Пачатак новага 2012 года – Года кнігі – парадаваў шчодрым ураджаем: у рэспубліканскім выдавецтве “Літаратура і мастацтва” ўбачыла свет дакументальная аповесць вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Ліпскага “Мужык”. У кароценькай, але інтрыгуючай прадмове да яе лётчык-касманаўт СССР, двойчы Герой Савецкага Саюза Пётр Клімук зазначае: “Яна пра беларуса-мужыка, але не таго цярплівага і забітага працай “пана сахі і касы”, за якога некалі заступіўся народны паэт Беларусі Янка Купала. Кніга Уладзіміра Ліпскага “Мужык” – пра нашага сучаснага мужыка, які навукай і самай перадавой тэхнікай здабывае хлеб. Аповесць гэта пра знакамітага беларускага аграрніка Аляксея Сцяпанавіча Скакуна, які ў сваёй гаспадарцы “Астрамечава” зрабіў казку быллю, пераўтварыў адвечныя мары нашых продкаў-сялян у зямны рай”.
Сам жа герой аповеду, ураджэнец вёскі Дастоева Іванаўскага раёна, цвёрда ўпэўнены, што настаў час, калі трэба разбудзіць у кожным з нас “спячую пупышку”, каб яна стрэльнула жыватворным парасткам. Селянін – кармілец дзяржавы, корань нацыі, яе плоць і ядро душы. Дык чаму ж не даць яму волю, каб ён, селянін-мужык, і вольна, і творча працаваў, і дастойна, па заслугах атрымліваў за сваю гаспадарчую разваротлівасць?
З доляй мужыка…
праз мяжу стагоддзяў
Якраз гэтыя развагі аб самым набалелым, аб самым
запаветным у жыцці нашага знакамітага земляка і сталі для пісьменніка завязкай
твора ў выглядзе сямі пытанняў да свайго героя. Найпершае з іх:
“Хто ён, сённяшні мужык Аляксей Скакун, які так смела заступаецца за селяніна?”
Сапраўды, хто ён?..
Ужо
з першай старонкі аўтар дакументальнага твора здолеў заінтрыгаваць чытачоў. І
тымі ж пытаннямі да свайго героя, і той жа колькасцю яго перыядаў жыцця.
Уладзімір Ліпскі, як цікавы апавядальнік, здолеў іх падлічыць, надаць гэтай
лічбе глыбокі сімвалічны змест. “Бачыце, сем – магічная лічба. Ёй я і
пакарыстаўся, калі пісаў аповесць пра Аляксея Сцяпанавіча Скакуна. Партрэт яго
выпісаны на сямі палетках жыцця. Як бы на іх апусціліся сем колераў нябёснай
вясёлкі. Толькі яны, тыя колеры-фарбы ў майго героя – свае, адметныя,
непаўторныя. Як і ўсё яго жыццё”, - не без захаплення піша аўтар пра мужыка ўжо
новага, XXI стагоддзя.
Яго ж першым палеткам стаў палетак даўніны –
Скакунова крыніца. Яго эпітэтам – афарызм сусветна вядомага пісьменніка Фёдара
Дастаеўскага: “Толькі працай і барацьбой дасягаецца самабытнасць і пачуццё
ўласнай годнасці”. І зноў інтрыгуючы момант у той жа завязцы твора: “…з
бацькоўскай хаты Аляксея Скакуна бачны ўзгорак, дзе некалі стаяў маёнтак дваран
Дастаеўскіх. Дык чаму б гэтую кароткую дарогу не асвятліць промнямі генія
Фёдара Дастаеўскага? Чаму б не пашукаць і ў занятку нашага героя, дастоеўца Скакуна, свае адметныя
вартасці, сваю паэзію сялянскай працы?” І каб гэта найбольш пераканаўча здзейсніць,
аўтар аповеду вырашыў зазірнуць у дастоеўскі след Дастаеўскіх, у далёкі 1452
год, калі згаданая вёска ўпершыню ўпамінаецца ў складзе Пінскага княства.
Пісьменніка-дакументаліста
асабліва зацікавіў дакумент, выдадзены пінскім князем Фёдарам Яраславічам.
