googlee76da6385aa73571.html Беларусь в стихах . Полесье - край родной .: Серп, жняярка ды камбайн…

Поиск по этому блогу

суббота, 24 сентября 2016 г.

Серп, жняярка ды камбайн…



Веліч свята, якое ў пачатку верасня  адбылося ў Драгічыне, цяжка перадаць звычайнымі газетнымі радкамі. Нават само сонца, навакольная прырода, усе дарогі ды сцежкі, што вялі ў гэты дзень сюды нашых працавітых, дбайных і цярплівых палешукоў, гаварылі пра гэта. Адчувалася, што дзеля таго, што тут адбывалася, найлепшым чынам папрацавалі Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт, раённыя і ўлады на месцах, ў тым ліку аграпрамысловы комплекс усяго палескага рэгіёна. Раўнадушных не было, а было сапраўднае свята сярпа, які з даўняга часу яднаў нас, людзей, прыносіў дастатак у кожную вёску, у кожную сям’ю і дом.
        Мой родны брат Васіль, які  напярэдадні   адзначыў сваё 55-годзе, і жыве ў вёсцы, таксама адшукаў матулін серп і нажаў некалькі снапоў  азімата жыта на загончыку, які  мінулай восенню засеяў зернем ля бацькоўскай хаты. Тое ж самае паспеў зрабіць і  сёлета! Такім чынам ён не здрадзіў роднай вёсцы, натхніў аўтара гэтых  радкоў напісаць такія радкі: 
Серп, жняярка ды камбайн
Да лепшай долі нас вялі,
“Заўсёды ты пра колас  дбай,
 Бо мы ўсе шчасця кавалі…”

 

Так вучыла нас, палескіх вяскоўцаў, яго вялікасць Жыццё. Бачылі б, якія  арыгінальныя вырабы з  саломы дэманстраваліся  ў “Горадзе майстроў”! Іх у самым пачатку свята ў суправаджэнні старшыні Драгічынскага райвыканкама Юрыя Дзядзюка ўбачылі шматлікія госці райцэнтра. А гэта і старшыня аблвыканкама Анатоль Ліс, і міністр аховы здароў’я, дарэчы, наш зямляк Васіль Жарко, і намеснік кіраўніка справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Надзея Каткавец, ураджэнка вёскі Тышкавічы , што ў Іванаўскім раёне…
         Вырабы з саломы іх літаральна зачаравалі. А гэта па-мастацку аздобленыя сявенькі, мініяцюрныя  кублы для збожжа, шкатулкі , хатнія упрыгожванні ды цацкі, дэкаратыўныя пано.
         Цяпер добра разумею таго ж брата Васіля, які высявае ля бацькоўскай хаты азімае жыта. Як  бы ён хацеў уласнымі  рукамі ствараць ты я ж саламяныя вырабы з залацістым  адсветам, але, на жаль, няма ў хаце ужо ні  дзеда-Каваля ,  ні старэнькіх бацькі і маці, якія  б навучылі яго майстэрству нашых продкаў.
         А таму вельмі дарэчы, калі быў узняты сцяг абласнога свята “Дажынак-2016”, кіраўнік аблвыканкама напомніў яго асаблівую значнасць. Як і  пра народны выраз: “Нездарма кажуць, што зямлі птрэбны сапраўдны гаспадар – дбайны, працавіты, адданы”. Такія і нашы берасцейцы! Сёлета яны намалацілі 1 мільён 172 тоны збожжавых (без кукурузы), атрымаўшы ў сярэднім 32,5 цэнтнера зерня з гектара. А гэта пасля гродзенцаў другое месца.
Малайцы, мае шаноўныя зямлякі!

