googlee76da6385aa73571.html Беларусь в стихах . Полесье - край родной .: Да Дня беларускага пісьменства ў Іванаве

Поиск по этому блогу

воскресенье, 2 сентября 2018 г.

Да Дня беларускага пісьменства ў Іванаве


Падборка вершаў-прысвячэнняў
           ад Надзеі Парчук



Дабрыдзень, Янаў наш цудоўны!

Дабрыдзень, Янаў наш цудоўны,
Сагрэты сонцам залатым,
Апеты ў песнях красамоўных,
Ушанаваны на гады!
     
Сазваў ты сёння на Палессе 
Усіх суседзяў і сяброў.
Бурліш, як рэкі напрадвесні,
Вітаеш нас, нібы братоў.
      
На кожнай вуліцы гасцінна
Світанак ветлівы заззяў –
Гудзе палеская мясціна,
Бо Дзень пісьменства завітаў.

Святкуем Дзень радзіннай мовы,
Што дасталася ад дзядоў,
Ад іх вялікае любові,
Што адгукаецца з вякоў.

Яны для нас зямельку-маці
Аберагалі як маглі,
Каб слова ў кожнай нашай хаце
Глыбей пускала карані.

Каб вечна жыў ты, красаваўся,
Духоўнасць нашу прыўмнажаў,
Усходам сонца любаваўся,
Дастойна святы сустракаў!

Квітней, Іванава наш мілы,        
Спавіты сонечным святлом!
Няхай анёлак белакрылы
Цябе атульвае цяплом!
                                                  Надзея Парчук




Наш Іванава гудзе…

Наш Іванава гудзе,
Як само прадвесне, –
Панаехала гасцей
Званых на Палессе.
 
Паз’язджалася зрання,
Як да той крыніцы,                        
Літаратараў радня        
З абласцей, сталіцы.      

Мову наша праслаўляць
Будзем сёння дружна,
Продкаў талент шанаваць –
Скарб наш непарушны.

Ён дастаўся нам, як дар,
Ад дзядоў, бабулек,   
Каб араты і пясняр
Гонар свой адчулі.

Беларусы-спадары,   
Каб звінела мова,    
Хто па слоўку, хто па тры
Сабіралі словы.             

Па азёрах і лугах, 
Па халодных росах, 
Па барах і берагах
Іх шукаць прыйшлося.

Для нашчадкаў спажыцця
Поўнілі скарбону,
Каб не знала забыцця
Родная старонка…
                                         Надзея Парчук



Уся зямля спявае…     

Сёння з раніцы самой
Не маўчаць званіцы,
Узнімаюць голас свой
Да святых граніцаў.

Патанае ў дабраце
Горад адмысловы –
Адзначае ў гэты дзень     
Свята роднай мовы.

Дасталася мова ў дар,
Як святыня з неба,      
Каб араты і святар 
Меў у ёй патрэбу.

Чысты звон ляціць увысь,  
Да нябёс сягае.
Сёння тут, як і калісь,
Зноў зямля спявае.     

Як нябеснае святло
Сонейкам усходзіць,
Так ад жыватворных слоў –
Светлыня ў народзе.

Як рачулка сваю плынь
На плячах гайдае,
Так бясцэнную святынь –
Мову зберагаем.
     
Беларускае слаўцо
Хай жыве між намі,
Прадаўжаючы жыццё
З году ў год вякамі!
                                         Надзея Парчук


                               
         

 Нацыі святыня  

Каб і веры, і любові
Даставала ў хаце –
Паважайце сваю мову –
Нацыі багацце.
          
Бо ж яна тут векавала
Пад спагадным сонцам,    
Немаўлятак калыхала
Ў любае старонцы;
        
Пад блакітам выспявала,
Нібы ў полі колас,
І паэтаў акрыляла, 
Бы матулін голас:

“Мае любыя сыночкі,
Вы ж мая апора!
Разбудзіце цемру ночы – 
Заспявайце хорам.

Дружна песню зацягніце – 
Хай ляціць пад неба!
Кожным словам даражыце,
Як зярняткам глеба.
 
Як духоўную аснову – 
Нацыі святыню,
Беражыце продкаў мову,
Каб наш род не згінуў...” 
                                                  Надзея Парчук


   Беларусаў свята

Дзень пісьменства, роднай мовы, –     
Свята беларусаў –
Тых, хто матчыныя словы
Не спускае з вуснаў,
                                   
Беражэ іх, як святыню,
Каб не знікнуць роду,
Нашай нацыі не згінуць, 
Нашаму народу.   
                   