Паводле гэтай граматы, менавіта ён падарыў Данілу Іванавічу Ірцішчавічу
некалькі дворышчаў – у вёсках Дастоева, Востраў, Полкацічы, Парэчча і Моладава.
Такім чынам Ірцішчавічы пасяліліся ў абжытай мясціне, сярод найбольш паважаных
і дастойных людзей, якіх пінскі князь сяліў у Дастоеве. Неўзабаве і самі
Ірцішчавічы пачалі называць сябе Дастоеўскімі, а заадно і пісаць гэтак у
дакументах. Адсюль пайшоў род, які потым найбольш уславіў Фёдар Дастаеўскі, які
нарадзіўся ўжо ў Маскве, у сям’і лекара.
Адначасова
пісьменніка цікавяць і такія пытанні: адкуль, калі з’явіліся ў Дастоеве
Скакуны, хто з іх пачынальнік роду, бо, паводле яго слоў, у мужыкоў біёграфаў
не было. Яны часам не ведалі свайго дня нараджэння, а ў спадчыну перадаваліся
толькі мазольная праца, найбольш значныя ды агульныя звесткі аб нялёгкім
сялянскім жыцці. І гэтак з веку ў век, з роду ў род. І ўсё ж Уладзіміру
Ліпскаму пашанцавала адшукаць Скакунова радаслоўнае дрэва – ад каранёў у сёмым
калене да магутнай кроны з шырокімі галінамі ды сакавітым лісцем. А дапамаглі
яму ў гэтым кандыдат філалагічных навук Галіна Аляксееўна Скакун, аднавяскоўцы
з Дастоева, гістарычныя архівы.
Займальна
аднавіў мастацкімі сродкамі аўтар твора і першы дзень вясны, дарэчы, у Божую
пятніцу, калі род Скакуноў абагаціўся хлопчыкам, якога тут жа, у сялянскай
хаце, ахрысцілі Аляксеем.
Вось
толькі невялічкі абразок, які сведчыць аб тым, што дакументальны твор памерам у
216 кніжных старонак з фотаілюстрацыямі напісаў сапраўдны майстар мастацкага
слова. Маецца на ўвазе самы адказны, а заадно і трапяткі момант у жыцці
вясковай сям’і, калі роды ў цяжарнай жанчыны прымае “народная акушэрка” –
бабка-павітуха. Такой у суседняй Вульцы ў пасляваенны час была бабуля Зайчыха,
якая ведала шмат народных прыказак і прымавак, мела сваіх сямёра дзяцей. Вось і
ў той дзень, калі ў Скакуноў нарадзіўся хлопчык, “першай яго благаславіла
павітуха. Яна спаласнула немаўля ў начоўках з цёплай вадой, перавязала
пупавіну, адрэзала яе, прамовіла:
-
Хто ў пятніцу нарадзіўся, той да ўсяго згадзіўся.
Зайчыха
мела звычку прыкладваць нешта да пупавіны, верыла, што гэта вызначала далейшы
лёс дзіцяці. Прыкладзе серп – вырасце жняёй вопытнай, прыкладзе грошы – будзе
багаты. Да пупавіны Алёшкі павітуха прыклала тое, што было пад рукой, што
ляжала на стале – аловак і скібку печанага хлеба, прагаварыла:
-
Хай жа ваш сынок, Вера і Сцяпан, з розумам здабывае хлеб!
Зайчыха,
добрая душа, пацалавала хлопчыка, спавіла і перадала Веры дарагі скарб.
-
Беражы! Гадуй, вырасці заступніка зямлі!.. Мужыка не кажух грэе, а сякера. Не будзе
аратага, не будзе і багатага…”
Вобразны
выклад канкрэтных жыццёвых фактаў, іх абагульненне – бадай, найпершы творчы
набытак пісьменніка, на які хачу звярнуць увагу нашых чытачоў. А гэта –
мудрасць, дасціпнасць беларускіх народных прыказак і прымавак, іх яркія ды
жывыя фарбы. Вось і бабка-павітуха, едучы з Вулькі ў Дастоева “на калёсах” з
дзедам Васілём, яго ж і падганяе: “Гані каня, не шкадуй, бо роды не выбіраюць
пагоды”.
