КНIГА, ЗАПАТРАБАВАНАЯ ЖЫЦЦЁМ
Перад вамі, дарагія
чытачы, – унікальнае па плане і змесце навукова-папулярнае
выданне. У ім сабраны не толькі творчыя
біяграфіі і падрабязныя бібліяграфічныя звесткі ўсіх без выключэння сяброў Брэсцкага
аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, але і даецца поўны пералік калектыўных
зборнікаў кожнага пісьменніка на дадзены час, шырокі спектр іх публіцыстычных,
крытычных, літаратурна-навуковых твораў: артыкулаў, манаграфій, рэцэнзій,
апублікаваных у беларускіх і замежных выданнях. У гэты біябібліяграфічны
даведнік уключаны таксама спісы водгукаў-характарыстык, напісаныя крытыкамі і
літаратуразнаўцамі, на творы берасцейскіх пісьменнікаў.
Час даўно патрабаваў ад
нас гэтага інфармацыйна-літаратурнага выдання. Але складанасць задачы
заключалася ў тым, што ніхто з нас не ведаў і нават не ўяўляў, як гэту
інфармацыю сабраць, з чаго пачаць, як сістэматызаваць. Трэба было знайсці таго,
хто возьмецца за гэтую аб’ёмістую і скрупулёзную справу. Аднак, як кажуць
мудрыя людзі, працу варта распачаць, а Бог падкажа і дапаможа давесці яе да
лагічнага канца… І сапраўды, дзякуючы руплівай стараннасці адказных асобаў,
пастаўленая задача за паўгода была паспяхова вырашана.
Цяпер
чытачы будуць ведаць значна больш пра творчыя здабыткі і літаратурныя дасягненні нашых
пісьменнікаў, якія ў сваёй творчасці адлюстроўваюць жыццё нашага беларускага народа,
развіваюць і зберагаюць нацыянальную духоўнасць, родную мову, літаратуру,
культуру, гісторыю рэгіёна, фарміруюць ідэалогію нашай дзяржавы.
Смела можна сказаць, што дадзенае
выданне будзе шырока запатрабавана як навукоўцамі, так і кіраўніцтвам Брэсцкага
абласнога аддзялення СПБ, яго сябрамі-літаратарамі, работнікамі культурных устаноў, бібліятэчных сістэм, школьнікамі,
студэнтамі, настаўнікамі, выкладчыкамі, самым шырокім колам
карыстальнікаў.
Да ўсяго сказанага вышэй хочацца
дадаць, што з усёй нашай берасцейскай пісьменніцкай суполкі самым старэйшым творцам
лічыцца Васіль Андрыянавіч Літвінчук, які нарадзіўся 1 ліпеня 1930 года, а
значыць, у падлеткавым узросце пабачыў і перажыў усе жахі Вялікай Айчыннай
вайны. Ён нават з 1943 года разам з
бацькамі і сваякамі ваяваў у партызанскім атрадзе. Нарадзіўся пісьменнік у
вёсцы Галік Драгічынскага раёна.
Самая маладая з сяброў
аддзялення – Алена Анатольеўна Гневушава. Нарадзілася таленавітая паэтка і
празаік у Брэсце 29 чэрвеня 1993 года. З 1 жніўня 2016 года працуе
аглядальнікам у абласной газеце “Заря”.
Варта некалькі слоў сказаць пра
нашага самага ганаровага, самага знакамітага і самага паважанага літаратара-аграрніка
– Аляксея Сцяпанавіча Скакуна, ураджэнца добра знаёмай усім нам вёскі Дастоева
Іванаўскага раёна.
Пасля заканчэння
Гродзенскага сельскагаспадарчага
інстытута (1969) Аляксей Сцяпанавіч працоўную дзейнасць пачаў
заатэхнікам у калгасе “Чырвоная Звязда”. Пасля службы ў радах Узброеных Сіл
працаваў галоўным заатэхнікам, намеснікам старшыні калгаса “Маладая гвардыя”,
старшынёй калгаса “Дружба”, а таксама намеснікам старшыні Іванаўскага
райвыканкама – начальнікам управлення сельскай гаспадаркі і харчавання. Затым −
старшынёй калгаса-камбіната “Памяць Ільіча” Брэсцкага раёна. А потым узначаліў
СВК “Астрамечава”.
У 1987 годзе атрымаў вучоную ступень кандыдата эканамічных
навук. З
1993 – член-карэспандэнт Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь. З 1999 –
акадэмік Інжынернай акадэміі нашай краiны. З 2000 года – прафесар
(інфармацыйныя тэхналогіі ў сельскай гаспадарцы). З 2000 – член-карэспандэнт
Міжнароднай інжынернай акадэміі. З 2001 года – акадэмік Міжнароднай акадэміі. З
2005 – доктар эканамічных навук. З 2008 – дацэнт (спецыяльнасць “эканоміка). З 2009
– член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. З 2013 –
вучонае званне – прафесар (эканоміка).
Выбіраўся
дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР адзінаццатага склікання, членам
Савета Рэспублікі Націянальнага сходу Рэспублікі Беларусь другога і трэцяга
скліканняў, дэпутатам Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў, старшынёй грамадскіх
аб’днанняў “Беларускі агропрамысловы саюз” і “Беларускі сялянскі савет”. Член
дэлегацыі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у парламенцкай структуры
Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2007
года.
Аўтар шасці
навуковых прац і сямі кніг. За добрасумленную працу і высокія працоўныя паказчыкі
выдатнік-аграрый узнагароджаны шматлікімі медалямі, ордэнамі, нагруднымі
знакамі, Ганаровымі граматамаі, дыпломамі.
Аляксей Сцяпанавіч Скакун
носіць званне – Ганаровы
грамадзянін Брэсцкага раёна. Цяпер жыве ў агр. Клейнікі, што пад самым Брэстам.
Дарэча, 1
сакавіка Аляксей Сцяпанавіч адзначыў свой дзень нараджэння. Таму ўсе члены
пісьменніцкай суполкі віншуюць дарагога сябра з яго асабістым святам, а таксама
з наступленнем вясны і шчыра зычаць яму моцнага здароўя на доўгія гады,
духоўных сіл, шчасця, творчых поспехаў, без стомы жыць, працаваць і тварыць на
карысць людзям.
Ужо ў бліжайшы
час чакаецца прэзентацыя даведніка ў Іванаўскім раёне. І гэта не выпадкова.
Справа ў тым, што менавіта тут, у родным раёне, пэўны час шчыраваў у працы не проста
вядомы вучоны-аграрнік, таленавіты фотамайстар Аляксей Скакун, але і цяперашні
герой балады “Шукала песня Хлебароба”. Яе разам са словамі песні “Назвалі
хлопца Аляксеем” (музыка Ігара Лучанка) напісаў член Саюза пісьменнікаў
Беларусі і Расіі Мікола Панасюк, які ўжо ў 1965 годзе працаваў у раённай газеце
“Чырвоная звязда”. З таго часу пад пільным вокам галоўнага рэдактара раённай
газеты Аляксея Каўко і завязалася іх сяброўства.
Як бачым, прыклад
варты пераймання ў будучым!
Надзея ПАРЧУК,
укладальнік і рэдактар
выдання
Аляксей Скакун
з новым кніжным выданнем
4 сакавіка 2018 года
з новым кніжным выданнем
4 сакавіка 2018 года
Фота
Дзяніса БУСЛЁНКА