«Малітоўна сілкуйце» душу...
Радок з аднаго з вершаў Надзеі Парчук, вынесены ў
загаловак, падаўся лейтматывам твораў, змешчаных у зборніку паэзіі “Святло
няскоранай душы” (Брэст, “Альтернатива”, 2017).
Апошнім часам, засяроджаная на прозе (жыцця), не
звяртала ўвагі на навінкі паэтычнай творчасці. Але напярэдадні майго дня анёла
брэсцкая паэтка, з якой знаёмы толькі па перапісцы, даслала сваю новую кнігу з
выявай цудоўнага храма на вокладцы і шчырым аўтографам. Другі зборнік Надзея
Мікалаеўна пераслала храму іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание
погибших”), а ў лісце зрабіла прыпіску: “Пастаўце, калі ласка, свечку перад
храмавай іконай”...
З першых жа старонак захапіла паэтычнае занатоўванне
імя вялікамучаніка Георгія Перамоганосца. У мяне ёсць асабістыя прычыны з
асаблівай пранікнёнасцю адносіцца да гэтага святога. Яго імя шануецца чатыры
разы ў год.
У свой час пашчасціла наведаць храм у горадзе Лод
(ранейшыя назвы Лідда і Георгіяпаль – Ізраіль), асвячаны ў гонар абнаўлення (16
лістапада). Вандравала па Грузіі, нябесная ахоўніца якой – роўнаапостальная
Ніна – назвала краіну імем свайго сваяка, Георгія Перамоганосца (тут 23
лістапада прыгадваюць калесаванне святога). У нашым раёне захавалася старэйшая
на Усходнім Палессі драўляная царква ў Сінкевічах (датуецца 1724 годам, да
280-годдзя падзеі выпушчана марка з выявай храма), дзе святкуюць 6 мая (на
жаль, сціпла, таму што пабудова мае патрэбу ў рэстаўрацыі). Сапраўдная
ўрачыстасць, часта – з удзелам архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана,
адбываецца 9 снежня ў Ражства-Багародзічным храме старажытнай Лахвы, дзе
калісьці быў і Свята-Георгіеўскі храм (у гэты дзень шануецца памяць асвячэння
аналагічнай царквы ў Кіеве).
У кожнага – свае гісторыі, звязаныя з вялікамучанікам
Георгіем Перамоганосцам. Са сваёй уласнай, не падобнай на іншыя, цікавай і
пазнавальнай, у прадмове пад назвай “Непераможная любоў” знаёміць Надзея
Мікалаеўна. І тут жа змяшчае першы верш, выкліканы “Житием святого Николая
Чудотворца” – пасля чытання, як адзначае аўтар кнігі, “нечакана адзін за
адным паліліся спавядальныя, малітвенныя радочкі”.
Малітоўнасцю вызначаецца і паэма, якая дала назву
зборніку. У Надзеі Парчук – лёгкі літаратурны стыль, які набліжае паэтычны
пераклад жыцця вялікамучаніка Георгія Перамоганосцы да народнага сказання. З
асаблівым замілаваннем аўтар малюе і вобраз царыцы Аляксандры, дзень нараджэння
якой у вечнасці таксама святкуецца 6 мая:
…Душа ад цела адышла,
Галубкай выпырхнула ўгору.
У паэме не адлюстравана мова царыцы Аляксандры,
але шмат дыялогаў іншых дзеючых асоб. Асабліва прыцягваюць прамовы Георгія, які
нагадвае вечныя біблейскія ісціны. У свой апошні зямны час ён звяртаецца да
Госпада з удзячнасцю за ўсё і просіць толькі за іншых – словамі Іісуса Хрыста:
“…Даруй мучыцелям маім –
Яны не ведаюць, што твораць”.
Думаю, што гэта прастамоўнасць асабліва
наблізіць кнігу да дзяцей – выхаванцам нядзельных школ лягчэй будзе ўспрымаць
вобраз святога не праз афіцыйнае “Житие…”, а праз паэму, праз асобныя вершы,
якія сабраны ў раздзеле “Духоўная паэзія”. Яны таксама просяцца да выкарыстання
на духоўных занятках не толькі для дзяцей, але і дарослых (напрыклад, паэтычны
зборнік з задавальненнем прачытала мая мама). Асабліва запатрабаванымі і ў
звычайных установах адукацыі, дзе цяпер шмат увагі надаецца пытанням
нацыянальнага адраджэння, будуць прысвячэнні нябесным ахоўнікам Беларусі –
Еўфрасініі Полацкай, Сафіі Слуцкай, Афанасію Брэсцкаму.
Ад верша “Новы запавет”, які вызначаецца асабістай
аўтарскай пазіцыяй, “зорачкамі” аддзелены наступны, зусім новы (як пазней
удакладніла аўтар, верш з іншай тэматыкай, яго можна было б назваць “Просьба”).
Мне ж абодва творы падаліся злучанымі адной тэмай.
У першым, нават не ўзятым у двукоссе, – адлюстраваны
зварот Іісуса Хрыста, які адзіны – учора, сёння і заўтра (але і за два
тысячагоддзі далёка не ўсімі ўспрынята мэта яго дзейнасці:“Прапаведаваў скрозь
дабро…”). Другі верш – гэта, безумоўна, запавет самой Надзеі Парчук, якая і
дзеліцца патаемным:
“…Мне заўсёды хацелася б слухаць –
Цішыню, што між зораў звініць…”,
і ўражвае бязмежнай шчырасцю:
“Я насустрач адкрыю душу –
Хай натоліцца радасцю гэтай!”.
А “радасць” – гэта і прырода (“Белы ранак”),
і звычайныя царкоўныя паслушанні (“Званар”), і спрадвечныя святы (“У Спасаў
дзень”). І кожны верш (нават не названы, як гэты – “Малітва”) заклікае і
настойвае:
…Просіць сэрца: памаліся!
І тут жа (“Залежнасць”) даецца тлумачэнне гэтай
просьбы:
Жывём датуль на белым свеце,
Пакуль у ім хаця б адна
Душа за нас прад Богам недзе
Малітву шэпча дапазна…
У гэтым вершы – бязмежная ўдзячнасць нашым бабулям і
нашым матулям, што раней за нас усвядомілі прапісныя ісціны, выйшлі на сваю
“дарогу да храма”…
Праўда, мая, нібыта ачышчаная слязьмі душа,
спатыкнулася на завяршэнні – вершы з трох чатырохрадкоўяў. Чаму аўтар
звяртаецца да “зламыснікаў крывавых”? Запамінаецца ж апошняе слова. Так і
хацелася параіць Надзеі Мікалаеўне: няхай бы зборнік завяршаўся першай страфой
з заклікам “Паклон наш зямны і хвала” таму, “Хто Творца жыцця і
сусветнай прыроды”!
Прымірыў з аўтарам “Эпілог”, які таксама заканчваецца
вершам:
…Навучы, Божа, верыць і сэрцам любіць,
І Табе, Дабрадаўцу, маліцца!..
І ў апісаннях зямной прыгажосці, і ў шчырых зваротах,
і ў філасофскіх разважаннях Надзея Парчук захоўвае малітоўны настрой сваёй
творчасці, які і адпавядае вызначэнню “сапраўднага паэта”.
Член Саюза пiсьменнікаў
Беларусi Таццяна КАНАПАЦКАЯ
Беларусi Таццяна КАНАПАЦКАЯ