googlee76da6385aa73571.html Беларусь в стихах . Полесье - край родной .: Вершы Надзеі Парчук

Поиск по этому блогу

воскресенье, 15 марта 2020 г.

Вершы Надзеі Парчук





З Міжнародным днём жанчын!

Гляньце хуценька ў акно –
Ужо вясна ў варотах,
Сцеле зелень-палатно,
Рупіцца ля плота. 
     
Сакавік да нас прыйшоў,
Прэч, марозец шэры!
Свята стукаецца ўжо –
Адчыняйце дзверы.

З Міжнародным днём жанчын –
Прыгажунь вітаю!  
У праталінак-лагчын
Рыфмы пазычае. 

Каб натхнілася душа   
Паляшуцкакай мовай…      
Дай жа, Госпадзі, спярша –
Кожнай быць здаровай.     

Сілы й моцы ўсім дай Бог,
Ад турбот збавення,
І шчаслівых вам дарог,
І благаславення.

Светлай радасці прашу
З добрае прычыны:
Ахіні, Гасподзь, душу
Кожнае жанчыны.
                                   

            *** 
Апранаюцца ў зелень сады,
Расквітнеліся яблыні, грушы,
І лягчэюць за спінай гады,
Маладзеюць зноў нашыя душы.

Ах, як хочацца жыць і любіць
Белы свет і чаромхавы водар!
Дык трымайся, жыццёвая ніць,
Прадаўжайся, жыцця асалода!  


                   ***          
Абсыпана кветам галіначка кожная,
Бы снегам пушыстым зімой.
Якая ж ты, вішанька, сёння прыгожая! –
Век бы стаяла з табой.

Так бы і дыхала водарам слодычы,
Душу гаіла красой,
Сэрца чуллівае пахам спатолячы,
Ранак вітала б з расой.  

Ды птушкай вірлівай жыццё пралятае,
Хутка і квет абляціць.
Сёння вясну мы з табою вітаем
І дай Бог да новай дажыць! 


  Кожнаму паэту свой куток 

Кожнаму паэту свой куток
Усявышнім дорыцца аднойчы,
Каб апеў ён кожны каласок,
Мільгаценне зорачак уночы.

Каб праславіў ён зямлі красу,
Веснавой прыроды аднаўленне.                  
Долю я паэтаву нясу
І малю ў нябёсаў бласлаўлення.

Слаўлю кут свой гэтак, бы раней
Услаўлялі прашчуры калісьці,  
Каб унукам стаў за ўсё мілей,
Дапамог на шлях любові выйсці.


  Роднай Беларусі     

Я сваёй Беларусі да зямлі пакланюся
І прызнаюся шчыра ў каторы ўжо раз,
Што ўранні і ўвечар з чыстым сэрцам малюся,
Каб яна працвітала і мужнела шточас.

Нібы сейбіт у полі, нестамлённа шчырую,
Сею зерне любові, каб шчаслівым быў лёс.
За яе дарагую малітоўна прашу я
Бласлаўлення святога ў высокіх нябёс.

Я сваёй Беларуссю ўсё жыццё ганаруся
І шаную, бы маці дарагую сваю,
У любові даччынай толькі ёй прызнаюся,     
Ёй адзінай на свеце звонка песні пяю…   

                                                               
Мой ранак ружовы...   

Мой ранак ружовы
Са мной павітаўся –
Ў абшары вясковым
Святлом разаслаўся.

Зноў еду я ў госці
Сустрэцца з радзімай,
А сэрца чагосьці
Ў сумоце адзінай.

Напэўна, дом родны
Мяне зачакаўся,
Гаворкай пяшчотнай
Даўно не натхняўся.

Дарога наперад
Бяжыць і гукае,
А ў сэрцайку верад
Шчыміць, не сціхае:

Як там, пад бярозкай,         
Спяць мама і тата?..
Ці знаюць, што ў вёску  
Я еде на свята?

Вунь крыж прыдарожны
Са мной павітаўся.  
Ах, як ён прыгожа  
Да свята прыбраўся!

Мой ранак ружовы
Над лесам палае –
Ў абшары вясковым
Святло расцілае...


Старонка мая дарагая!..   

Старонка мая дарагая,
Гукаеш-завеш да сябе.  
Я гэта штодня адчуваю
І ў шчасці сваім, і ў журбе. 

Я чую твой гоман здалёку,
А ён мне такі дарагі!
Бо я ж з гэтых самых вытокаў,
Адны ў нас з табой берагі.

Твой голас пяшчотна-лагодны,
Казала і зноўку скажу,
Што ён мне – найлюбы і родны –
Натхняе і гоіць душу.

Што мне без яго гэтак сумна, 
Як птушцы ў краінах чужых,    
І я, замаўкаючы думна,          
Малюся за продкаў сваіх.

                                        Надзея Парчук