Неўзабаве пасля таго, як “Мужык” быў
прэзентаваны ў сталіцы краіны, атрымаў першыя водгукі чытачоў і асобных
крытыкаў, Аляксей Скакун запрасіў аўтара гэтых радкоў паехаць у СВК “Бакунова”
– ранейшы калгас “Дружба”. Тут у гэты зімовы дзень адбыўся справаздачны сход:
на ім з дакладам выступіў яго старшыня Іван Гарбачык. Ён з самага пачатку і
запрасіў свайго папярэдніка ў прэзідыум. Якраз у гэты момант нагадалася многае
з мінулага, калі ў адстаючай “Дружбе” сеялі насеннем нізкай якасці, збіралі
слабенькія ўраджаі, а шэсць дзесяткаў вясковых мужыкоў ехалі на “шабашку” ў
Сібір, на цэлае лета пакідаючы сем’і, родныя вёскі.
Старэйшы аграрнік
краіны, ён жа таленавіты фотарэпарцёр
Аляксей СКАКУН з лётчыкам-касманаўтам СССР
Пятром КЛIМУКОМ
Аляксей СКАКУН з лётчыкам-касманаўтам СССР
Пятром КЛIМУКОМ
Выпрабаванне ў Сачыўках
Скакун пазней
сабраў людзей у будаўнічыя брыгады, забяспечыў патрэбным аб’ёмам работ;
зацікавіў важкім заробкам. Амаль адначасова па яго ж прапанове сто дваццаць
гектараў лепшых зямель адвялі пад гародніну, у тым ліку амаль палову пад
цыбулю, астатнія – пад капусту і агуркі. Стварылі спецыялізаваныя звенні,
збудавалі пятнаццаць парнікоў для расады памідораў, а таксама свой кансервавы
завод, які выпускаў больш за два дзесятка відаў прадукцыі ў шкляных слоіках.
Калгасная каса папаўнялася грашыма, а людзі не маглі нарадавацца: у Сачыўках
неўзабаве збудавалі гандлёвы цэнтр, сучасны адміністрацыйны будынак,
двухпавярховую школу, утульныя дамы для калгаснікаў, якіх забяспечылі блакітным
палівам, газавымі плітамі. Пра Скакуна тады казалі: “Ён такі прабіўны, як трава
на асфальце”. Надзвычай дакладнае параўнанне, і такіх у пісьменніка Уладзіміра
Ліпскага шмат, як і прымавак, невялічкіх народных баек, жывых дыялогаў. І гэта
невыпадкова. І вось па якой прычыне.
Скакуноў
роздум над жыццём найперш сягаў да практыкі продкаў з лапатай і плугам. Стагоддзямі
мужыковай навукай заставаліся павер’і, назіранні, прадказанні. Некаторыя з іх
яму вельмі падабаліся, і ён іх помніў. “Ранняя птушка зубкі прачышчае, а позняя
вочкі працірае”. Гэтую мудрасць засвоіў вельмі рана, яшчэ на досвітку свайго
жыцця. Навучыўся прачынацца разам з курамі, якія сакаталі пра знесенае яйка,
разам з каровай-карміліцай, якая рыкала, прасіла выдаіць малако, разам з
жаўрукамі… Яму, ранняй птушцы, першаму траплялі маміны пачастункі – блінцы,
кубачак сырадою, свежае яйка. Рана зразумеў Аляксей, што селяніну позна спаць –
з зямлёй не сябраваць, а вочкі праціраць, калі ўсе на нагах, - несусветны
сорам”, - пільным вокам заўважае пісьменнік, захапляючы сваіх чытачоў і
сакавітай беларускай мовай, і мудрымі разважаннямі.
Амаль тры гады
працаваў Уладзімір Ліпскі над сваім творам – яго ўпартасці можна толькі
пазайздросціць! Пастаянна жывучы і працуючы ў Мінску, ён, апантаны творчай
ідэяй, у любую пару года прыязджаў у Астрамечава, а калі неабходна было, імчаў
у Дастоева, сустракаўся з тутэйшымі вяскоўцамі, блізкімі родзічамі свайго
героя, зноў вяртаўся ў Мінск з новымі ўражаннямі…
Пісьменнік-дакументаліст
па-майстэрску, як бы засцерагаючы свайго героя аповесці і яе чытачоў ад
магчымых жыццёвых няўзгод, выкарыстоўвае ў кожным яе раздзеле эпітэты з
мудрымі, найбольш важкімі думкамі таго ж сусветна вядомага пісьменніка Фёдара
Дастаеўскага. Яны – бы яркія пункціры, якія вызначаюць сюжэтную лінію твора.
