googlee76da6385aa73571.html Беларусь в стихах . Полесье - край родной .: Вершы Надзеі Парчук на ваенную тэматыку

Поиск по этому блогу

суббота, 12 мая 2018 г.

Вершы Надзеі Парчук на ваенную тэматыку






        Цаніце, людзі, мір, прашу, цаніце!.. 

Цаніце, людзі, мір, прашу, цаніце,
Шануйце тых, хто нам яго здабыў,
Чые імёны свецяцца ў граніце,
Хто больш жыцця радзімы край любіў.

Іх паміж намі мала засталося,
Злятаюць кожны дзень яны ў нябыт, –
Прымаюць іх высокія нябёсы,
І абдымае сонечны блакіт.

А Пераможны Дзень святочна крочыць, –
Убраліся ў духмяны квет сады.
Ніхто вайны ніякае не хоча –
Ні ветэран, ні праўнук малады…


        Цвіце пераможна вясна

Даўно адгрымела вайна,
Зямля загаіла ўсе раны.
На свеце шчыруе вясна
Ў падзяку для вас, ветэраны.

Удзячна за мір і спакой     
Квітнее, бы ў тым, сорак пятым:
Чаромхай – над Бугам-ракой,
Садамі – ля кожнае хаты.

Пяюць шматгалосна званы  
І мірную славяць гадзіну,
Каб чулі іх дочкі, сыны –
Хто жыцці аддаў за Радзіму.

Царкоўным набатам яны
Сягаюць пад самае неба,
Сцвярджаюць аб тым, што вайны –
Нам болей ніколі не трэба.   


               Ода Брэсту
 
Над Бугам-ракою
Бяссмерце героі
І славу табе здабылі,
Каб ты красаваўся,
З бядою не знаўся
На вольнай і роднай зямлі.

Цябе не скарылі
Варожыя сілы
У самыя грозныя дні...
Ты выстаяў, горад,
 У жудасным горы,  
 Гарэў – не згарэў у агні.

Хоць плавіўся камень,
Бетон і жалеза,
Стагнала зямля пад табой, 
А Брэсцкая крэпасць,
Як мужная вежа,
Смяротны працягвала бой. 
           
Не чуў яшчэ свет,
І не ведалі людзі                  
Падобнай любові сыноў...
У памяці нашай
Жыве і жыць будзе
Іх подзвіг на сотні вякоў!


                  Слава Перамозе!

Ізноў вясна цвіце, буяе,
Амыў прысады дождж-сяўнік.   
Ізноўку шчыра мы вітаем
Цябе, наш мужны франтавік!

Віншуем сёння з Перамогай,
Якую ты здабыў для нас,
Ідучы вогненнай дарогай
У векапомны грозны час.

Ад ран смяротных і разрываў –
      Пад вынішчальны шквал агню 
      Ты выжываў, усім надзіва,
І зноў на захад гнаў вайну.

Гнаў і дабіў яе ў бярлозе,
Закалаціў-такі ў труне.
Хвала і слава Перамозе
І Пераможцу ў той вайне!


                 Шчаслівая раніца

Я вітаю цябе, мая раніца!
Я вітаю цябе, маё неба!
Больш бядою твой твар не апаліцца –          
Нам пажараў сусветных не трэба!

Анічога благога не здарыцца
З Беларуссю маёю ніколі...
Бласлаўляйся, блакітная раніца,
Падымай сваё сонца над полем!

Нам свяціць яно з высяў не зморыцца: 
Ёсць цяпла і святла ў ім багата.
Аніколі ўжо больш не паўторыцца
У гісторыі чорная дата.
 
Дый салдат, што ў баях цяжкіх выстаяў
І прынёс, падарыў нам свабоду –  
Верыць ў неба празрыстае, чыстае
І ў світальную ласку-пяшчоту.

Я вітаю цябе мірнай, раніца!  
Я вітаю цябе чыстым, неба!
Хай заўсёды так дзень пачынаецца,
А іначай... іначай не трэба!


                            З Днём Перамогі!

З Днём Перамогі, слаўны наш герой!
Паклон прымі і шчырую падзяку  
За тое, што на ворага ты ў бой
Не раз ішоў пад кулямі ў атаку.

За тое, што Радзіму бараніў,
Уратаваў ад нечысці праклятай,
За тое, што жыццё не разлюбіў,
Не зганьбіў звання вернага салдата. 

Грымяць ізноў салюты да нябёс
У гонар твой – за службу, і адвагу,
І за любоў, што ў сэрцы ты пранёс,
Айчыне даўшы верную прысягу. 
 

                   Позірк з нябёс

Маўчаць магілы нашых абаронцаў,
Спакойна ў іх сыны Радзімы спяць,
А душы з высяў зорамі і сонцам
На нас, жывых, з надзеяю глядзяць.

Глядзяць з нябёс і радуюцца шчыра
За мірны час, за вас, франтавікі,
І як на іх свяшчэнныя магілы
Кладуць нашчадкі кветкі і вянкі,

І як схіляе галаву сівую
Калісьці бравы іхні старшына,
І як, слязу сціраючы, шкадуе,      
Што не для ўсіх красуецца вясна...


             З Днём абаронца Айчыны!

З Днём абаронца Айчыны
Вас, дарагія мужчыны,
Радзіма сардэчна вітае
Ды вечнага міру жадае!

Жадае шчаслівай вам долі,
А войнаў – не бачыць ніколі –
Ніводнаму сыну-салдату,
Ні мужу, ні бацьку, ні брату!

Не бачыць, не чуць і не ведаць
Пра жахі ваеннай навалы.
Няхай спачывае планета:
За мір заплацілі нямала.


Надзея ПАРЧУК