googlee76da6385aa73571.html Беларусь в стихах . Полесье - край родной .: С юбилеем !

Поиск по этому блогу

среда, 8 марта 2017 г.

С юбилеем !



Да слаўнага Юбілею
сына і песняра беларускага народа,
слыннага паэта-берасцейца,
шаноўнага Міколы Панасюка

У кожнага свой лёс, і здольнасці, і талент.
Нам Бог дае жыццё, і долю, і любоў.
Пакуль яно цвіце, пакуль душа спявае –
Не згасне ў грудзях жар, не паастыне кроў.

Дык дзякуйце таму чароўнаму імгненню,
Калі крылаты спеў сягае аж да зор.
Маліцеся, каб ён для новых пакаленняў
Служыў і саграваў, бы вогнішча касцёр.

У кожнага свой лёс, і здольнасці, і талент,
І галасы свае, нібы ў святых званіц…
Я сёння ад душы віншую Вас, вітаю!
Хай песняю жыццё Вам хораша звініць!

Надзея Парчук
        

З ідэяй міру і дабра

Міколе Панасюку

Як толькі збегла прэч зіма
І ў небе сонца ажыло,
Яго шчаслівая вясна
Прынесла ў роднае сяло.

Гасподзь з блакітнай вышыні
Той, сакавіцкаю парой
Паслаў дзіцятку дабрыні,
Благаславіў святой зарой.

І дарам творчым надзяліў,
Каб родны кут і край апеў,
Каб так Айчыну палюбіў,
Што разлюбіць ужо не смеў.

Ды люд не знаў, што немаўля –
Як падрасце, як прыйдзе час –
Натхніць бацькоўская зямля,
Пакліча зваблівы Парнас.

І ўжо адтуль, бы рупар той,
З ідэяй міру і дабра
На мове матчынай святой
У неба вымаліць святла.

Напіша стосы добрых кніг
Пра чалавечае жыццё,
Аб сіле духу, дабрыні
Распавядае з пачуццём.

Сваё Палессе апяе
І роду любасны выток,
Які й цяпер сіл надае,
Гукае ў бацькавы куток.

Сардэчнай ласкі да людзей       
Ён ад бацькоў сабе займеў
І як сапраўдны дабрадзей
Дзяліцца ёю шчодра  ўмеў.    

Ён і цяпер такі ж, як быў, –
Спагадны, чулы да людзей,  
Душы багацце не згубіў,
Яно за ім услед ідзе.

А мары мкнуцца да нябёс –
Туды, дзе рдзееца зара.
Дык хай спрыяльным будзе лёс
Паэта, творцы, песняра!

Надзея Парчук



Прызначана славіць свой край
“У задуменні перад вялікім
і гераічным жыццём”

Калісьці, на зары сваёй літаратурнай дзейнасці, малады журналіст Мікола Панасюк  прызнаваўся:
  
Не выдаў я пакуль што кніжкі,
Але, паверце, не журуся:  
Кладу пакосы, нібы нізкі,
На лузе росным Беларусі. 
Пішу за вёскаю – плугамі,
Пішу у чэрвені – касою.
Лугі мне дзякуюць стагамі
І пояць чыстаю расою…

Але час ніколі не стаіць на месцы, ды і людзі не сядзяць, склаўшы рукі, а тым больш творчая чалавечая душа, якая выбрала сабе прафесію журналіста.  А журналістыка, як вядома, – вечная сяброўка і спадарожніца не дамаседаў і кабінетчыкаў, а няўрымслівых дабравольцаў-вандроўнікаў, шукальнікаў нечага новага, цікавага, непаўторнага ў жыцці. Вось як па-сонечнаму захоплена пісаў паэт ў маладосці пра сваю журналісцкую працу:
  
Калі у травах спелых або ў жыце
На золку лета ззяе ад расы,
У вёску, хлопцы, пісьма не пішыце,
Бо я штодня мяняю адрасы…
Скачу ў начлег за вёску з табунамі,
Да ранку зноў вартую цішыню.
Як добры спаць улетку з туманамі
І плыць у снах праз звонкую вясну!

