googlee76da6385aa73571.html Беларусь в стихах . Полесье - край родной .: Людзі і падзеі

Поиск по этому блогу

пятница, 2 июня 2017 г.

Людзі і падзеі

З любоўю да роднага слова, альбо

Усцешыцца сваім і ўзвысіць сваё!


Якраз напрыканцы навучальнага года ў СШ № 12 г. Брэста адбылася творчая сустрэча паэта і публіцыста Надзеі Парчук з вучнямі 5-7 класаў. Сустрэча была арганізавана настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры –  Аленай Барысаўнай Піскун і Наталляй Мікалаеўнай Антановіч. Гэтыя старанныя рупліўцы на ніве адукацыі і выхавання падрастаючага пакалення штогод стараюцца ладзіць сваім вучням творчыя сустрэчы з берасцейскімі пісьменнікамі і паэтамі, бо ўпэўнены, што такія знаёмствы застаюцца ў памяці на ўсё жыццё.
Гэтым разам нястомным сейбітам беларускасці пашчасціла як ніколі: вучаніца 5 “Б” класа Аляксандра Лебядзькова аднойчы  прынесла на ўрок беларускай літаратуры зборнік вершаў, вершаваных казак, загадак, лічылачак Надзеі Парчук “Венерын чаравічак” і  з гонарам прызналася, што аўтар кнігі – яе бабуля. Так праз сваю вучаніцу настаўнікі і выйшлі на сувязь з паэткай.
Варта адразу падкрэсліць, што гадзіна, адведзеная на творчую сустрэчу, праляцела незаўважна для ўсіх удзельнікаў літаратурнага мерапрыемства – як для вучняў, так і для настаўнікаў. Па прапанове паэткі дзеці прыдумвалі назву літаратурнай сустрэчы і запісвалі яе на дошцы, адказвалі на пастаўленыя пытанні і, канешне, пыталіся пра тое, што цікавіла іх.


Адчувалася, што не толькі дарослыя, але і школьнікі загадзя рыхтаваліся да незвычайнага жыццёвага ўрока. Напрыклад, сямікласнік Мікіта Карпаў вывучыў біяграфію Надзеі Парчук і пазнаёміў з ёю усіх прысутных. Вікторыя Яровіч, Кацярына Ферафонтава, Ганна Рабава, а таксама ўнучка паэткі чыталі на памяць яе вершы.
Дасканальна прадумала сваё выступленне і сама Надзея Мікалаеўна. Як творца яна старалася зацікавіць і паяднаць усіх вучняў адной ідэяй: любоўю да  роднага слова; імкнулася акунуць іх у святло і хараство роднай мовы, насаладзіць іх душы яе звонкасцю і мілагучнасцю. Паэтцы ўдалося наладзіць кантакт са сваімі цікаўнымі слухачамі так, быццам гэта была не першая сустрэча з імі, а шчырая размова з даўно знаёмымі сябрамі – аматарамі беларускай паэзіі. Адным словам, сустрэча вялася нязмушана, а выступленне паэткі было перасыпана кранальнымі патрыятычнымі ды лірычнымі вершамі.
Перш-наперш Надзея Мікалаеўна звярнулася да дзяцей з наступнымі цёплымі вершаванымі радкамі:

І як жа ў мяне вас багата!
Сышліся якраз бы на свята,
Мае беларусікі шчырыя,
Зляцеліся, нібыта з выраю.
Глядзець я у вочкі вам рада,
Хай дзень гэты стане нам святам!


Павітаўшыся з прысутнымі, паэтка запыталася:
– Дарагія вучні, што для  ўсіх нас самае дарагое на свеце?
– Зямля! Радзіма! Маці! Беларусь! – пачуліся галасы.
– Правільна! Ну дык давайце славіць і ўзвышаць сваё багацце, давайце апяваць сваё бясконца роднае і дарагое, ганарыцца ім.
І з вуснаў творцы паліліся ўзнёсла кранальныя словы прызнання:
       
О Беларусь! Ты – песня маці,
Малітва прашчураў-дзядоў!
Ты – мова родная у хаце
І над сялом кругі буслоў.

