googlee76da6385aa73571.html Беларусь в стихах . Полесье - край родной .: Літаратурная аўра Берасцейшчыны

Поиск по этому блогу

воскресенье, 19 июня 2016 г.

Літаратурная аўра Берасцейшчыны




Так ужо ў жыцці павялося, што сярод пісьменніцкіх суполак заўсёды знаходзяцца асобы, якія дбаюць не толькі аб асабістых творчых поспехах і дасягненнях, асабістым прэстыжы, але і клапоцяцца пра астатніх членаў сваёй сябрыны, пра пачынаючых маладых творцаў, пра развіццё нашай літаратуры і беларускай культуры наогул. Да такіх шчырых дабрачынцаў адносіцца і вядомая маладая пісьменніца з Брэста Таццяна Дземідовіч, яна ж кіраўнік літаратурнага клуба “Літара” пры Брэсцкім гарадскім Доме культуры.
       Акрамя асноўнай сваёй працы і сямейных жаночых клопатаў Таццяна паспявае займацца літаратурнай творчасцю, друкавацца ў абласной і рэспубліканскай перыёдыцы, удзельнічаць у шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных літаратурных конкурсах, займаць там прызавыя месцы ды яшчэ ўмудраецца выкройваць час і сілы на складанне калектыўных зборнікаў ды альманахаў. Так ёю ўжо ўкладзены і выдадзены два нумары альманаха “Свая Стыхія” (2008, 2009), калектыўны зборнік паэзіі і прозы берасцейскіх аўтараў для дзяцей “Карусель” (2010), зборнік “Сіла слабасці” (2013), у які ўвайшлі творы таленавітых жанчын.
        Напачатку мінулага лета Таццяна Дземідовіч зноў кінула чарговы кліч калегам-літаратарам Брэстчыны: жадаючыя прыняць удзел у новым літаратурна-мастацкім рэгіянальным праекце могуць дасылаць на яе электронны адрас свае творы ў розных літаратурных жанрах для будучага калектыўнага зборніка. Сорак аўтараў з блізкіх і далёкіх куточкаў нашай вобласці адгукнуліся на гэтае запрашэнне і даслалі свае лепшыя творы для будучага выдання. Сярод іх – члены клуба “Літара”, вядомыя паэты і празаікі Брэста, Баранавіч, Пінска, Лунінца, Камянца. Усё лета і восень ішло тэматычнае фарміраванне і ўкладанне зборніка. У адшукванні аўтараў і рэдагаванні дасланага матэрыялу Таццяне актыўна дапамагалі яе сябры па творчасці – Марыя Якімук і Надзея Парчук. І вось, нарэшце, напрыканцы мінулага года з брэсцкага прыватнага выдавецтва “Альтернатива” з накладам у 300 асобнікаў у свет выйшаў даўгачаканы, змястоўны (больш за 300 старонак) калектыўны зборнік з цікавай сімвалічнай назвай – “ЛітАўра”. Прыдумала гэтую кніжную сімволіку сама ж укладальніца зборніка.
        Для зручнасці карыстання кнігай тэкст яе падзелены на рубрыкі, што дазваляе чытычу хутка знайсці карысныя матэрыялы пры падрыхтоўцы да ўрокаў краязнаўства, тэматычных вечароў, школьных святочных мерапрыемстваў, прааналізаваць галоўныя накірункі развіцця рэгіянальнай літаратуры.
        У першую рубрыку, якая даецца пад назвай “Паветра Радзімы”, уключаны лепшыя вершы Надзеі Парчук, Алёны Папко, Міколы Панасюка, Вольгі Грыдзюшка, Алеся Корнева, Яніны Грыгаровіч, Лідзіі Касачук, Раісы Раманчук, Віктара Пінігіна, Аляксандра Хаўдзеева, апавяданні Марыі Якімук. У сваіх творах аўтары па-майстэрску горача і ўзнёсла апяваюць дарагія сэрцу мясціны, родны куточак, любую Радзіму, шчыра і натхнёна праслаўляюць светачаў зямлі беларускай, нашу спаконвечную веру. У доказ сказанаму хочацца прывесці радкі Міколы Панасюка з верша “Як Божы дар”, дзе ён паэтычна, з гонарам і сыноўняй цеплынёй прызнаецца, што “Сінечу неба зверху ўніз, // Як шчодры дар, мне Бог паслаў…” і тут жа пералічвае падоранае багацце:

Ад бацькі – плуг і баразна,
Ад птаха – моцнае крыло.
Бусліным клёкатам вясна
Будзіла роднае сяло.