Мікола Панасюк па натуры – адзін з тых пілігрымаў-падарожнікаў, якія ніколі не дазваляюць сабе, ды і не маюць права, адседжвацца дома ці раслабляцца ў кабінетах. Як пералётны птах, ён заўсёды знаходзўся ў бясконцым руху, вечна некуды ляцеў, спяшаўся і – тварыў у розных літаратурных жанрах. Мікола Васільевіч і цяпер застаецца такім жа лёгкім на ўзлёт, крылатым птахам-буслёнкам гатовым па першаму воклічу душы і сэрца ў любую вандроўку. Ці не таму пачынаючы творца калісьці з глыбокім сэнсам і юнацкім густам ды любоўю выбірае сабе ў псеўданімы белакрылую птушку. Малады “Буслёнак”, у яго разуменні, служыць не толькі сімвалам роднай Беларусі, але і па натуры адпавядае характару мудрай і высакароднай чалавечай душы.
І не дзіва, што ў хуткім часе ў творцы народзяцца наступныя даволі ўдалыя паэтычныя радкі, якія засведчаць, што ён не сухі ілюстратар імгненняў жыцця, з’яў, фактаў ці падзей, не выпадковы чалавек у літаратуры, а выбраннік пакліканы музай; яны доказна засведчаць, што першыя яго крокі ў паэзію ўжо зроблены і даволі ўпэўнена і ўдала:

Хто я? Адкуль хлапчук Дзяніс?
Казаў мне дзед, што ад бусла...
Сінечу неба зверху ўніз,
Як Божы дар, мне Бог паслаў.

Ад бацькі – плуг і баразна,
Ад птаха – моцнае крыло.
Бусліным клёкатам вясна
Будзіла роднае сяло.

Так вобразна і ўзнёсла, так захоплена пісаў паэт напачатку свайго творчага жыцця. Крыху пазней Мікола Панасюк выступіць ужо ў ролі абаронцы, заступніка свайго народа, сваёй міралюбівай нацыі, у яго напішуцца яшчэ мацнейшыя строфы:
  
Ці хто сказаў, што беларус
Чужое некалі загроб?
Нашто нам крадзены абрус
І нават сто чужых Еўроп?!

Услед за гэтымі радкамі паэт з гонарам за сваіх людзей, сваю краіну роздумна заўважыць:

У чужынцаў – злавесная манія:
“На Усход… На Усход… На Усход…”
Ды прайшлі мы з баямі Германію –
Перамогу святкуем штогод!