Ты – плёсы рэк і гладзь азёраў,
І чысты звон жывых крыніц,
Палёў жытнёвыя прасторы,
І пах салодкі медуніц.

Ты – шум бярозавай лістоты,
Рачулкі вольнай берагі,
Сардэчнасць матчынай пяшчоты,
Парог бацькоўскі дарагі.                      

Раздолле ты майго Палесся
І шыр бяздонная нябёс,
Мая журба, любоў і песня,
 Надзея, вера і мой лёс...

Дык як жа мне, скажы, стрымацца,
Як не прызнацца – дарагой,
Што ты мая навечна маці
І гонар ты таксама – мой! 
                                         (Прызнанне Радзіме)

Пасля гучных апладысментаў паэтка прадоўжыла:

Хочаш ведаць, адкуль я такая?
Дык адказам цябе зажуру.
Я – вясковая, не гарадская,
Чуеш, мовай сваёй гавару.

Сейбіт я векавечнага слова.
Чысты аркуш – ёсць поле маё.
Каб жыла беларуская мова –
З дарагою шчырую душой.

А насення ў мяне ёсць даволі:
Дбайны прашчур у спадчыну даў.
Рассяваю зярняты паволі –
Не хачу, каб унук галадаў.
                                           (Я – вясковая)

Дарагія сябры, нашыя продкі і сапраўды былі надзвычай дбайнымі, беражлівымі і мудрымі людзьмі, таму пасля іх нам і дасталася такая прыгожая, такая чыстая, без усялякага забруджвання, брыдкаслоўя і непатрэбшчыны, па-сапраўднаму шчырая, звонкая, сакавітая беларуская мова. Не, яна не мужыцкая, як некаторыя думаюць! Яна – княжацкая.  Нездарма ж яшчэ ў ХV стагоддзі знакаміты швейцарскі славіст-мовазнаўца Бернд Гэрбель сказаў: “З усіх славянскіх моў – беларуская мова – самая прыгожая і мілагучная”.
Бачыце, як высока ацаніў прыгажосць нашай мовы чалавек іншай нацыянальннасці. Дый у наш час паводле статыстыкі ЮНЕСКА (Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах навукі, адукацыі і культуры) лічыцца, што беларуская мова – другая па прыгажосці і мілагучнасці пасля італьянскай.
Так што нам ганарыцца трэба сваёй мовай, берагчы яе і развіваць, каб не згінула святыня нацыі нашай. Бо калі загубім галоўнае народнае багацце, то тады не толькі не замаліць нам грахоў нашых ні перад сваімі нашчадкамі, ні перад Богам, які даў нам зямлю пад сонцам і непаўторную мову ў карыстанне, але і самі як нацыя знікнем з зямлі гэтай навечна. Не, я не за тое, каб у нашых школах не вывучаліся замежныя мовы, іх трэба ведаць, вывучаць і паважаць таксама трэба, а вось сваю, родную мову мы не толькі ведаць абавязаны, але і – любіць павінны, як любім родную матулю.


Я з павагай табе,   
Мая родная мова,
Ў светлы дзень і ў журбе
Пакланіцца гатова.

Кожны звонкі твой гук,
Прамяністае слова –
Я хачу, каб унук
Мой прыняў за аснову,

Падхапіў і панёс
Па жыцці, як святыню...
За цябе да нябёс
Я маліцца не кіну.  
                                 (Вернасць)

А вось яшчэ верш пра роднае і дарагое слоўка:

Я да нашай сустрэчы
Ў дзень цудоўны такі
Аб любові спрадвечнай                   
Напісала радкі.

Залаціначкі-словы  
Адбіраліся ў верш –
У сваёй роднай мовы,
У матулі найперш.

