googlee76da6385aa73571.html Беларусь в стихах . Полесье - край родной .: БЕЛАРУС АД БОГА

Поиск по этому блогу

понедельник, 6 февраля 2017 г.

БЕЛАРУС АД БОГА



Неўзабаве пасля таго, як “Мужык” быў прэзентаваны ў сталіцы краіны, атрымаў першыя водгукі чытачоў і асобных крытыкаў, Аляксей Скакун запрасіў аўтара гэтых радкоў паехаць у СВК “Бакунова” – ранейшы калгас “Дружба”. Тут у гэты зімовы дзень адбыўся справаздачны сход: на ім з дакладам выступіў яго старшыня Іван Гарбачык. Ён з самага пачатку і запрасіў свайго папярэдніка ў прэзідыум. Якраз у гэты момант нагадалася многае з мінулага, калі ў адстаючай “Дружбе” сеялі насеннем нізкай якасці, збіралі слабенькія ўраджаі, а шэсць дзесяткаў вясковых мужыкоў ехалі на “шабашку” ў Сібір, на цэлае лета пакідаючы сем’і, родныя вёскі. 

Старэйшы аграрнік краіны, ён жа таленавіты фотарэпарцёр
Аляксей СКАКУН з лётчыкам-касманаўтам СССР
Пятром КЛIМУКОМ

