Акцыя «Лета з добрай кнігай»
у палескай глыбінцы
У рамках
рэспубліканскай акцыі «Лета з добрай кнігай» 21 чэрвеня ў Мачульскай базавай
школе, што знаходзіцца ў Столінскім раёне, адбылася цікавая сустрэча
настаўнікаў і вучняў Давыд-Гарадоцкай СШ №2 з паэтэсай Галінай Бабарыка. Кожны
год вучні з настаўнікамі ўдзельнічаюць у велапрабегах. Сустрэчы з паэтэсай
праводзіліся і раней, але цяпер новае пакаленне «гарадчукоў» прыехала на
мерапрыемства.
Напачатку настаўнік гісторыі з Давыд-Гарадка Генадзь
Басавец прадставіў паэтэсу. Галіна Бабарыка пазнаёміла прысутных з
выдадзенымі асабістымі і калектыўнымі зборнікамі, расказала аб перамогах у
паэтычных конкурсах, прачытала вершы з апошняй кнігі «Дарога ў восень». Паэтэса
расказала як прыйшла ў літаратуру, што рэкамендацыю ў Саюз пісьменнікаў
Беларусі ёй даў Уладзімір Карызна, паэт-класік, адзін са стваральнікаў
беларускага гімна, чым яна вельмі ганарыцца.
Сустрэча адбылася напярэдадні 22 чэрвеня, таму найперш
гучалі пранікнённыя вершы на ваенную тэму, верш-пажаданне «Наказ
маці». Ярка і вобразна гучалі вершы з цыклу пейзажнай лірыкі пра восень –
любімую пару года паэтэсы. Для таго, каб удзельнікі велапрабегу даведаліся пра
гісторыю яе роднай вёскі, Галіна Бабарыка зачытала вершы «Мачуль» і
«Моўства – рэчанька мая».
Аўтарка піша не толькі вершы, але і кароткія
апавяданні, выступае ў ролі журналіста, любіць пісаць пра людзей, пра розныя
цікавыя падзеі. На такіх сустрэчах Галіна Бабарыка звычайна чытае некалькі
сваіх гумарыстычных апавяданняў, напісаных на мясцовым матэрыяле. Моладзь з
цікавасцю слухала, разглядала кнігі.
Зацікаўленыя вучні задавалі многа пытанняў пра творчыя
планы, любімыя вершы. Прасілі прачытаць творы, напісаныя ў дзяцінстве.
Генадзь Басавец спытаў пра сяброўства, знаёмства з
«гарадчукамі»-землякамі Георгіем Марчуком і Леанідам Дранько-Майсюком, якія
дарэчы заканчвалі СШ №2 Давыд-Гарадка. Паэтэса расказала пра сустрэчы, сувязь
па тэлефоне і на Фэйсбуку з вядомымі літаратарамі-выхадцамі са Століншчыны. Ды
распавяла пра сяброўства з Вольгай Шпакевіч,якая таксама родам з гэтай
мясцовасці.
На развітанне на ганку школы быў зроблены памятны
фотаздымак. Школьнікі і настаўнікі выказалі шмат цёплых слоў-пажаданняў у адрас
паэтэсы.
Таццяна ДЗЕМIДОВIЧ,
старшыня Брэсцкага абласнога
аддзялення Саюза
пісьменнікаў Беларусі
аддзялення Саюза
пісьменнікаў Беларусі