Хто Міфодзія й Кірылы
Помніць запаветы,
І як славілі край мілы
Класікі-паэты,

Нашай нацыі святыню
Бераглі да скону,
Каб народ з зямлі не згінуў,
Не спазнаў прыгону.  

Беларускаму Скарыну
За яго адкрыцці
Хто узводзіў, як даніну,
Помнік у сталіцы,

За яго станок друкарскі,  
Каб пашырыць веды,
Каб з душой, па-хрысціянску,
Несці ў люд асвету.

Беларускія хто словы 
Увабраў з калыскі –
Ад матулінай любові, 
Ад радзіны блізкай. 

Багдановічу й Купалу
Хто і зараз верны
І, каб мова не ўмірала, –                          
Дбайна сее зерне.

Дзень пісьменства, роднай мовы, –  
Беларусаў свята –
Тых, хто цэніць продкаў словы,
Беражэ іх свята...                                                
                                                  Надзея Парчук




 Год малой радзімы

       У Ладаражы

Як лёгка і светла тут дыхаць,
У хмаркі лунаць на плячы!
Тут нават мой бусел з бусліхай
Кружляюць вышэй аблачын.

Нішто не парушыць, здаецца,
Ціхуткую плыннасць ракі –
Ні сонца, што ў высях смяецца,
Ні вецер, што ў гушчы ракіт.

І я тут душой спачываю,
Натхняюся роднай красой…
Ах краю мой, любы мой краю,
Дазволь наталіцца табой!


                 ***
Завечарыўся жнівень за акном,
Запахла ў садзе водарам мядовым,
Зямны абшар ахутаўся радном –
Такім спрадвечным і такім найновым.
Звініць прастора зорнасцю нябёс…
О мудры свет! Які ж ты скрозь цудоўны!
Гасподзь стварыў нам гэтулькі дзівос,
Жыццё ўдыхнуў і мудрасцю напоўніў...

                  ***
Узлятайце высока, мае думы і мары,          
За маёвую квецень, у жытнёвы прасцяг, –
Каб ніякае гора не змагло вас ахмарыць,
Каб паверыць мне ў вечнасць і мудрасць жыцця...
Каб нікуды надзея мая не зляцела         
І давала мне сілы тварыць і любіць,  
Каб я годна Радзіму святую апела
І свяшчэннасць яе жыватворных крыніц.

               ***


Ляцяць удалеч нашыя дарогі…

Бягуць, завуць удалеч нас дарогі,     
Ляцяць, бы стужкі тыя на вятры.                
А мне б пабыць у краі родным трохі,
З яго людзьмі даўжэй пагаварыць.

Мне на радзіме гэтак лёгка марыць,
Успамінаць пражытыя гады.
Іх не зацьмяць назойлівыя хмары,
Пакуль цвітуць вішнёвыя сады.

Мой першы дзень прыняў мяне ў абдымкі
Ў куточку гэтым родным і святым,   
І паляцелі верасні ў зімкі
Пад сінім небам, сонцам залатым.

Яшчэ ляцець удаль ім трэба доўга,
Каб наталіцца радасцю жыцця.    
З’язджаю зноў ад роднага парога,
Душа баліць ад жалю-пачуцця…

Завуць дарогі, звабна абяцаюць
Нам нешта з дзіваў дзіўных прыадкрыць...
Дзе б ні была, я край свой апяваю, 
Яго красой мне вечна даражыць.

                                         Надзея Парчук

Мне славіць толькі родны край

Пакуль я з Музаю сябрую –
        Мне славіць толькі родны край,
        Зару, што ў небе вечаруе,
         А раніцою светліць гай.

Мне славіць сонца, што ў тумане   
Брыдзе па беразе ракі
Ды абуджае свежым ззяннем
Санлівы тварык асакі.

         Світанак славіць мне вясновы,
         Што белапеніцца, цвіце,
         Блакіт у жыце васільковы,
         Ад аблачынкі ў полі цень.
 
        І вас, жытнёвыя палеткі,
        Мне славіць кожнаю вясной,
        І родны сад, і ружы-кветкі, 
        І бэз, што стукае ў акно.

        Народ свой славіць працавіты,
        Здабыты ў поце каравай.
        Маімі продкамі абжыты,
        Цябе ўшаную, родны край!


                 *** 
З дабром і мірам да людзей 
Па сцежках праведных жыццёвых
Паэт глыбокі след кладзе
І рассявае дабрасловы.

Няхай рунеюцца яны –
Па нівах душ, спагадных сэрцаў,
Хай хараство яго вясны
У нашых дзецях адгукнецца!  

                              Надзея Парчук