Вось адзін з іх, што пазначаны пад раздзелам “Бязбожная зямля”: “Кожная
хвіліна, кожнае імгненне жыцця павінны быць асалодай для чалавека”. І не толькі
для яго. З гэтай нагоды некалі, у дзяцінстве, мая маці з вёскі Галоўчыцы Драгічынскага
раёна казала:
Жабку заб’еш – памрэ матуля,
Бусла заб’еш – памрэ татуля,
Заб’еш павучка – памрэ дзядуля,
Заб’еш мурашку – памрэ бабуля.
І ніхто з
дзяцей, жывучы на хутары, а пазней з унукаў ды праўнукаў не чапаў гэтых і іншых
жывых істот. З самага маленства далікатна ставіўся да ўсяго жывога на зямлі і Аляксей
Скакун. Ведаў і пра тое, што прафесія з ягоным прозвішчам звязана з канём –
надзейнай рабочай сілай мужыка, асноўным рухавіком яго працы, абароны, жыцця.
Пераехаўшы на
працу ў Астрамечава, Аляксей з першых крокаў па гэтай зямлі, зацікавіўся тайнай
тутэйшах вяскоўцаў: і чаму яе называлі бязбожнай, і чаму тут, пад Брэстам, так
шмат хутароў, віхлястых палявых дарог і сцежак, незасеяных астраўкоў. Але
найперш разгадаў тайну махровай бязбожнасці, страты веры людзей і духоўнасці
ўжо ў хуткім часе пасля ваеннага ліхалецця. Аказваецца, старажытная Пакроўская
царква была часткова разбурана, аднак, як вялікі здзек над вяскоўцамі, пад яе
ранейшымі купаламі знайшлося месца для крупадзёркі і склада. І такое здарылася
на зямлі тутэйшага філосафа, педагога і ваяра Казіміра Лышчынскага, які
нарадзіўся за трыста гадоў да з’яўлення на свет Скакуна, і які, жывучы ў сваім
маёнтку, спраўна вёў гаспадарку на вотчынных землях, ён жа арганізаваў школу
для дзяцей мясцовай шляхты, а таксама для сялянскіх нашчадкаў. Тут, у Лышчыцах,
і настаўнічаў, і ў часы адзіноты, роздуму і творчых усплёскаў пісаў філасофскі
трактат аб каштоўнасцях сусвету, аб ролі чалавека на пакутнай з веку ў век
зямлі.
Уладзімір
Ліпскі, апавядаючы аб гэтым, невыпадкова звяртаецца да гістарычных крыніц,
звязаных з жыццём і трагічным лёсам слыннага сына Беларусі, думак і разважанняў
свайго героя на гэты конт. Толькі ён, старшыня калгаса “Памяць Ільіча”, мог
аднавіць веру тутэйшых людзей у справядлівасць, навесці элементарны парадак на
зямлі, уславіўшы яе высокімі ўраджаямі.
Тэзіс першага
НЭПа быў простым і зразумелым: чалавеку патрэбен хлеб, а ніве – яго пот, душа і
мудрасць. Але дагэтуль новы старшыня аб’ехаў усе палеткі, зрабіў шмат
фотаздымкаў для нагляднасці – дзе, як і што рабіць, а пасля прыняў рашэнне:
амаль усе іх найперш неабходна ачысціць ад камення, а сотні гектараў ворыўных
зямель пазбавіць адасобленых хутароў, далучыць іх гаспадароў да актыўнага
вясковага жыцця.
Вось такім
значна пазней убачыў маладога кіраўніка сталічны пісьменнік: “Тры восеньскія
дні правёў я ў Астрамечаве. Неспешна хадзіў па шаснацацці вуліцах, а гэта –
Маладзёжная, Дружбы, Юбілейная, Брэсцкая, Новая, Свабоды… Пабываў у магазінах,
Доме культуры, у Шлюбным палацы, у кафэ, у бібліятэцы… Усюды міла, спакойна,
прыгожа”. Пасля гэтых слоў утульней становіцца на душы, лагаднее сэрца,
мацуецца вера ў заўтрашні дзень, як, дарэчы, і малітвай Скакуна: “Дай Бог
прыбавак у надоях, прывагах, ураджаях, у сем’ях, у зарплаце, у здароўі”. І гэта
не гучныя словы, бо, як заўважае далей пісьменнік, сваю малітву тутэйшы
кіраўнік лучыць з паўсядзённай строгасцю і патрабавальнасцю да кожнага з тысячы
працуючых. Праўда, знайшліся з іх і такія, якія напісалі скаргу на імя
Генеральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова, і толькі за тое, што ён
“прымушаў” хутары пераязджаць у вёскі, не даваў спуску лайдакам ды п’яніцам,
адным словам, навязваў “дыктатарскія” метады кіравання.
