Так назвала свой
верш, змешчаны ў новай кнізе “Пётр КЛІМУК. Жыццё і подзвіг касманаўта”, вядомая
беларуская паэтэса Надзея Парчук. Цяпер яна жыве ў Брэсце. Тым не менш, у
мінулым годзе, рыхтуючы свой рукапіс да гэтага кніжнага выдання, яна мела
магчымасць пагутарыць па тэлефоне з нашым славутым земляком – першым беларускім
касманаўтам. А хутка напісала і паэтычныя радкі, прысвечаныя герою космасу:
***
Пятру
Клімуку
У Беларусі вёска ёсць –
Завецца Камароўка.
Жыхар яе – Ўсяленнай госць,
Дык пра яго й прамоўка.
Жыў-быў у вёсачцы хлапчук –
Звычайны, бы ўсе дзеці,
З прыгожым прозвішчам Клімук,
З цудоўным імем Пеця.
І мара ў Петрыка была –
Стаць лётчыкам крылатым
Ды ўзляцець вышэй бусла,
Які кружыць над хатай.
Пакуль
хлапчына падрастаў,
Пакуль вучыўся ў школе –
Высокай мары не губляў
Ні ў снах, ні ўдзень – ніколі.
Час марна траціць не хацеў…
І вось пара прыспела –
Арліных крыл сабе займеў
І ўвысь рвануўся смела.
Упершыню верш “Вітаў з арбіты родны край” аўтарам гэтага артыкула быў зачытаны
ў 21-ы дзень сакавіка – Сусветны дзень паэзіі– у бібліятэцы “Юнацтва” імя
Уладзіміра Калесніка. Адбылася літаратурная сустрэча па ініцыятыве дырэктара
ўстановы Алены Ігнацьевай, а затым да яе далучылася яшчэ і старшыня Брэсцкага
абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч.
Так вучні 6 “А” класа СШ № 24 г. Брэста з першых вуснаў пачулі пра нашага
знакамітага земляка з вёскі Камароўка Брэсцкага раёна, які тройчы пабываў на касмічнай
арбіце. Вельмі прыемна і тое, што верш упершыню быў надрукаваны ў вышэй
упамянутай кнізе. Выпускалася яна рэспубліканскім выдавецтвам “Адукацыя і
выхаванне” (дырэктар Мікалай Супрановіч). Гэта дзякуючы яму ілюстраванае
выданне адначасова на беларускай і рускай мовах убачыла свет у кароткі тэрмін –
да 75-годдзя нараджэння касманаўта. З гэтай нагоды хацелася б працытаваць верш
да канца:
І шлях яго зазіхацеў
Стазорнай пазалотай,
Бо дабівацца ўсяго ўмеў
З вялікаю ахвотай.
Да зорак вырвацца жадаў
І ў поспех моцна верыў,
Ды так, што лёс паспачуваў, –
Адкрыў у космас дзверы.
Адтуль вітаў лугі, бары,
Прыбужжам любаваўся,
З бязмежным небам гаварыў
І – на Зямлю вяртаўся.
Ды не адзін раз, ажно тры
Ў Сусвет насілі крылы,
Але матулін дом стары
Вяртаў яго ў кут мілы.
Хоць прыцяжэнне ўсёй Зямлі
Адольваць навучыўся,
Ды вёска, дзе бацькі жылі,
Заўжды радней за высі.
Незадоўга да літаратурнай сустрэчы ў вышэй названай бібліятэцы аўтар гэтага
допісу сустрэўся з Надзеяй Парчук і
задаў пытанне:
– Надзея Мікалаеўна, скажыце, калі ласка, Вы калі-небудзь прысвячалі вершы касманаўтам,
тым больш, што ў абласны цэнтр, дзе ўстаноўлены бюст Пятра Клімука, прыехалі з
невялічкай вёскі Ладараж?..
– Не, ніколі. Лічыла, што гэта не
мая тэма, а дакладней – недасягальная для мяне. Дый сама прафесія касманаўта –
мужная, складаная, а значыць, больш мужчынская, чым жаночая. А вось будучы
вучаніцай 6-га класа, ракеты малявала лепш за некаторых хлопчыкаў і атрымлівала
выдатныя адзнакі.
А наконт вашага, Мікалай Васільевіч, выказвання, што Ладараж “невялічкая
вёсачка”, хочацца ўдакладніць: яна – не такое ўжо і маленькае пасяленне, тым
больш у гады росквіту сельскагаспадарчага сектара ў нашай былой вялікай краіне
Саветаў. Менавіта ў 60-70-я гады, калі я вучылася ў школе, наша вёска
з'яўлялася цэнтрам калгаса “Ударнік”, у ёй мелася сярэдняя школа, у якой былі
нават паралельныя класы, працавалі пошта, Дом быту, ашчадная каса,
фельчарска-акушэрскі пункт, два магазіны, нават адкрыліся калгасная лазня ды
пральня.
А колькі з Ладараж выйшла цудоўных настаўнікаў, педагогаў, медыкаў,
эканамістаў, старшынь калгасаў, бухгалтароў, выдатных будаўнікоў, ваенных
спецыялістаў, ёсць нават свае прафесары, акадэмікі, кандыдаты і дактары навук,
не гаворачы ўжо непасрэдна пра людзей зямлі нашай! А цяпер, як бачыце, вёска
займела яшчэ і сваю паэтку у маёй асобе…
Сустрэча ў бібліятэцы “Юнацтва” імя Уладзіміра Калесніка знамянальна яшчэ і
тым, што адбылася напярэдадні Міжнароднага дня касманаўтыкі. Больш таго, на
гэты раз прыхапіў з сабой і блакнот уласнага карэспандэнта рэспубліканскай
газеты “Звязда” па Брэсцкай вобласці. З ім 18 снежня 1973 года, калі Пётр
Клімук у першы раз паляцеў у космас, і паехаў тэрмінова ў яго родную Камароўку
Брэсцкага раёна, дзе пазнаёміўся з бацькамі касманаўта, з іхняй дапамогай
зрабіў першыя запісы. Ужо на наступны дзень напісаны матэрыял быў змешчаны ў
газеце…
Мой успамін аб тых незабыўных падзеях у бацькоўскай хаце касманаўта
суправаджаўся паказам не толькі гэтага блакнота, але і прынесенымі трыма
рабочымі сшыткамі, запоўненымі калісьці ў Зорным гарадку ў гасціннай сям’і
нашага мужнага ды праслаўленага земляка.
Многія вучні ўпершыню не толькі ўбачылі іх сваімі вачыма, але і мелі
магчымасць патрымаць у руках, як і тры пазней выдадзеныя кнігі – “Арыенцір
–сузор’е Арыён”, “К созвездиям” (на рускай мове з тыражом у 84000
экз.) і “Пётр КЛІМУК. Жыццё і подзвіг касманаўта”.
Ніколькі не сумняваюся: з дапамогай Таццяны Дземідовіч і Надзеі Парчук
адбылося надзвычай цікавае, неспадзявана ўдалае мерапрыемства на касмічную
тэму, вартае таго, каб аб ім ведала як мага большая колькасць чытачоў.
Мікола ПАНАСЮК,
пісьменнік-дакументаліст