Калі ж паглядзець у творчую бібліяграфічную скарбонку Міколы Васільевіча праз 50 гадоў, дык – дзіва дзіўнае! Колькі ж кніг рознага жанру за сваё пісьменніцкае жыццё выдаў гэты адораны прыродай руплівец мастацкага слова! Цэлы стос паэзіі, нарысаў, дакументалістыкі, публіцыстыкі. Цікава, што паэтычны зборнік “Крык немаўляці” перавыдаваўся ажно дзевяць разоў! А колькі ж яшчэ твораў рознага жанру раскідана па шматлікіх перыядычных выданнях саюзнага, рэспубліканскага, абласнога ўзроўню, па калектыўных зборніках!  А яшчэ ж Мікола Васільевіч уклаў і адрэдагаваў не адну кнігу пачынаючым літаратарам, сябрам, калегам па пяру.
І пра каго толькі не пісаў гэты таленавіты, шчодры на сардэчную цеплыню  і добрае слова шчыроўца! Каго толькі не славіў за свой пісьменніцкі век, каму толькі не прысвячаў узнёслыя, пранікнёныя вершы, нават паэмы, цэлыя дакументальныя аповесці, літаратурна-публіцыстычныя артыкулы, змястоўныя нарысы, багатыя па зместу водгукі на выдадзеныя кнігі, цікавыя  рэцэнзіі на творчасць літаратараў! Гэтымі шчасліўцамі з’яўляюцца – знакаміты на ўвесь свет беларускі кампазітар Ігар Лучанок, выдатны аграрнік Брэстчыны Аляксей Скакун, літаратуразнаўца, прафесар, кандыдат філалагічных навук Уладзімір Калеснік, Георгій Лебедзеў, Уладзімір Вялічка, дзяржаўныя і ваенныя служачыя, шматлікія літаратары, у тым ліку і аўтар гэтага артыкула, працаўнікі вёсак – ды хіба ўсіх пералічыш, чые прозвішчы і імёны апеты і ўвекавечаны ў аўтарскіх  кнігах Міколы Панасюка?! Нават (на маё шчырае здзіўленне) “Дзеду з вёсачкі Парэ”, якая гранічыць з маім Ладаражам, прысвяціў цудоўны верш! І да касманаўтаў дабраўся – Уладзіміра Кавалёнка, Алега Навіцкага, Аляксея Лявонава ды іншых. А двойчы Герою Савецкага Саюза Пятру Клімуку нават кнігу прысвяціў “Арыенцiр − сузор'е Арыён“, якая ў сувязі з 40-годдзем з дня яе выхаду і 75-годдзем Пятра Ільіча ў     2017 годзе перакладзена на рускую мову спецыяльна для другога кніжнага выдання “К СОЗВЕЗДИЯМ”.
У ёй аўтар крок за крокам, вярста за вярстою раскрывае жыццёвы шлях  лётчыка-касманаўта – выхадца з вёскі Камароўка Брэсцкага раёна. Шлях юнага берасцейца ў вялікае, нязведанае жыццё даследчыка бяжмежнага Сусвету, падаецца аўтарам як новае праяўленне ўсенароднага лёсу.
Спасціжэнне і веданне жыцця для пісьменніка – катэгорыя не эмпірычная, яна закранае яго светапогляд, уключае ў сябе пачуццё адказнасці і гонару за кожную дробязь адлюстраванага чалавечага развіцця, філасофію жыцця, усебаковае, глыбокае і поўнае яго асэнсаванне.  Руплівец таму і звяртаецца да публіцыстычнага жанру, каб чытач, як і сам пісьменнік, мог душою адчуць і сэрцам ўбачыць вялікія здзяйсненні народа, яго велічны духоўны свет.   
Мікола Панасюк упэўнены, што з дапамогай нарысаў у наш час магчыма не толькі ствараць найбольш поўную, найбольш шырокую, а іншым разам і больш драматычную, больш глыбокую па эмацыянальнай напоўненасці панараму рэальнасці, але і, як ніколі раней, быць першапраходцам, даследчыкам новых тэм, з’яў, канфліктаў, песняром герояў-сучаснікаў.
Мімаволі задумваешся: адкуль гэта ў яго – хлопчыка з хутара, простага, сціплага чалавека-селяніна столькі цікавасці, зычлівасці і спагады да людзей, столькі гонару за іх дасягненні, за росквіт краіны, столькі кіпучай энергіі, захаплення і любові да жыцця, да акаляючага свету, да хараства роднай зямлі?
Але, калі зірнуць на здымкі маладога, дый 55-гадовага Міколы таксама, калі ўглядзецца ў яго вясёлыя, усмешлівыя вочы, поўныя светлых, прамяністых іскрынак непагаснай радасці, то становіцца  зразумела, адкуль у гэтага ўлюбёнца ў свет, у літаратуру, закаханца ў паэзію такія чыстыя памкненні, такія свежыя думкі, узнёслыя мары. Ды – з глыбіні душы ягонай! З донца ягонага гарачага сэрца ўсё ідзе! З глыбінь жыватворных народа нашага ўсё гэта льецца, бо сам пісьменнік – выхадзец з народа, з глыбінкі палескай.
А колькі душы і сэрца, колькі цёплых пачуццяў і літаратурннага майстэрства ўкладзена ў невялічкі зборнік паэзіі “Як Божы дар”! Сама ўжо філасафічна-духоўная назва кнігі гаворыць аб глыбіні думкі і мудрасці паэта-мысліцеля. Мікола Васільевіч – сапраўдны сын, патрыёт і сучасны пясняр беларускага народа, роднага краю, зямлі нашай. На яго вершы напісана музыка знакамітым беларускім маэстра Ігарам Лучанком, брэсцкім кампазітарам Фёдарам Мазалём, Веньямінам Васіленкам, Валянцінам Перапёлкіным з Іванава ды іншымі мясцовымі кампазітарамі.       
