googlee76da6385aa73571.html Беларусь в стихах . Полесье - край родной .: Кладзецца ў будучыню след

Поиск по этому блогу

четверг, 17 мая 2018 г.

Кладзецца ў будучыню след



                   

  


Працяг. Пачатак глядзіце пад назвай
"Вершы Надзеі Парчук, прысвечаныя малой радзіме"



                    2
Добразычлівым пажаданнем
Дзед скончыў гутарку, прыціх,
А ў сэрцы грэлася прызнанне,
Любоў да прашчураў сваіх.
       
Сядзеў дзядуля ў задуменні,
Як быццам нас не заўважаў, 
Ды мы чакалі з разуменнем –
Ніхто яго не пакідаў.

Душа дзядулева балела
За лёс мясцінаў дарагіх,
Ёй бачыць вечнымі карцела
Свае ў цвіценні абсягі.

Яна, радзімая, хацела
Каб вечна вёсачка жыла,
Каб працвітала і мацнела,
Духоўнасць свята берагла.

З тых пор прайшло ўжо паўстагоддзя,
Сышоў дзядуля ў іншасвет…       
Зямелька наша жыта родзіць,
Кладзецца ў будучыню след.


                   Ладаражская непаўторнасць     

Чым славіцца нашая вёска? 
Мясцінай прыгожай сваёй,
Дзе явар, каліна, бярозка
Ўмываюцца чыстай расой.

Дзе людзі руплівыя ў працы,
Бы пчолкі шчыруюць, з душой,                                  
Вітаючы сонейка ўранцы –
Над лесам за Стыр’ю-ракой.                                  

Дзе што ні жанчына – салоўка                                   
І што ні мужчына – спадар,  
Дзе песні разносяцца звонка –    
На ўвесь галасісты абшар. 

Мой Ладараж – вёска-красуня –
Паселішча палешукоў.
Тут сэрцу прыязнаму ўтульна
І люба паміж землякоў.   


        У Ладаражы

Як лёгка і светла тут дыхаць,
У хмаркі лунаць на плячы!
Тут нават мой бусел з бусліхай
Кружляюць вышэй аблачын.

Нішто не парушыць, здаецца,
Ціхуткую плыннасць ракі –
Ні сонца, што ў высях смяецца,
Ні вецер, што ў гушчы ракіт.

І я тут душой спачываю,
Натхняюся роднай красой…
Ах краю мой, любы мой краю,
Дазволь наталіцца табой!


       Плач душы

Адыходзяць мае землякі
У свет іншы – да вечнага дому,
Заціхае мой край гаманкі,
Нібы ўжо не патрэбны нікому.

А ці ж гэтага ён заслужыў,
Ці ж краса ўжо яго адбуяла?
А каб прадзед мой раптам ажыў,
Дык ад болю душа застагнала б.

Вось і зноў працаўнік адышоў –
Запусцее ягоны палетак. 
На вясковых кладах больш крыжоў,
Чым на лузе няскошаным кветак.

А ці светлы дзянёк, ці грыміць,
Ці мяцеліцы чуюцца стогны –
Зноў душа забаліць, зашчыміць,
На забітыя глянуўшы вокны.

А было ж тут калісьці, было,
Як мая мне матуля казала,
Што ад спеваў грымела сяло,
Песня птушкай пад высі ўзлятала.

...Адыходзяць мае землякі,
Сірацее мой Ладараж мілы,  
Заціхае мой край гаманкі,
Па-анёльску складаючы крылы…     

                        *** 

Патанае вёсачка ў вясне,
Патанае ў квету-зеляніне –
Та, што ў снах прыходзіць да мяне
І штодзень - у светлым успаміне.
           
                                  Надзея ПАРЧУК