Не магу ўтрымацца, каб не зацытаваць і крылатыя радкі паэткі Алёны Папко:

Да зор ляцець нам тысячы гадоў –
І тысячы гадоў назад вяртацца.
Пакінь жа шчасце летніх вечароў,
Каб век ад веку мне ім прычашчацца… 


        “Памяць у сэрцы застацца павінна” – гэта рубрыка-прызнанне берасцейскіх аўтараў, прысвечаная 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Горыччу незлічоных страт і светлай радасцю Вялікай Перамогі напоўнены радкі паэтаў Веры Вакулы, Аляксандры Лятыцкай, Ірыны Здановіч, Алы Гопшы і празаікаў Настассі Нарэйка, Таццяны Дземідовіч ды іншых аўтараў, якія па-мастацку шчыра і кранальна перадаюць у сваіх творах асабістыя ўражанні і нахлынутыя пачуцці ад ўбачанага ў кінафільмах, прачытанага ў кнігах альбо газетах ці пачутага ад былых удзельнікаў баёў пра жудасныя моманты вайны, дзякуюць старэйшаму пакаленню за падораны мір, за светлыя сёняшнія дні, з вялікім болем і шкадаваннем успамінаюць ахвяр фашызму.

                                             Жывы паток з’яднаных душ
                                             Ад самай раніцы бясконца
                                             Цячэ ў распятую звязду,
                                             Нясе свой смутак і нуду,
                                             Каб пакланіцца абаронцам.
                                             І стынуць сэрцы каля пліт:
                                             О, колькі ж тут крыві праліта!
                                             Гарыць агонь… маўчыць граніт…
                                             Звініць над крэпасцю блакіт,
                                             Імёны свецяцца на плітах...

