22 студзеня ў Мачульскай базавай школе Столінскага
раёна адбылася цікавая творчая сустрэча вучняў Белавушскай сярэдняй школы з
мясцовай настаўніцай, паэткай, пісьменніцай Галінай Бабарыка, якая з натхненнем
чытала школьнікам вершы, з умельствам – гумарыстычныя апавяданні і ахвотна
адказвала на іхнія самыя нечаканыя пытанні. А яшчэ пісьменніца пазнаёміла юных
краязнаўцаў з гісторыяй роднай вёскі.
Варта падкрэсліць, што па-мастацку дэкламуючы перад вучнямі
суседняй школы свае творы, Галіна Сідараўна раскрыла сябе не толькі як мастак
прыгожага беларускага слоўка, але і як выдатны акцёр-віртуоз, аратар, гумарыст,
якому падуладна любая артыстычная роля на сцэне.
Як сапраўдная самабытная творца Галіна Бабарыка ў сваіх радках заўсёды непадкупна шчырая,
дасціпная, удумлівая. Амаль ва ўсіх творах адчуваецца яе непадробнае
жыццялюбства, спакойная разважлівасць, заглыбленасць, жаночая спагадлівасць, а
таксама і дабразычлівасць. Яе гераіня нават лістападаўскі “жоўты маленечкі
дзьмухавец укрывае лісточкам – болей няхай пажыве”. У вершы “Родным дзецям”
паэтэса як маці і педагог сцвярджае:
Мне ёсць аб
чым вам расказаць,
Бо перажыта
ўжо нямала.
Не раз паўзла
бяда-навала,
Жыцця таптала
сенажаць.
Ды паўставала
фенікс-птушкай –
Надзея, Вера,
Дабрыня…
І не прыпомню
таго дня,
Каб я ў зла
была за служку”.
Як паэтэсу і пісьменніцу яе добра ведаюць не толькі на
Берасцейшчыне, але і па ўсёй Беларусі, нават за яе межамі. Нарадзілася Галіна
Сідараўна ў вёсцы Мачуль, што на Століншчыне. Пасля заканчэння Магілёўскага
педагагічнага вучылішча і Магілёўскага педагагічнага інстытута чатыры гады
працавала ў Макеевіцкай васьмігадовай школе Клімавіцкага раёна. Зараз жыве на
радзіме і тут жа настаўнічае ў Мачульскай базавай школе. Мае вышэйшую катэгорыю
выкладання. За дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні ўзнагароджана
Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
Вершы пачала пісаць яшчэ са школьных гадоў. Першы раз
надрукавалася ў часопісе “Вясёлка”, і было гэта ў 1970 годзе. Адчуўшы смак
творчасці і паверыўшы ў свае літаратурныя здольнасці, з таго часу пяра не кідае
– пры любой вольнай хвілінцы занатоўвае нахлынутыя пачуцці, думкі,
уражанні.
Праз мастацкае слова ёй удаецца па-майстэрску
праўдападобна вымаляваць не толькі тую ці іншую карціну жыцця, прыроднай з’явы,
апісаць нахлынутыя пачуцці, але і перадаць стан уласнай душы чытачу, удаецца
прымусіць яго суперажываць разам з ёю, зачаравацца і натуральна парадавацца
таму настрою, які праліваецца ў дадзены момант з яе багатай і чуллівай душы.
Так, у вершах, прысвечаных вясне, лету, удала адлюстроўваецца святочны настрой
прыроды, адчуваецца яе жывое напаўненне новай сілай, хараством і святлом для далейшага
стваральнага руху, а праз гэтую ўзнёслую святочнасць надаецца другое дыханне
чытацкай душы. А таму верыцца, што, нягледзячы на пражытыя гады, у душы творцы
зноў ажываюць узнёслыя дзявочыя жаданні, рамантычныя думкі, светлыя мары:
Вясне
пракладае дарогу
Сустрэчай
узрушаны клін.
Нясуць журавы
не трывогу,
А радасць да
родных мясцін.
І хоць
заінелыя скроні,
Ды мроіцца,
што ўпершыню
Пад небам
адвечным сягоння
Жыцця
сустракаеш вясну.
Вядома, што ў любой галіне культуры, як і ў кожным
жанры літаратуры, сапраўднае мастацтва дасягаецца, калі ў творцы ёсць не толькі
здольнасці, але і моцная воля, цярпенне, запас ведаў і жывая чуллівая душа.
Увесь гэты духоўны арсенал у Галіны Сідараўны, як кажуць, пры сабе. Дай ёй,
Божа, толькі здароўя і шчасця, паберажы яе даўжэй на гэтым свеце для Беларусі,
роднага куточка і дзеля развіцця беларускай літаратуры, прачулага роднага
слоўка.
А закончыць сваю невялікую прамову пра таленавітую
паэтку, цудоўную настаўніцу, прыгожую, нястомную жанчыну мне хоцелася б
філасафічнымі радкамі Яўгена Пясецкага:
Мне знаёмы
філосаф аднойчы сказаў:
Увесь Сусвет
па агульным Законе жыве –
Ты багаты на
тое, што камусьці аддаў,
Ты на тое
збяднеў, што пакінуў сабе…”
Па-мойму, наша зямлячка якраз адпавядае гэтаму
агульнаму чалавечаму Закону, бо нічога не пакідае сабе, а ўсё, чым надзяліў яе
Гасподзь, аддае дзецям, людзям, верна і аддана служыць любай Радзіме.
Надзея ПАРЧУК,
сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі
сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі