googlee76da6385aa73571.html Беларусь в стихах . Полесье - край родной .: У Год малой радзімы

Поиск по этому блогу

понедельник, 8 октября 2018 г.

У Год малой радзімы


                                

                                                  
                    Неардынарная сустрэча ў горадзе над Бугам

На пачатку кастрычніка бягучага года брэсцкая паэтэса Надзея Парчук як дарагіх гасцей прымала ў сябе дома настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Стытычаўскай сярэдняй школы Пінскага раёна Людмілу Іванаўну Сачкоўскую і вучаніцу 9 класа гэтай жа школы Ганну Тынавец.
Яны наведалі сваю знакамітую зямлячку з, так бы мовіць, рабочым візітам. Справа ў тым, што Ганначка з вялікай адказнасцю ўзялася за напісанне даследчай работы “Малая радзіма ў творчасці Надзеі Парчук”. Але як жа гэта па-літаратурнаму цікава напішаш, калі ні разу не сустракаліся з паэтсай, не размаўлялі з ёю, не чулі яе голасу, а тым больш – не адчувалі на сабе яе прыязнага позірку, дабрыні і цеплыні яе творчай душы? Вось з гэтай нагоды настаўніцы і давялося рана-ранюсенька сабрацца ў няблізкую дарогу, каб везці сваю падапечную ў абласны цэнтр, дзе зараз жыве паэтэса.
На шчасце дзень 3 кастрычніка выдаўся цёплым, па-асенняму пагодным, таму й дарога за вокнамі аўтобуса весела бегла-вілася наперад, раскрываючы перад пасажырамі ўсё хараство кастрычніцкай прыроды. 
Надзеі Мікалаеўне таксама не спалася. Яна раней звычайнага паднялася і  пачала рыхтавацца да сустрэчы з незвычайнымі гасцямі…
“Наша Ганначка – са шматдзетнай, прыстойнай сям’і, добра вучыцца ў школе, старанна дапамагае бацькам па гаспадарцы і падсабляе ім у выхоўванні малодшага браціка”, – пахваліла Людміла Іванаўна сваю вучаніцу, заходзячы ў пакой да паэткі. Тая лагодна зірнула ў вочы дзяўчынцы і сказала: “Вельмі прыемна. Паболей бы ў свеце такіх цудоўных школьнікаў і багатых на дзяцей сем’яў...” Так непрыкметна паміж землякамі і завязалася нязмушаная, цікавая размова трох пакаленняў, якая хутка перарасла ў па-сапраўднаму сяброўскі, творчы дыялог.


Хочацца заўважыць, што сустрэча доўжылася ажно пяць гадзін і атрымалася не толькі літаратурна-дзелавой, але і сапраўды шчырай, цёплай, паэтычна-творчай. Ганну Тынавец цікавіла ўсё пра жыццё і творчасць паэтэсы: калі напісала першы верш, поспехі і дасягненні ў літаратуры, чым жыве зараз, якія планы і задачы на будучае, які з уласных вершаў лічыць любімым, з якімі пісьменнікамі сябруе, што значыць для яе Дзень беларускага пісьменства, ці сумуе па радзіме, як часта наведваецца ў родныя мясціны? Надзея Мікалаеўна старалася змястоўна і грунтоўна адказваць на пастаўленыя пытанні сваёй даследчыцы. Тая ўважліва лавіла кожнае сказанае ёю слоўка, нешта занатоўвала ў блакноціку, фіксавала на смартфоне Дыпломы, граматы і іншыя літаратурныя ўзнагароды пісьменніцы.   
Затым госці зрабілі сабе на памяць некалькі здымкаў з паэтэсай, не забыліся і пра выставу яе ўласных кніг. Як настаўніца, так і вучаніца атрымалі ў падарунак ад Надзеі Парчук па некалькі кніг з аўтарскім аўтографам.
Час сустрэчы для ўсіх праляцеў незаўважна хутка, прыемна, а галоўннае – плённа. Развітваючыся з Надзеяй Мікалаеўнай, Людміла Іванаўна выказала цвёрдую ўпэўненасць на будучы год вітаць пісьменніцу ў Стытычаўскай школе ці нават у Доме культуры іхняй вёскі.

Ах, якая малайчына
Наша Ганна Тынавец!
Каб спазнаць сваю Айчыну,
Едзе ў Брэст, на Мухавец,
Дзе жыве яе зямлячка –
Ў свет пасланы Богам дар –
Красамоўная мастачка,
Краю роднага пясняр.

Думаецца, што гэтая сустрэча запомніцца ім на ўсё жыццё. Менавіта ў гэтым і заключаецца галоўны сэнс і найпершы вынік незабыўнай размовы, якая адбылася ў Брэсце, у доме па вуліцы Крынічнай.

Мікола ПАНАСЮК