Шкада, што мала немаўлят
У вёсках нашых, гарадах,
Ды будзе больш іх да Каляд,
Бо ў нас надзейны зруб і дах…

 Нягледзячы на часовыя цяжкасці, каляіны на шляху да поўнага росквіту, наша Беларусь жыла, жыве і будзе жыць. Гэтую ўпэўненасць яшчэ раз прадэманстравалі  абласныя “Дажынкі – 2016” ў Драгічыне. Імкненне тутэйшых гаспадароў роднай зямлі – карміцелькі да больш канфортнага жыцця як з важкім коласам, так і звонкімі галасамі дзетак - немаўлят у нашых вёсках – гэта заканамернасць, а не выпадковасць, замацаваная стваральнай палітыкай кіраўніка нашай краіны, яго аднадумцаў, усяго беларускага народа.
Трапляючы  на падобныя, як у родным Драгічыне, “Дажынкі”, чалавек як бы маладзее душой , дабрэе сэрцам , забывае пра нейкія часовыя нягоды, ён ахвотна далучаецца да агульнага настрою і думак людзей, зусім па-іншаму ўспрымае нашу рэальнасць. Тым больш, што многія героі жніва,  звычайныя вяскоўцы прыехалі на свята  з сучасных дагледжаных аграгарадкоў. Менавіта яны надаюць любому мерапрыемству своеасаблівы  каларыт святочнасці; яднання ўзвышаных думак і пачуццяў: Такім чынам невялічкая, часам ужо паўзабытая вёска адыходзіць за задні план, губляе значнасць на агульнай плыні імклівага жыцця.   
          На свяце прагучалі такія лічбы: больш за адну тысячу тон намалацілі 244  экіпажы, звыш паўтары тысяч – 26, больш за дзве тысячы тон – тры экіпажы. А вось калгасныя сярпы спатрэбіліся толькі на заключным этапе жніва – на дажынках апошніх палосак збажыны, і то для снапоў, якія разам з кіраўнікамі, спецыялістамі, камбайнерамі, вадзіцелямі ды аператарамі зернесушыльных комплексаў прыехалі на свята.
Ужо 2 верасня, у пятніцу, на старонках раённай газеты “Драгічынскі веснік” быў надрукаваны верш аўтара гэтых радкоў:

Добры дзень, сусед Драгічын,
На “Дажынкі “ запрашай…
Спытаеш, мабыць, дарагі чым
Наш палескі  любы край.

І нашы суседзі з Бярозы, Іванава ды Кобрына, як і з іншых палескіх раёнаў, на першы план выстаўлялі такія духоўныя каштоўнасці, як гасціннасць, агульнае імкненне зрабіць свята дажынак прыцягальным ды запамінальным, а таксама гарачае жаданне і ў будучым працягваць традыцыі  з такім жа  імпэтам.
Думаю,  што  і гаспадарам святочнага фэсту, і яго гасцям надоўга запомніцца сустрэча на ім з выдатным беларускім кампазітарам, доктарам музычных мастацтваў, таленавітым піяністам Юрыем Блінавым,  родам з райцэнтра. Дастаткова сказаць, што яшчэ ў 1993 годзе юны музыкант у час першых гастроляў за мяжой даў шэсць канцэртаў ў гарадах Японіі., іграў ў камернай зале імя Бетховена ў Германіі…
Прыемным сюрпрызам для святкуючых стала выступленне на обласных “Дажынках-2016” Народнага артыста Рэспублікі Беларусь Аляксандра Саладухі, а таксама кампазітара, удастоенага такога ж высокага звання, нашага зямляка з Брэста Эдуарда Ханка.

Дыпломы, песні ды падзякі
Наш край да зорак узнялі.
Не згорбіць нас тут лёс ніякі,
Бо мы Асілкі на зямлі.*



Герой беларускіх казак, легенд, волат незвычайнай сілы, мужнасці і розуму, і ёсць той самы  Асілак, які не толькі здольны выхапіць меч, але і асіліць любыя нягоды, узрасціць важкі колас, а заадно дапаўна засыпаць збожжам засек.
Абласныя “Дажынкі -2016“  у Драгічыне засведчылі менавіта гэты гістарычны факт, калі перамагае толькі Асілак, які ўпэўнена, у поўны рост, крочыць з плугам, сявенькай і сярпом па роднай зямлі.

                                                                              Мікола ПАНАСЮК


_____________________________

*Урывак з балады “Асілак з плугам і сярпом”, якая неўзабаве будзе змешчана ў другім выданні кнігі “Дзень добры , родная  сядзіба!”