Каб гучалі, бы звоны, 
Сэрцы лашчылі тым,
Хто ў свой край улюбёны –
У куточак святы!    

Не пытайце, дзе словы
Я знайшла для радкоў, –   
На Палессі вясковым   
Іх – бы ў пушчы дубкоў. 
                                (Залаціначкі-словы)

Дарагія вучні, вам у адрозненне ад школьнікаў нашага, больш сталага пакалення, шанцуе ў тым, што дадзена магчымасць сустракацца з сучаснымі пісьменнікамі, паэтамі.
Больш таго, вы можаце сустракацца з творцамі ў гарадскіх бібліятэках, дзе яны ладзяць розныя літаратурныя мрапрыемствы – прэзентацыі сваіх і калектыўных кніг, альманахаў, юбілейныя вечарыны. У наш час такой магчымасці не было. За 10 гадоў вучобы ў школе мы ў вочы не бачылі ніводнага пісьменніка. Ніхто з іх не прыязджаў у нашу Ладаражскую школу. І нас на літаратурныя сустрэчы не запрашалі. Таму ў вучняў складвалася думка, што паэты нараджаюцца вельмі рэдка, што ў наш час калі дзе-небудзь і ёсць літаратурны талент, то жыве ён хіба што ў сталіцы. Хто ж з ладаражцаў ведаў, што будучы вершапісец ужо жыве сярод іх?! І я гэтага не ведала.    

Цяпер у нас другія магчымасці і другія хуткасці, як кажуць. Цяпер амаль пры кожнай бібліятэцы існуюць творчыя клубы ці літаратурныя аб’яднанні. І нават у некаторых школах арганізуюцца літаратурныя гурткі. Таму і творчых людзей намнога болей стала. У свой час сам вялікі рускі паэт Аляксандр Пушкін прадракаў, што праз 100 гадоў кожны другі чалавек паэтам будзе. Дык няма чаго і здзіўляцца такой вялікай колькасці творчых людзей у наш час, бо з дня памяці Аляксандра  Пушкіна  мінула больш 180 гадоў.

               ***
Я ўсё думала, як адшукаць,
Дзе знайсці мне адзіныя словы,
Каб з любоўю сардэчнай сказаць
Пры сустрэчы ў час нашай размовы.

Як убачыла вас я, сябры, –
Патанула у позірках чыстых
Вашых добрых вачэй прамяністых
І магу гаварыць да зары.

Мне пачуццяў сваіх не стрымаць –                
Я ж так доўга сустрэчы чакала,
Я ж так бачыць усіх вас жадала,
Каб са шчырасцю сёння сказаць:

Вы ў мяне – не такія, бы ўсе,
Вы ў мяне – з крышталю дарагога,
Вы мне лёсам пасланыя й Богам,  
Нібы зорачкі ў светлай красе.

Мне цяпер сваіх слоў не стрымаць – 
Неяк самі ірвуцца на волю...
Божа, дай вам шчаслівую долю,
Навучы гэты свет шанаваць!
   

                      ***              
Нікому я ў жыцці ніколі не зайздрошчу
І спачуваю тым, хто ў горы і бядзе.
І хоць лёс мой без літасці хвошча,
А я плыву далей, як ветразь па вадзе.

А я ж яшчэ заву ўдаль іншых за сабою,
Прашу-малю я ў іх, кабверылі ў сябе,
Не патаналі ў зле і ў крыўдзе з галавою,
Не апускалі рук у цяжкай барацьбе.

І толькі гэтак мы чагосьці будзем варты,
І толькі так мы ўсе пакінем добры след.
Жыццё пражыць, павер, дастойнае – не жарты. 
Нас вера і любоў выводзіць на прасвет!    

                     * * *
Хай радуецца той, хто бачыць свет вачыма,
Хто чуе перазвон– разліты са званіц!
Хай не сумуе той, каму ўжо немагчыма
Ні ўслухацца ў званы, ні ўбачыць навальніц!

