацку было адточана, адшліфавана, адпаліравана, як
кажуць, хоць ты бяры і прама са сцэны спявай, як песні...
Прачытаўшы падораны мне зборнік паэзіі,
пераканалася, што Міхась Кулеш – адзін з самых яркіх і каларытных творцаў нашай
пісьменніцкай берасцейскай суполкі, своеасаблівы, самадастатковы паэт са сваім
уласным голасам, сваім светаадчуваннем, светапоглядам на жыццё, свамі перакананнямі.
Піша Міхась па-сапраўднаму праўдзіва, шчыра, па-майстэрску пранікнёна.
Шматлікія вершы напоўнены эмацыянальнай ўзрушанасцю, ды такой, што ажно за душу
бярэ і слязу выціскае. Вобразы – яскравыя, запамінальныя. Адчуваецца, што лірычны герой, як і сам
аўтар, – шчыры, адкрыты дабразычлівец, светладушны жыццялюб, аптыміст па натуры
і чалавекалюбца. Паэт трымаецца прыгожага класічнга почырку напісання вершаў.
Шкада, што піша толькі па-руску.
Яго зорка на арбіце нашай літ-планеты
з’явілася яшчэ ў пачатку 1970-ых гадоў, а цягу да паэзіі Міхась адчуў у сабе
яшчэ раней. Хутчэй за ўсё, калі ў ягонай душы ўспыхнула першае юнацкае пачуццё
да прыгожай паляшучкі-суседкі ці да прыгажуні-аднакласніцы. Бо часта ў жыцці
бывае, што менавіта першае каханне падштурхоўвае асобу да творчасці, затым
паступова перараджае звычайнага чалавека ў паэта, прымушае яго ствараць
прыгажосць. Але паспрабуй цяпер у Міхася дапытайся, як было на самай справе, –
не прызнаецца, бо жонка дачуецца.
Дык вось жыў сабе малады чалавек,
вучыўся, працаваў, дзяцей вучыў ды яшчэ вершы шчырыя паціху пісаў, а я, як і
многія з вас, дарагія чытачы, пра яго існаванне і дзейнасць нічога не ведала і
нават не здагадвалася. Але, дзякуй Богу, надышоў час, калі я ўжо не толькі сама
ведаю Міхася Куляша як прызнанага паэта-прафесіянала, як майстра паэтычнага
слова, але і з задавальненнем прадстаўляю яго вам, дарагія чытачы, і прапаную
тым, хто не чытаў яго кніг, набыць іх ці ўзяць у бібліятэцы, каб пазнаёміцца з
творчасцю таленавітага паэта родам з Іванаўшчыны. Яго паэзія абявязкова кране
вас да глыбіні душы. Больш таго, некаторым нават стане не толькі літаратурнай
знаходкай, але і паэтычным адкрыццём, звонкай жыватворнай крынічкай душэўнай
красы, чалавечых пачуццяў, крыніцай натхнення і духоўнасці. Вы зразумееце, што
перад вамі не толькі сапраўдны паэт, але і – патрыёт сваёй Радзімы, адданы і
верны сын зямлі беларускай, грамадзянін любай Беларусі, яркая творчая асоба,
якая жадае нам дабра і вечнага міру на зямлі.
Я за мирное
время, в котором живу,
Так
приблизился к прошлой войне,
Словно вижу
Хатынь и рейхстаг наяву,
Слышу залпы
«Катюш» в тишине.
И чем более
лет за моею спиной,
Тем сильнее
тревога берёт.
Белый аист
пусть кружит над мирной страной,
А не чёрный
чужой самолёт!
Як у сапраўднага творцы вершы Міхасёвы
– разнатэмныя. Ім не адмовіш ні ў высокай ідэйнасці, ні ў патрыятызме, ні ў
духоўнасці. Нямала напісана твораў на лірычную тэму, пейзажную, філасафічную,
ёсць і інтымныя вершы, прыпраўленыя дасціпным гумарам, а таксама – прысвячэнні
знаёмым людзям, сябрам, родным. Не адзін верш прысвяціў аўтар і сваёй унучцы
Вікторыі. Гучаць яны асабліва кранальна, па-філасофску заглыблена,
па-роднаснаму чулліва.
Упэўнена, што сёняшняя вечарына
выльецца ў сапраўднае свята не толькі самому паэту, але і прынясе вялікае
задавальненне ўсім прысутным, стане сапраўднай жыватворнай аддушынай, сілкуючым
глытком усім прыхільнікам прыгожага пісьменства, створанага душой Міхася
Куляша”, – закончыла сваю прамову Надзея Парчук.
Добры падарунак паэту зрабіў і вядомы
брэсцкі спявак Аляксандр Пракаповіч: ён напісаў песню на словы М. Куляша і
цудоўна выканаў яе пад гітару.
На вечарыне таксама выступілі вядомыя
берасцейскія пісьменнікі і паэты Мікола Панасюк, Анатоль Брытун, Лідзія
Касачук. Дарэчы, Лідзія Іванаўна зачытала свае прысвячэнні паэту – гумарыстычны
вершаваны твор і акраверш.
Слова бралі і вучні Міхася Іванавіча.
Яны чыталі яго вершы, спявалі песні (асабліва спадабалася ўсім вакалістка Сафія
Удовенка), выказвалі словы падзякі і гонару за свайго таленавітага настаўніка,
віншавалі яго з вышэйшай узнагародай Саюза пісьменнікаў Беларусі – медалём “За
вялікі ўклад у літаратуру”.
І ў заключэнне хочацца сказаць: дык
дзякуй табе, паэце, за стваральную дзейнасць, бясонныя ночы, чалавечую
дабразычлівасць, за імкненне да дабра і хараства, за ўменне дзяліцца з людзьмі
пачуццямі, якія нараджае твая душа! За арганізацыю сягоняшняй літаратурнай
сустрэчы таксама – шчыра дзякуем!
Надзея ЛАДАРАЖАНКА
У час мерапрыемства…
Фотаздымкі
Наталлі АРЦЕМЧЫК
Наталлі АРЦЕМЧЫК
***
А теперь для всех участников
памятного мероприятия
памятного мероприятия
звучит песня
“УРАЛЬСКАЯ РЯБИНУШКА”
Редактор спецвыпуска
Микола ПАНАСЮК
Микола ПАНАСЮК