googlee76da6385aa73571.html Беларусь в стихах . Полесье - край родной .: З ДЗЁННIКА ПIСЬМЕННIКА:

Поиск по этому блогу

понедельник, 12 декабря 2016 г.

З ДЗЁННIКА ПIСЬМЕННIКА:




На III (XIV) З'ездзе Саюза пісьменнікаў Беларусі
30 лістапада 2016 года намеснікам старшыні
праўлення быў выбраны Анатоль Мікалаевіч КРЭЙДIЧ.
АД ШЧЫРАГА СЭРЦА ВIНШУЕМ!

Сёння першы дзень зімы, але дзіва якое: замест снежнай завірухі мяне разбудзіў дождж. Якое зменлівае надвор’е. І які моцны сон пасля апошняй па часе вандроўкі ў Мінск – на пісьменніцкі з’езд. Няма асаблівага жадання адказваць на тэлефонныя званкі, размаўляць аб нечым дробязным, выпадковым. Перачытваю некаторыя вершы Яўгеніі Янішчыц, упершыню нават задумаўся над пытаннем: а ці ёсць (ці, скажам, будзе) у палескай ластаўкі паслядоўніца, вартая таго, каб узнімаць гэта пытанне.
Не спяшаюся гэта рабіць, бо вельмі адказна: а вось на вершы паэтэсы-зямлячкі з вёскі Ладараж Пінскага раёна Надзеі Парчук увагу звярнуў. Нямала ў іх радкоў пра хуткаплыннасць нашага неспакойнага часу, вечную прагу чалавека да жыцця, бо менавіта ён (о, час!) у вечнасці слуга, адданы і бездакорны, бо менавіта ён, паводле слоў паэткі, “…прыступіў дачасна ўжо сціраць і наша пакаленне”. І раптам ускрык: “О, Божа, колькі тых крыжоў маўчыць за кожным пасяленнем!” Сапраўды многа, і нават занадта многа. Асабліва пасля ваеннага ліхалецця, катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, знікнення з роднай маці-зямелькі нашых вёсак, асабліва ў гэтай небяспечнай зоне.
Некаторыя скептыкі ўжо ў які раз загаварылі пра “канец свету”, нейкія “чорныя дні”, а вось Надзея Парчук, па-ранейшаму апантаная моцным па духу паэтычным радком, прагай да жыцця, жадае творцам вяртацца, прыходзіць сюды да нас “праз пакаленні і стагоддзі”, як бы не складаўся ў кожнага лёс:

Я буду сонцам усміхацца,
А ў ночы зоркамі мігцець,
Дажджом упору пралівацца,
Каб вашым травам зелянець,
Каб жытам колас наліваўся,
Шумеў зялёны ў полі дуб…
Хачу, каб кожны распяваўся,
Калі я песняю прыйду.

Мне здаецца, што прыкладна гэтак, калі б не страшная трагедыя ў асабістым жыцці, ды яшчэ ў 40-гадовым узросце, магла б напісаць і Яўгенія Янішчыц. Такім чынам размова ідзе пра роднасць душ, а можа і талентаў, пра бязлітасную праўду, што мы, як добрыя, так і кепскія людзі, толькі госці на гэтай зямлі.
Але і за гэта, калі ты сапраўдны Чалавек, неабходна дзякаваць і сэрцам, і душой:
Я дзякую табе,
Радзіма дарагая,
За твой пахучы хлеб,
За шчодрасць каравая,
За тое, што ты ёсць
Адзіная такая.

Ды і паэтычны зборнік “Ладараж” Надзеі Парчук, у якім змешчаны гэты верш, нечым нагадвае Жэніну “Ясельду”. Сіла слоў, выказаных у вершах на гэтую тэму, незвычайная нават ужо напамінам, што непазбежна прыдзе вечнасці міг і абарвецца навечна вярста, што вяла нас да роднага дому… Але з такім вось працягам: няхай гэтая вярста пакуль месяцу сніцца, і творцам толькі, здольных як рыдлёўкай, так і мудрым словам перайначыць свет, жыць у ім спакойна, дастойна і з разлікам на будучыню новых пакаленняў…
Мікола ПАНАСЮК,
1 снежня 2016 года


Адна з многіх кніжак аўтара

Фота Аляксандра КУРЦА