Добра памятае,
як непакоіўся тады Аляксей Скакун за свой далейшы лёс, як не знаходзіў месца ў
сваім службовым кабінеце, як шукаў маральнай падтрымкі ў сваіх сяброў. Трэба ж!
Спачатку нейкія зламыснікі напісалі ліст Міхаілу Гарбачову, а потым паслалі
такі ж наўздагон Прэзідэнту ЗША Рональду Рэйгану ў Вашынгтон. Такога ўжо яўнага
здзеку малады кіраўнік не чакаў. А тут прыехала яшчэ і камісія правяраючых, а з
вёскі ў вёску папаўзлі плёткі, што Аляксея Скакуна ўжо вельмі хутка здымуць з
пасады, “адчэпяць” з яго пінжака значок дэпутата Вярхоўнага Савета БССР,
аддадуць пад суд. Гэты эпізод Уладзімір Ліпскі даволі падрабязна ды праўдзіва
апісвае ў асобным раздзеле “Скарга Гарбачову і Рэйгану”. Ён і з’яўляецца
кульмінацыйным у развіцці сюжэта твора. Калі дакладней, то гэта той самы момант, калі яго герой прапанаваў кантралёрам
разам паехаць у тыя вёскі, дзе многія калгаснікі быццам бы падпісалі пісьмо,
пагутарыць з імі.
- Хачу зірнуць
людзям у вочы. Мой дзед некалі казаў: “Добрыя вочы дыму не баяцца”, - і
менавіта з гэтага моманту аповеду напружанне ў развіцці падзей пайшло на спад:
у Лышчыцах адшукалі чалавека, які першы паставіў свой подпіс пад скаргай, а
потым былі іншыя, - сфабрыкаваныя супраць яго асобы, але кім? Маладой жанчынай,
якая сама працавала ў канторы калгаса, потым – загадчыцай сельскага клуба, а пазней
шукала работы ў Брэсце…
Гэта яна і
завяла старэнькіх дзядулек ды бабулек у зман. Вось толькі адзін дыялог, які
яскрава сведчыць пра гэта. Правяраючыя пыталіся:
− Вы чыталі
ліст, пад якім распісваліся?
−Дзетачкі, я
слаба чытаю. Сказалі: “Вам трэба шыфер, каб хату перакрыць?” Кажу: “Ага,
трэба”. – “Дык вось мы падрыхтавалі просьбу Скакуну, каб выдзяліў без грошай
шыферу ўсім ветэранам”. “О, за гэта я распішуся абодзвюма рукамі!..”
Потым быў суд.
Ананімшчыцу пакаралі грашовым штрафам. Здавалася, – усё, пастаўлена кропка. Але
тая ж самая ананімшчыца, якая раней працавала ў калгасе інспектарам па кадрах
даслала пісьмо ўжо на імя самога Аляксея Скакуна: “Я абяцаю вам, што прыму ўсе
меры, каб справу ўзбудзіць нанова. Буду дзейнічаць метадычна ад інстанцыі да
інстанцыі, ажно ў Пракуратуры СССР. Я б магла пагадзіцца на маўчанне, калі вы
заплаціце мне 3,5 тысяч рублёў. Для вас гэта – нішто”.
Уладзімір
Ліпскі меў рацыю, калі ўвёў у свой дакументальны аповед вось гэтую канфліктную
сітуацыю, якая забрала ў яго героя не толькі шмат часу, але і душэўнага спакою,
здароўя. Менавіта ў ёй выразна
праявіліся многія станоўчыя рысы характару Аляксея Скакуна, яго
неаспрэчныя здольнасці як маладога кіраўніка, які мог адстайваць агульныя
інтарэсы. У кожнай брыгадзе, на фермах прайшлі сходы калгаснікаў. У іх рабоце
прынялі ўдзел каля дзевяцісот чалавек, і
ўсе без выключэння падтрымалі свайго важака, паверылі, што ён правільным курсам
вядзе калгасны карабель, умела падбірае кадры. Але многае, вельмі многае,
патрэбна было яшчэ зрабіць, і пісьменнік-дакументаліст разам са сваім героем
стварае праўдзівы летапіс жыцця нашага сучасніка, а праз яго асобу – усяго
працоўнага калектыву адной з буйнейшых гаспадарак прыгранічнага Прыбужжа.
Мікола ПАНАСЮК
Заканчэнне будзе.