Да зорных высяў праз магніт…
Маўчаць як добра ў цішыні
На ўскрайку поля між бяроз,
Учора гэтак расчыніў
Акно ў маленства, чыстых рос.
Бо сок бярозавы дае
Мне моц для сэрца і радка,
А словы многія свае
Гатоў аддаць для жаўрука.
Хай сыпле ён іх з вышыні
Для тых, хто кволы ад пакут,
А гай бярозавы між ніў
Шануе наш палескі кут.
Ад снегу – белая зямля,
Бярозы беляць наш прастор.
Ніколі я не адмаўляў
Суседства іх пад кронай зор.
Паэт − ён той жа касманаўт
Са скруткам сонечных арбіт –
З усіх зямных глыбокіх шахт
Да зорных высяў праз магніт.
Мікола
ПАНАСЮК
2 студзеня 2018 года
2 студзеня 2018 года