googlee76da6385aa73571.html Беларусь в стихах . Полесье - край родной .: ВІНШУЕМ З ЮБІЛЕЕМ!

Поиск по этому блогу

понедельник, 3 октября 2016 г.

ВІНШУЕМ З ЮБІЛЕЕМ!

А таксама з вышэйшай узнагародай 
Саюза пісьменнікаў Беларусі –
медалём “За вялікі ўклад у літаратуру”!




Парчук Надзея Мікалаеўна нарадзілася ў вёсцы Ладараж Пінскага раёна. Скончыла Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум. Працавала ў банкаўскай сістэме. За працоўныя дасягненні ўзнагароджана Ганаровымі граматамі Савета Міністраў РБ і Нацыянальнага банка РБ.
Друкавалася ў газетах “Голас Радзімы”, “ЛіМ”, “Звязда”, “Настаўніцкая газета”, “Белорусская нива”, “Рэспубліка”, у часопісах “Маладосць”, “Полымя”, “Вясёлка”, “Бібліятэчны свет”, “Бібліятэка прапануе”, “Гаспадыня”, “Алеся”, “Вожык”, “Акно”, “Белые снегири” (Масква), альманахах “Жырандоля”, “Гоман літаратурны”, “Талент”, у калектыўных зборніках “Беларускі ручнік”, “Па праву жывога”, “Подыхам адзіным”, “Гаманлівае дрэва любові”, “Сіла слабасці”, “ЛітАўра” і інш., а найчасцей – у перыёдыцы Берасцейшчыны.
Выдала сем зборнікаў паэзіі: “Жыццёвыя плыні” (2003), “Я сэрца людзям падарую…” (2004), “Ладараж” (2006), “Раскрыліўся бусел над хатай…” (2009), “Зарунее жыта зноў…” (2010), “Берагі надзеі” (2014) і зборнік вершаў, загадак, казак, лічылачак для дзяцей “Венерын чаравічак” (2015). Укладальніца зборніка духоўнай паэзіі “Дазволь прычасціцца”. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Ул. Каласніка Брэсцкага аблвыканкама (2010). Член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

 Па-над ціхай ракою…

Па-над ціхай ракою схіліліся  травы
І глядзяцца ў яе, бы ў люстэрка  сваё.
Любы  край  дарагі,  мой  куточак  ласкавы,
Ты  пяшчотай  сваёй  поўніш  сэрца  маё.

Ты з дзяцінства запаў мне ў душу назаўсёды –
Ціхім  плёсам  вады,  шумам   мілых  бяроз.
Мне  не  трэба  чужой  ні  красы,  ні  лагоды,
Мне  даволі  тваіх  ясназорых  нябёс.

Колькі  буду  я  жыць – столькі буду маліцца,
Каб  вярталі  сюды  журавы  па  вясне:
Можа, з імі і я прылячу  пакланіцца –
Праз вякі сярод іх ты пазнаеш  мяне.
                                         

Зямля мая, краса мая!
                                              
Палескі краю, дарагі,                                            
Ты быў маёй люлянкаю,                                              
Твае палі, твае лугі –                                              
Салодкай калыханкаю.   
                                            
Зямля мая, краса мая!                                           
Ты ў свеце найчароўная.                                            
Зямля мая, душа мая, –                                             
Людской спагады поўная!  
                                            
Шумяць, шапочуць каласы,                                               
Ад ветрыку гайдаюцца,                                              
Да жыватворнае красы –                                                  
Да сонейка ўсміхаюцца.    
                                         
Хай над табой плывуць вякі                                            
І песні ўсюды чуюцца!                                             
Няхай жывуць палешукі –                                              
Тваёй красой любуюцца!  
                                            
Зямля мая, краса мая!                                               
Ты ў свеце найчароўная.
Зямля мая, душа мая, –
Людской спагады поўная!
                       
         
 Прысвячэнне  Надзеі Парчук

Надзея спраўдзіла надзеі –
Яе квітнеюць берагі,
Наш край палескі маладзее
Пад мірным небам дарагім.

Бог даў ёй шчасце нарадзіцца
У вёсцы, дзе – цудоўны люд,
І тут, ля стыравай вадзіцы,
Яна займела родны кут.

Так стаўся Ладараж вядомым,
А мы з Надзеяй – сваякі;
Збірае вершамі нас дома,
Шукаем мудрыя радкі…

Зноў расчыняе насцеж дзверы
Паэтка ўсёй сваёй радні,
Ізноў так хораша з ёй верыць
У светла сонечныя дні...

Дык будзе хай між берагамі
Трывалым доўга твой паром,
А творчы шлях аберагае
Анёл з расхінутым крылом!

Мікола Панасюк,
паэт, пісьменнік-дакументаліст,
лаўрэат прэміі “Берасцейская зорка - 2000”.

                   Фота Ірыны Лебядзьковай


                                              Фотаімгненне: 


Надзея Парчук з берасцейскімі пісьменнікамі (злева направа):
старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў
Беларусі Анатоль Крэйдзіч, яго намеснік Любоў Красеўская
і паэт Міхась Кулеш падчас віншавання.

А цяпер, паважаная Надзея Мікалаеўна,
  прыміце ад нас музычны падарунак –
 адну з цудоўных беларускіх песень,
 з якой вы ўжо шмат гадоў крочыце па жыцці,
   “Явар і каліна” на словы Янкі Купалы,
                   музыка Юрыя Семянякі.