Так
1 сакавіка 1946 года ў бацькоў Веры і Сцяпана, у хаце дзеда Васіля, нарадзіўся
Лёша Скакун з крыху загадкавым, але гучным прозвішчам. З гэтай нагоды
дапытлівасць пісьменніка-дакументаліста не мае межаў. У першую чаргу пасля
народзін свайго героя яго цікавіць: ну, які далёкі продак падарыў яму, Аляксею,
такі “пашпарт”? У чым яго вытокі? Што перадалося Скакуну з гэтым прозвішчам? І,
уважліва выслухаўшы многіх вяскоўцаў, робіць наступны вывад: відавочна, што
старажытная прафесія Скакуноў звязана з канём – вернай рабочай сілай мужыка,
асноўным рухавіком яго працы, абароны, жыцця.
Цяпер
яму, ужо не дастоеўскаму хлопчыку, а паважанаму Аляксею Сцяпанавічу Скакуну, -
66. Ён найперш – старшыня СВК “Астрамечава” Брэсцкага раёна, Заслужаны работнік
сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, кандыдат эканамічных навук…
Гэты
прамежак часу Уладзімір Ліпскі вымярае не пражытымі гадамі – ад нараджэння да
сталасці, а сямю палеткамі: палеткам жоўтай даўніны, палеткам зялёнага юнацтва,
палеткам аранжавых надзей, палеткам чырвоных пошукаў, палеткам сіняй сініцы,
палеткам фіялетавых трывог і палеткам блакітнага космасу. І на кожным з іх
пісьменнік заўважыў тое, чаго не змог адшукаць ніхто з яго калег. Доказна,
па-мастацку выверана сапраўдны майстар слова паказвае, як беларускі мужык,
некалі “пан сахі і касы”, уздымаецца да вяршынь навукі і новых земляробчых
тэхналогій, з якой любоўю шчыруе на родных палетках.
Аляксей
Скакун не збег з пасляваеннай вёскі, калі ўсе валам ляцелі на гарадскі асфальт,
а хацеў працаваць у ёй, каб да баразёнкі ўзараць зямельку, каб да травінкі
скасіць сенажаць, каб да зярнятка абмалаціць колас. Хацеў, каб у кладоўцы мука
напаўняла бочкі, каб у кубельцы ляжала сала, каб кумпяк закопчаны вісеў, а
гуркі ды грыбы засоленыя ў дзежках стаялі. Натуральныя і самыя запаветныя
жаданні вясковага мужыка! І тут патрэбна быць яшчэ і акуратным, і добрым, і
ашчадным, і рухавым. Аляксей Скакун вучыўся гэтаму з самага маленства. А
таксама ў Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце, калі працаваў у калгасе
“Маладая гвардыя” Іванаўскага раёна (ужо з дыпломам аб вышэйшай адукацыі)
галоўным заатэхнікам, дняваў і начаваў на ферме…
Гэта
цяпер ён, Аляксей Скакун, да таго ж яшчэ і член-карэспандэнт Акадэміі аграрных
навук, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ з 2000-га года, нарэшце,
член Саюза пісьменнікаў Беларусі, а тады, пад час працы ў “Маладой гвардыі”,
было зусім іншае. Аляксей і яго Валянціна, жонка-красуня, завялі сваю
гаспадарку – набылі курэй, качак ды двух парсючкоў. Аднаго гадавалі для сябе, а
другога – на продаж: вырашылі будаваць уласны дом. Сямейную буслянку збівалі з
любоўю, няспешна. З гэткай жа любоўю Уладзімір Ліпскі піша і пра сваіх маладых
герояў, піша праўдзіва і займальна. Аўтар гэтых радкоў сам у той час працаваў у
Іванаўскай раённай газеце, дзе ўпершыню ў яе рэдакцыі і пазнаёміўся з Аляксеем
Скакуном. Пасля той незабыўнай сустрэчы калгасны спецыяліст, а потым і намеснік
старшыні праўлення гаспадаркі, пачаў знаходзіць час, каб актыўна супрацоўнічаць
з “раёнкай”. Фотаздымкі, зробленыя нашым няштатным карэспандэнтам, прыцягвалі ўвагу
чытачоў сваёй непасрэднасцю, арыгінальнасцю і майстэрствам. Так мы пасябравалі,
і на-заў-сё-ды!
