googlee76da6385aa73571.html Беларусь в стихах . Полесье - край родной .: У Год малой радзімы

Поиск по этому блогу

понедельник, 27 августа 2018 г.

У Год малой радзімы


Свята вёскі Ладараж


Фальклорны гурт


"Схілюся ў паклоне радзіме любімай..."


Напрыканцы ліпеня – пачатку жніўня ў нашай краіне прынята адзначаць Дзень вёскі. Сёлета жыхары в. Ладараж Пінскага раёна святкавалі яго 29 ліпеня. І праходзіла святочная ўрачыстасць на гэты раз пад знакам Года малой радзімы.
    Арганізатарам святочнага мерапрыемства, як заўсёды, выступіла стараста вёскі, загадчыца Ладаражскага Дома фальклору Тамара Паляйчук, якая задзейнічала не толькі мясцовы фальклорны калектыў “Ладаражаначка”, школьнікаў, але і звярнулася за падтрымкай да кіраўніцтва Ласіцкага сельвыканкама, работнікаў Дома культуры в Ласіцк.
Так агульнымі намаганнямі была падрыхтавана цікавая канцэртная праграма, урачыстыя віншаванні юбіляраў, забаўляльныя нумары.
Вядучая мерапрыемства сакратар Ласіцкага сельвыканкама Тамара Мішковіч пачала сваё выступленне з гарачага віншавання са святам усіх прысутных і прадоўжыла – вершам паэткі Надзеі Парчук “Дарожанька-дарога”.
У святочнай праграме актыўны ўдзел прынялі работнікі Ласіцкага Дома культуры. Гэта – дырэктар ДК Святлана Чынько, мастацкі кіраўнік Людміла Ламака, удзельніца драмгуртка Ірына Рамановіч. Яны зарэкамедавалі сябе не толькі як выдатныя выканаўцы сучасных песень, але і як сцэнічныя артысты-гумарысты, па-мастацку разыграўшы некалькі мініяцюрных гумарэсак.
          Яркім і запамінальным было выступленне вакалісткі Ганны Фядзечка. Сваімі бадзёрымі песнямі яна заваражыла ўсю залу, узняла настрой прысутным, чароўным голасам ды азартам захапіла публіку. Гледзячы на спявачку, цяжка было ўсядзець моўчкі і не заспяваць разам з ёю. Ладаражцы не шкадавалі сваіх апладысментаў маладой спявачцы з Ласіцка.



Адметнай падзеяй свята стала і тое, што ў зале прысутнічала вядомая берасцейская паэтка Надзея Парчук (на фотаздымку), ураджэнка вёскі Ладараж, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка, пераможца шматлікіх літаратурных конкурсаў, якая адгукнулася на запрашэнне землякоў і разам з братам ды ўнучкай Аляксандрай прыехала з Брэста ў родную вёску, каб раздзяліць са сваімі землякамі ўрачыстую радасць свята.


Іграе Саша Лебядзькова


Гучнымі апладысментамі сустрэлі прысутныя сваю знакамітую зямлячку, былога кантралёра-касіра ашчаднай касы в. Ладараж. Уважліва лавілі кожнае сказанае ёю слова, кожны прачытаны верш з прыемнасцю суправаджаўся ўдзячнымі апладысментамі. Ды і не дзіва, тож кожны агучаны Надзеяй твор прысвячаўся роднаму краю, любай вёсцы, яе жыхарам, быў напоўнены шчырасцю і вялікай любоўю да родных мясцін, ззяў дабрынёй і цеплынёй яе сэрца, свяціўся сапраўды кранальнай паэзіяй – такой простай, такой даступнай і зразумалай, такой дарагой і жаданай кожнаму прыхільніку яе творчасці. Людзі розных узростаў з затоеным дыханнем слухалі Надзеіны вершы-прызнанні, вершы-споведзі, вершы-малітвы за родны кут, за светлае шчасце любай радзімы. Вось некалькі вершаў і ўрыўкаў з іх:

***
Куточак мой прыгожы,
Мой Ладараж святы,
Малюся ранак кожны
Я за твае жыты.

Каб што ўзышло – паспела,
Прыбралася з палёй –
Па-гаспадарску ўмела
У дбалых жыхароў.

Каб клеці і засекі
Напоўнілі пад столь,
Каб певень кукарэкаў
Між курак, бы кароль…

Калі ж вясна ўваскрэсне
Пад крыламі буслоў,      
Каб іх маё Палессе
Вітала, бы паслоў. 

Каб рунь зазелянела
І расцвілі сады,
Каб сонца адагрэла
Ў Чарнітаве брады.
            
Каб поле загудзела
Ад новых трактароў,
Каб хлебароб умелы,
Дай Божа, быў здароў.
             
Каб гусі гагаталі
На беразе ракі,
Лілеі расцвіталі
Ў затоцы ля лукі.

Каб не забыўся Зімнік  
Вяскоўцаў галасы 
Ды ліпеньскія ліўні
Не ўмялі каласы.

Хай мірнае світанне
Цвіце, не знае згуб!                 
Прымі дачкі вітанне,
Мой краю-працалюб!

             ***
Пакуль я з Музаю сябрую –
        Мне славіць толькі родны край,
        Зару, што ў небе вечаруе,
        А раніцою светліць гай.

Мне славіць сонца, што ў тумане  
Брыдзе па беразе ракі
Ды абуджае свежым ззяннем
Санлівы тварык асакі.

         Світанак славіць мне вясновы,
         Што белапеніцца, цвіце,
         Блакіт у жыце васільковы,
         Ад аблачынкі ў полі цень.
 
        І вас, жытнёвыя палеткі,
        Мне славіць кожнаю вясной,
        І родны сад, і ружы-кветкі, 
        І бэз, што стукае ў акно.

        Народ свой славіць працавіты,
        Здабыты ў поце каравай.
        Маімі продкамі абжыты,
        Цябе ўшаную, родны край!

                ***
       Мая радзіма, любыя вяскоўцы,
Малюся Богу я за вас усіх.
Няхай над вамі не згасае сонца
І не шкадуе промняў залатых!..

        З вялікай цікавасцю і ўвагай слухалі ўсе прысутныя абрадавыя песні ў выкананні мясцовага гурту “Ладаражаначка”. Зладжана і задушэўна гучалі меладычныя старадаўнія песні, разліваючыся далёка па ваколіцы і ўзлятаючы высока ў нябёсы. 
        Затым зноў гучалі вершы Надзеі Парчук, на гэты раз – у выкананні Юлі Дзямчук, Аляксандры Лебядзьковай. Дарэчы, Аляксандра прывезла з Брэста яшчэ і сінтэзатар і сыграла на ім некалькі песень. 
    Гледзячы на вясковых самадзейных артыстаў, таленавітую моладзь, самабытную паэтку, мімаволі ўспамінаюцца афарыстычныя словы: багата зямля беларуская на таленты. Ад  сябе ж дабаўлю: і вёска Ладараж з Ласіцкам – тасама.
      І ў заключэнне хачацца падкрэсліць: аб’яўленне бягучага года Годам малой радзімы ў нашай краіне было недарэмным, бо па-сапраўднаму садзейнічае ўздыму кіпучай актыўнасці грамадскіх мас, відавочнаму паляпшэню душэўнага настрою ў людзей, спрыяе росту яго духоўнасці, выхаванню патрыятызму і прыязнасці да ўсяго беларускага, з’яўленню новых твораў у пісьменнікаў, паэтаў, кампазітараў, мастакоў, наогул, садзейнічае развіццю літаратуры і культуры ў нашай дзяржаве.

Надзея ЛАДАРАЖАНКА