Мікола Панасюк і сапраўды – узнёслы паэт-лірык, таленавіты пісьменнік-нарысіст, публіцыст, здольны распавядальнік, шчыры закаханец у мілагучнае беларускае слова. Сваёй чыстай, вечна юнай душой аўтар, нібы летуценнік, здольны па-дзіцячы светла захапляцца хараством прыроды, узнёсла марыць, высока ўзнімацца над будзёнасцю і сумятнёй, тонка адчуваць адценні жыцця, цаніць імгненні часу. Ён сам разумее і нас прымушае задумацца над сэнсам і законамі жыцця, Божым светам, а галоўнае – узгадаць, што мова наша – гэта вялікі скарб нацыі, кожнае слова – важнае, сэнсоўнае, выпеставанае мудрасцю продкаў нашых.  
Чытаеш паэзію М. Панасюка і адчуваеш біццё яго неўтаймаванага сэрца, высокі палёт ягоных думак, прыгожых мараў, трапяткой душы, уяўляеш шырокі размах яе крылля. Здаецца, разам з ёю і сам узлятаеш у блакітнае неба, пад самае сонца, туды, дзе кружляюць шчаслівыя буслы… Гэтак расчуліць і акрыліць здольна толькі сапраўдная Паэзія. Менавіта ёю і заваёўвае нашы сэрцы і душы  выдатны майстар слова, ураджэнец в. Галоўчыц Драгічынскага раёна, наш дарагі зямляк і сябра – Мікола Панасюк.  
А вось у дзевятае выданне зборніка “Крык немаўляці” уключана эпісталярная перапіска юнага паэта са школьніцай Яўгеніяй Янішчыц. З яе бачна, што пачынаючая паэтка падбадзёрвае сябра, дзе-нідзе робіць яму свае заўвагі, дае парады ў напісанні вершаў, дзеліцца сваімі поспехамі. Мне нават хочацца верыць, што “палеская ластаўка” не адзін верш прысвяціла Панасюку, хаця адкрыта аб гэтым ў яе лістах не гаворыцца. Вось, дапрыкладу, верш юнай Яўгеніі, дасланы Міколе: Я не ведаю дня, // Я не ведаю ночы, //  Я шукаю цябе, // Твае сінія вочы. // І ў кожнай расінцы, // І ў кожнай крыніцы // Мне твая маладосць // Незабыўнная сніцца. // Я шукаю цябе, // Я шукаю дарогу. // Ты прыйдзі да мяне, // Маё сонца, трывога. // Я стамілася ўжо, // Калі змерала вёрсты. // Лепш найдзі ты мяне – // Гэта ж так усё проста. А пад такімі чуллівымі, кранаючымі радкамі паэтка дапісвае: “Ты, мабыць, злуешся на мяне? Дык не трэба злавацца. Памятай, што юнацтва – гэта самы неспакойны, узрушаны вір жыцця. Да пабачэння”.
Напрыканцы свайго расповеду хочацца адзначыць, што дзяржаўныя кіраўнікі вобласці, многіх раёнаў, рэспубліканскіх СМІ ў сваю чаргу не забывалі пра рупара праўды і ідэй жыцця нашай краіны, заўважалі яго талент, клопат і адданасць патрэбнай справе, цанілі ягоную нялёгкую працу, яго недасыпанне і стараннасць і – узнагароджвалі Ганаровымі граматамі, Падзячнымі пісьмамі, дыпломамі, прэміямі. Дома ў Міколы Васільевіча ўся сцяна пісьменніцкага пакоя абвешана гэтымі ўзнагародамі. А ў цэнтры іх красуецца Дыплам ад Мінскага Патрыярхата і Беларускай Праваслаўнай Царквы і Удзячнасць за плённую працу ў гонар Святой Царквы ад мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха усея Беларусі Філарэта, якімі пісьменнік ганарыцца і даражыць па-асобліваму.
Не абыходзілі бокам паважанага майстра слова і сябры ды калегі па пяру. Так, напрыклад, змест зборніка “Як Божы дар” суправаджаецца вершам-прысвячэннем і выдатнай, грунтоўнай рэцэнзіяй “Плады перад вачыма” Міколы Бусько, а заканчваецца – шчырым, змястоўным артыкулам Алены Капачовай “Шукаць і знаходзіць”. Да дзевятага выдання зборніка “Крык немаўляці” спрычыніўся журналіст Аляксандр Курэц сваім прасторным артыкулам “Паэтычны пошук на мяжы стагоддзяў”.
І ў заключэнні дабаўлю: хаця у вершах Міколы Панасюка прама не гаворыцца, але выразна адчуваецца прыналежнасць ягонай душы да вышэйшай духоўнасці. Бо што б мы ні рабілі тут, на зямельцы нашай, чым бы ні займаліся – нас бачыць Бог, на нас глядзяць Нябёсы. І аб гэтым ведае і памятае аўтар. Нездарма ж Гасподзь так шчодра адарыў яго светлым розумам, літаратурным талентам, стваральнай душой. Як дбайны араты, ён вось ужо паўвеку з дапамогай пяра і мастацкага слова старанна рупіцца – вядзе сваю баразну ў высокую паэзію, шукае дарогу да людскіх душаў, пракладае шлях да любові і міру. Карацей кажучы, імкнецца пакінуць на зямлі глыбокі след чалавечнасці і светладушша, аддзячыць нябеснаму Творцу за яго вялікую ласку і міласць да сваёй сціплай чалавечай асобы.
Дык пажадаем і мы, чытачы і прыхільнікі ягонай творчасці, члены пісьменніцкай суполкі нястомнаму рупліўцу – моцнага здароўя, доўгага веку, новых поспехаў на літаратурнай ніве і новых узнагарод за нялёгкую творчую працу!    

Надзея Парчук,
член Саюза пісьменнікаў Беларусі


Наш музыкальный подарок –
песня для юбиляра –
«МОИ ГОДА – МОЁ БОГАТСТВО»