Неўзабаве
Валянціна нарадзіла першае немаўля – дачку назвалі Эмай. І ў гэтым аўтар
дакументальнай аповесці “Мужык” знаходзіць значнасць урачыстай падзеі, якая
адбылася ў жыцці Скакуноў ужо маладога пакалення. Нараджэнне дзіцяці надало
мужу і жонцы новы статус. Іх жыццё скіравалася ў бок лёсу пакуль яшчэ
бездапаможнага “буслянятка”, яго будучыні. Пасля на свет з’явіўся сын Андрэйка…
Яшчэ
больш значнай старонкай жыцця Аляксея Скакуна стала старшынёўства ў калгасе
“Дружба”. Першы працоўны дзень у ім супаў з днём нараджэння. Было гэта 1
сакавіка 1975 года. Такі немалаважны факт Уладзімір Ліпскі прыпадносіць чытачам
зноў жа як сапраўдны творца: “Новаму, пятнаццатаму старшыні калгаса ў Сачыўках,
споўнілася дваццаць дзевяць гадоў. У гэты дзень ён прымаў справы ў старшыні
Варашылава, пры якім гаспадарка апусцілася на апошняе месца ў раёне, стала
адстаючай па ўсіх паказчыках вытворчасці.
Дасціпныя
вяскоўцы з гэтай нагоды “спяклі” новы жарт:
-
Сам “маршал” Варашылаў не разварушыў мужыкоў. Прыскакаў Скакун – па ўсіх
калгасах гарцун”.
А
ён, гэты самы “гарцун”, так узяўся за калгасныя справы, што неўзабаве аб ім з
пахвалой загаварылі на шматлікіх вытворчых нарадах самі людзі. Менавіта за
ўзнясенне “Дружбы” на раённую арбіту гаспадарцы ўручылі пераходны Чырвоны сцяг
Брэсцкага абкама партыі і аблвыканкама, а старшыні калгаса – Ганаровую грамату
Вярхоўнага Савета БССР. Так пачынаўся яго шлях да прызнання, які вельмі часта
быў кувыркастым, а праца – потнай і бяссоннай, вытрымка – жалезнай, вера –
надзейнай. Нельга не пагадзіцца з пісьменнікам і ў тым, што да любых
выпрабаванняў Аляксей Сцяпанавіч меў гатоўнасць, бо ў характары выпрацаваў тры
асноўныя якасці: хацеў, мог і ўмеў працаваць на зямлі. Праз пяць гадоў яго,
старшыню ў мінулым “хвастатага” калгаса, прызначылі начальнікам
сельгасупраўлення Іванаўскага райвыканкама, але і тут Аляксей Сцяпанавіч доўга
не затрымаўся…
А
вось усеагульную і вельмі дакладную ацэнку Мужыку з вялікай літары ды ў самым
шырокім сэнсе гэтага слова выставіла ў сваім вершы-прысвячэнні вядомая паэтэса,
лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Раіса Баравікова:
Дол мятаю і рутаю настоены,
туман над лугавінай, што паркаль…
Шлях пачынаўся з вёсачкі Дастоева,
цяпер па шырыні ён – магістраль!
Як водарна ад мёду і ад печыва!
Збіраюць люд палескі кірмашы,
дзе залацінкай ззяе Астрамечава,
дзе плён – для сэрца,
радасць
– для душы!
Зайграе ранак на сваёй жалейцы,
узыйдзе промняў сонечная раць.
О! Як глядзяцца гожа берасцейцы,
і гэтае красы
ў іх не адняць.
У плыні дзён няўтомных і няспынных
бы з залатога выткуцца руна
і песні ўсе, і слоў высокіх гімны
у гонар Аляксея СКАКУНА!
Мікола ПАНАСЮК
Працяг будзе