Вітаў з арбіты родны край
Пятру Клімуку
У Беларусі вёска ёсць –
Завецца Камароўка.
Жыхар яе – Сусвету госць,
Дык пра яго й прамоўка.
Жыў-быў у вёсачцы хлапчук –
Звычайны, бы ўсе дзеці,
З прыгожым прозвішчам Клімук,
З цудоўным імем Пеця.
І мара ў Петрыка была –
Стаць лётчыкам крылатым
Ды ўзляцець вышэй бусла,
Які кружыў над хатай.
Пакуль хлапчына падрастаў,
Пакуль вучыўся ў школе –
Высокай мары не губляў
Ні ў снах, ні ўдзень – ніколі.
Час марна траціць не хацеў…
І вось пара прыспела –
Арліных крыл сабе займеў
І ўвысь рвануўся смела.
І шлях яго зазіхацеў
Стазорнай пазалотай,
Бо дабівацца ўсяго ўмеў
З вялікаю ахвотай.
Да зорак вырвацца жадаў
І ў поспех моцна верыў,
Ды так, што лёс паспачуваў, –
Адкрыў у космас дзверы.
Адтуль вітаў лугі, бары,
Прыбужжам любаваўся,
З бязмежным небам гаварыў
І – на Зямлю вяртаўся.
Ды не адзін раз, ажно тры
Ў Сусвет насілі крылы,
Але матулін дом стары
Вяртаў яго ў кут мілы.
Хоць прыцяжэнне ўсёй Зямлі
Адольваць навучыўся,
Ды вёска, дзе бацькі жылі,
Заўжды радней за высі.
_______________________________
*
Пётр КЛIМУК. Жыццё і подзвіг касманаўта. Мінск. Выд. “Адукацыя і выхаванне”, 2017 – 200
стар.: іл. Серыя “Асобы”