З Днём нараджэння і Незалежнасці
віншуем Вас, шаноўны Васіль Андрыянавіч!
віншуем Вас, шаноўны Васіль Андрыянавіч!
Напярэдадні дня Незалежнасці Рэспублікі
Беларусь сябры Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі
павіншавалі найстарэйшага літаратара творчай суполкі Васіля Андрыянавіча
Ліцвінчука не толькі з надыходзячым усенародным святам нашай краіны, але і з
яго 87-годдзем! Пажадалі нястомнаму творцу мастацкага слова моцнага здароўя,
шчаслівага даўгалецця, творчага плёну, дабрабыту і мірнага неба!
Нарадзіўся Васіль Андрыянавіч 1 ліпеня 1930 года ў
сялянскай сям’і ў вёсцы Галік Драгічынскага раёна. Яго бацька быў арганізатарам
партызанскай групы і загінуў у сутычцы з фашыстамі ў 1944 годзе, маці памерла ў
партызанскім атрадзе імя Шыша ў 1943-м. Будучы пісьменнік скончыў два класы
польскай школы, тры − савецкай. А з 1943 года, будучы падлеткам, апынуўся ў
партызанскім атрадзе. Быў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”.
Пасля вызвалення
Беларусі вучыўся ў Драгічынскай СШ № 1. Сваё дарослае жыццё пачынаў з працы
літсупрацоўніка радыёвяшчання ў Драгічыне. Далей быў сакратаром Антопальскай
райгазеты “ПЕРАМОГА”, рэдактарам шматтыражкі пры палітаддзеле Антопальскай МТС,
намеснікам рэдактара і рэдактарам Драгічынскай раённай газеты. У 1960-м –
скончыў факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта імя Леніна, пасля чаго
ўзначаліў Лунінецкую раённую газету.
З 1970-га – другі
сакратар Лунінецкага РК КПБ, а з 1974-га – старшыня райвыканкама. З 1983 па
1991 – начальнік упраўлення Брэсцкага аблвыканкама па справах выдавецтваў,
паліграфіі і кніжнага гандлю. З гэтай пасады пайшоў на заслужаны адпачынак.
Васіль Андрыянавіч
узнагароджаны шматлікімі ардэнамі і медалямі СССР, Ганаровымі граматамі Савета
Міністраў БССР. У 1992 годзе выдаў дакументальную аповесць пра мужнасць і
гераізм партызанскага атрада Пінскага і Брэсцкага злучэння ў гады Вялікай
Айчынай вайны пад назвай “Там, за Днепра-Бугам”.
Дапоўненыя выданні кніг выйшлі ў 2005 і 2008-2009
гг. У 2009 годзе пабачыла свет кніга Васіля Андрыянавіча “О времени, о
людях, о себе“.
Разам з жонкай Ірынай Адамаўнай ён сустракаў гасцей-пісьменнікаў
на парозе сваёй утульнай кватэры. Муж і жонка праз усё жыццё пранеслі свае
добрыя пачуцці і адносіны, збераглі цеплыню сямейнага саюзу, выгадавалі сына і дачку, выхавалі іх руплівымі і
спагадлівымі людзьмі. Сёння ж радуюцца поспехам сваіх унукаў, росквіту роднага
Палесся.
Напряцягу ўсяго жыцця пісьменнік выконвае наказ
свайго бацькі, які загінуў у барацьбе з ворагам амаль перад вызваленнем
Беларусі ад нямецкай-фашысцкай навалы, – жыць
дастойна, заставацца сейбітам дабрыні, справядлівасці і любові да Радзімы.
Таццяна ДЗЕМIДОВIЧ,
.