Хай радуецца той, хто бегае і ходзіць,
Хто цяжкасці свае адолеў, перажыў.              
А колькі ж іхні дзе ратунку не знаходзіць.
О Госпадзі, Ты іх надзею не тушы!

Хай радуецца той, хто ў свеце найшчаслівы!
Шчаслівы чалавек другім падасць руку.
О Божа дарагі! О Божа міласцівы!
Усім дапамажы праплыць жыцця раку...


  З любоўю і мірам да вас...

Між вашымі душамі й сэрцам сваім
Я сцежку дабра пракладаю,
Заўзята малюся нябёсам святым
I шчасця прашу свайму краю.

Спяшаюся трапіць да кожнага з вас,
Каб скарбам сваім падзяліцца,
Каб кожнаму выпала ў суджаны час
З  крыніцы святла прычасціцца.

Спяшаю, гукаю – і рэха ў адказ:
“З любоўю і мірам да вас...”

            ***           
Срэбракрылай птушкай слова
Разлуналася на здзіў…
Мова, матчыная мова,
Па жыцці мяне вядзі –     
Да людзей, да зор, надзеяў,
Да высокіх светлых мар,
Каб ніколі і нідзе я
Не зраклася родных чар –
Спакон вечных і жывучых,
Генетычных каранёў.
Заставайся неўміручай
І – асноваю з асноў!

Акрамя гэтых твораў прагучалі яшчэ вершы, прысвечаныя паэткай роднай вёсцы Ладараж, гераічнаму Брэсту, людской дабрыні і спагадзе. А ў заключэнне яна сказала:
− Дарагія мае чытачы, нам, літаратарам, прыемна адчуваць, што не толькі адны паэты і пісьменнікі, якія пішуць па-беларуску, падтрымліваюць і развіваюць сваю мову, літаратуру, культуру, але і, што акрамя нас, ёсць яшчэ нястомныя носьбіты – актыўныя, прамяністыя агеньчыкі, якія цяплом сваіх сэрцаў стараюцца сагрэць новыя парасткі зямлі беларускай, прывіць ім любоў да беларускай мовы, роднага слова, да ўсяго лепшага і прыгожага, што дайшло да нас з мінулых часоў… І гэтымі прамяністымі агеньчыкамі з’яўляецеся вы,  шаноўныя настаўнікі, руплівыя дбайцы на ніве будучыні нашай. Гэта пад вашым нястомным наглядам і даглядам устае і зелянее маладая рунь зямлі беларускай.І хто ведае, можа, вашыя намагані не прападуць марна, можа, і з вашай 12-й школы выйдуць не толькі добрыя, адукаваныя, граматныя людзі, адданыя патрыёты сваёй Радзімы, але і знакамітыя пісьменнікі. Дай Бог!
А пакуль што ад усёй душы дзякую вам, паважаныя настаўнікі, за ваш  клопат, за вашу самаадданасць і руплівасць у выхаванні падрастаючага пакалення! Здароўя вам і Божай падтрымкі!
А вам, дарагія вучні, жадаю шчасліва і з карысцю правесці летнія канікулы, набрацца новых сіл, каб у верасні прыступіць да адольвання наступнай ступенькі школьнай праграмы. Здароўя ўсім вам, дарагія, і вашым бацькам, любові і дабра ў вашыя сэрцы і ў вашыя сем’і!
Напрыканцы мерапрыемства Надзея Мікалаеўна атрымала ад удзячных арганізатараў сустрэчы кветкі, падарыла школе цэлую бібліятэчку ўласных кніг, а вось шаноўнай Алене Барысаўне асобна ўручыла новы зборнік духоўнай паэзіі “Святло няскоранай душы”, усім жадаючым вучням − падпісала па зборніку паэзіі “Ладараж”.

                                                                  Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ,
                                                  старшыня Брэсцкага аддзялення
                                                         Саюза пісьменнікаў Беларусі