Гэтыя патрыятычныя і адначасова балюча-шчымлівыя радкі належаць пяру Надзеі Парчук.
        Удалым, афарыстычным радком з верша маладой таленавітай паэткі Алёны Папко ўкаранавана трэцяя па ліку рубрыка выдання – “Вяртаюцца, пакуль жыве любоў”. У яе ўключаны творы напоўненыя пранікнёнымі, сардэчнымі пачуццямі да самых дарагіх на свеце людзей. Міхаіл Кулеш, Андрэй Божуль, Рыгор Жук, Таццяна Пясецкая, Ціна Хутаранка, Клаўдзія Трысцень, Таццяна Шульга ды іншыя аўтары дзеляцца з чытачамі сваімі чуллівымі пачуццямі, пяшчотнай любоўю, шчымлівымі і светлымі ўспамінамі як пра тых, хто побач, хто штодзённа сагравае іх душэўным цяплом, так і пра тых, хто ўжо сышоў у іншы свет.
       Пошукі сэнсу жыцця, духоўных арыенціраў, чалавечага шчасця заўсёды хвалявалі мастакоў слова. Таму самай прыцягальнай і самай натхняючай у аўтараў тэматыкай з’яўляецца лірычна-філасафічная. Па размаху і глыбіні думкі яна не ведае ніякіх абмежаванняў. Няма ў свеце такога паэта, які б не прыбягаў да яе найчасцей. З гэтай нагоды і рубрыка пад назвай “Філасофія жыцця” атрымалася самай аб’ёмістай, самай багатай і цікавай. Свае падборкі для яе даслалі Эдуард Цімафееў, Валянціна Кульбеда-Бакун, Васіль Баннаў, Наталля Сцепусь, Ірына Ярмак, Александрына Паршына, Галіна Ліс, Аляксандр Гопша, Алена Ляшук ды іншыя творцы, чые вершы запрашаюць нас у свет складаных адкрыццяў, роздумаў і чалавечай мудрасці.
       Наступную рубрыку – “Ты музу сэрцам пазаві” склалі творы, прысвечаныя самой творчасці, стваральнаму працэсу, Музе-натхніцельцы, яе вялікасці Паэзіі. Аўтары гэтага раздзелу зборніка распавядаюць пра ўзнёслы стан душы, пра тыя незвычайныя адчуванні, калі ў ёй гасцюе легкакрылая, красамоўная Муза, пра салодкія і горкія моманты творчасці, спрабуюць разабрацца, што такое натхненне – падарунак нябёс ці складанае выпрабаванне лёсу. “Здаецца, больш ужо не напішу. // Не знойдзецца ні вобразу, ні тэмы”, – перажывае Вольга Грыдзюшка ў адным са сваіх вершаў і ўсё роўна, як сказаў Андрэй Божуль, – “на белы ліст жыццё сваё кладзе” – не здаецца, прадаўжае пісаць, тварыць і, на радасць, знаходзіць нешта новае, непаўторнае. Так, сапраўдны паэт не можа маўчаць: “Баліць яму стагоддзяў боль, // Інакш ці быў бы ён паэтам?” – па-мудраму падсумоўвае сказанае імі іх аднадумца Яніна Грыгаровіч. Вось такімі нялёгкімі шляхамі творчага пошуку, сумневаў і душэўных перажыванняў прыходзіць да творцы сапраўдная паэзія, здабываецца прызнанне і любоў чытачоў. 
       Загалоўкам рубрыкі “В любое время года чарует нас природа” паслужылі радкі з верша Лідзіі Касачук. У гэтым раздзеле кнігі сабраны творы аўтараў, якія ўмеюць захапляцца непаўторнай красой роднага краю, яго багаццем, маляўнічымі мясцінамі Беларусі, любяць назіраць за капрызамі надвор’я, сюрпрызамі прыроды, каб затым хараством жывога слова, мастацкімі сродкамі перадаць нам адчуванні і ўражанні сваёй душы, раскрыць палітру яркіх прыродных фарбаў, перанесці нас у свет незвычайных вобразаў.
       Для дашкалят і старэйшых дзетак “Дзіцячая старонка” прапануе вершы, загадкі, цікавыя апавяданні, якія свецяцца самой дабрынёй, цеплынёй, лагодай, ласкай і спагадай, прывіваюць любоў да ўсяго жывога і прыгожага, развіваюць дзіцячую цікаўнасць і дапытлівасць. Да гэтай рубрыкі спрычыніліся таленавітыя паэты Ніна Енбулаева, Галіна Бабарыка, казачнік і ахвотнік забаўляць дзяцей рыфмаванымі загадкамі Сяргей Дубнавіцкі ды іншыя паэты. Апавяданні Івана Мельнічука вучаць дзяцей аналізаваць свае ўчынкі, расці разумнымі, адказнымі і сумленнымі.  
        У раздзеле “Казачны свет” прадстаўлена мудрая, з высокай мараллю казка Івана Дацкевіча (яна падыдзе людзям любога ўзросту), вобразная і светлая проза Наталлі Кухліч, рамантычная, таямнічая феерыя Светламіры Васілюк. Знайшлося месца ў зборніку і для “Гумару”. Лёгка, на адным дыханні чытаюцца кур’ёзныя жыццёвыя гісторыі, вясёлыя расповеды з жыцця падлеткаў, дасціпная вершаваная іронія аўтараў-гумарыстаў.
        Карацей кажучы, прыемна зазначыць, што распачаты Год культуры берасцейскія літаратары сустрэлі новым плённым здабыткам – калектыўным двухмоўным зборнікам прозы і паэзіі, што літаратурная скарбонка нашай краіны папоўнілася яшчэ адным ёмістым і годным выданнем з незвычайнай назвай «ЛітАўра».

Надзея ЛАДАРАЖАНКА
Газета «Літаратура і Мастацтва»
№ 12 (стар. 6),  01.04.2016 года

З нагоды выхаду кнігі «ЛітАўра»
з вучням
і і настаўнікамі Прылукскай сярэдняй школы
Брэсцкага раёна сустрэл
іся пісьменнікі
Таццяна ДЗЕМIДОВIЧ
і Мікола ПАНАСЮК



Фота Дзяніса БУСЛЁНКА