Выпрабаванне ў Сачыўках

Скакун пазней сабраў людзей у будаўнічыя брыгады, забяспечыў патрэбным аб’ёмам работ; зацікавіў важкім заробкам. Амаль адначасова па яго ж прапанове сто дваццаць гектараў лепшых зямель адвялі пад гародніну, у тым ліку амаль палову пад цыбулю, астатнія – пад капусту і агуркі. Стварылі спецыялізаваныя звенні, збудавалі пятнаццаць парнікоў для расады памідораў, а таксама свой кансервавы завод, які выпускаў больш за два дзесятка відаў прадукцыі ў шкляных слоіках. Калгасная каса папаўнялася грашыма, а людзі не маглі нарадавацца: у Сачыўках неўзабаве збудавалі гандлёвы цэнтр, сучасны адміністрацыйны будынак, двухпавярховую школу, утульныя дамы для калгаснікаў, якіх забяспечылі блакітным палівам, газавымі плітамі. Пра Скакуна тады казалі: “Ён такі прабіўны, як трава на асфальце”. Надзвычай дакладнае параўнанне, і такіх у пісьменніка Уладзіміра Ліпскага шмат, як і прымавак, невялічкіх народных баек, жывых дыялогаў. І гэта невыпадкова. І вось па якой прычыне.
Скакуноў роздум над жыццём найперш сягаў да практыкі продкаў з лапатай і плугам. Стагоддзямі мужыковай навукай заставаліся павер’і, назіранні, прадказанні. Некаторыя з іх яму вельмі падабаліся, і ён іх помніў. “Ранняя птушка зубкі прачышчае, а позняя вочкі працірае”. Гэтую мудрасць засвоіў вельмі рана, яшчэ на досвітку свайго жыцця. Навучыўся прачынацца разам з курамі, якія сакаталі пра знесенае яйка, разам з каровай-карміліцай, якая рыкала, прасіла выдаіць малако, разам з жаўрукамі… Яму, ранняй птушцы, першаму траплялі маміны пачастункі – блінцы, кубачак сырадою, свежае яйка. Рана зразумеў Аляксей, што селяніну позна спаць – з зямлёй не сябраваць, а вочкі праціраць, калі ўсе на нагах, - несусветны сорам”, - пільным вокам заўважае пісьменнік, захапляючы сваіх чытачоў і сакавітай беларускай мовай, і мудрымі разважаннямі.
Амаль тры гады працаваў Уладзімір Ліпскі над сваім творам – яго ўпартасці можна толькі пазайздросціць! Пастаянна жывучы і працуючы ў Мінску, ён, апантаны творчай ідэяй, у любую пару года прыязджаў у Астрамечава, а калі неабходна было, імчаў у Дастоева, сустракаўся з тутэйшымі вяскоўцамі, блізкімі родзічамі свайго героя, зноў вяртаўся ў Мінск з новымі ўражаннямі…
Пісьменнік-дакументаліст па-майстэрску, як бы засцерагаючы свайго героя аповесці і яе чытачоў ад магчымых жыццёвых няўзгод, выкарыстоўвае ў кожным яе раздзеле эпітэты з мудрымі, найбольш важкімі думкамі таго ж сусветна вядомага пісьменніка Фёдара Дастаеўскага. Яны – бы яркія пункціры, якія вызначаюць сюжэтную лінію твора. Вось адзін з іх, што пазначаны пад раздзелам “Бязбожная зямля”: “Кожная хвіліна, кожнае імгненне жыцця павінны быць асалодай для чалавека”. І не толькі для яго. З гэтай нагоды некалі, у дзяцінстве, мая маці з вёскі Галоўчыцы Драгічынскага раёна казала:
Жабку заб’еш – памрэ матуля,
Бусла заб’еш – памрэ татуля,
Заб’еш павучка – памрэ дзядуля,
Заб’еш мурашку – памрэ бабуля.
І ніхто з дзяцей, жывучы на хутары, а пазней з унукаў ды праўнукаў не чапаў гэтых і іншых жывых істот. З самага маленства далікатна ставіўся да ўсяго жывога на зямлі і Аляксей Скакун. Ведаў і пра тое, што прафесія з ягоным прозвішчам звязана з канём – надзейнай рабочай сілай мужыка, асноўным рухавіком яго працы, абароны, жыцця.
Пераехаўшы на працу ў Астрамечава, Аляксей з першых крокаў па гэтай зямлі, зацікавіўся тайнай тутэйшах вяскоўцаў: і чаму яе называлі бязбожнай, і чаму тут, пад Брэстам, так шмат хутароў, віхлястых палявых дарог і сцежак, незасеяных астраўкоў. Але найперш разгадаў тайну махровай бязбожнасці, страты веры людзей і духоўнасці ўжо ў хуткім часе пасля ваеннага ліхалецця. Аказваецца, старажытная Пакроўская царква была часткова разбурана, аднак, як вялікі здзек над вяскоўцамі, пад яе ранейшымі купаламі знайшлося месца для крупадзёркі і склада. І такое здарылася на зямлі тутэйшага філосафа, педагога і ваяра Казіміра Лышчынскага, які нарадзіўся за трыста гадоў да з’яўлення на свет Скакуна, і які, жывучы ў сваім маёнтку, спраўна вёў гаспадарку на вотчынных землях, ён жа арганізаваў школу для дзяцей мясцовай шляхты, а таксама для сялянскіх нашчадкаў. Тут, у Лышчыцах, і настаўнічаў, і ў часы адзіноты, роздуму і творчых усплёскаў пісаў філасофскі трактат аб каштоўнасцях сусвету, аб ролі чалавека на пакутнай з веку ў век зямлі.
Уладзімір Ліпскі, апавядаючы аб гэтым, невыпадкова звяртаецца да гістарычных крыніц, звязаных з жыццём і трагічным лёсам слыннага сына Беларусі, думак і разважанняў свайго героя на гэты конт. Толькі ён, старшыня калгаса “Памяць Ільіча”, мог аднавіць веру тутэйшых людзей у справядлівасць, навесці элементарны парадак на зямлі, уславіўшы яе высокімі ўраджаямі.
Тэзіс першага НЭПа быў простым і зразумелым: чалавеку патрэбен хлеб, а ніве – яго пот, душа і мудрасць. Але дагэтуль новы старшыня аб’ехаў усе палеткі, зрабіў шмат фотаздымкаў для нагляднасці – дзе, як і што рабіць, а пасля прыняў рашэнне: амаль усе іх найперш неабходна ачысціць ад камення, а сотні гектараў ворыўных зямель пазбавіць адасобленых хутароў, далучыць іх гаспадароў да актыўнага вясковага жыцця.
Вось такім значна пазней убачыў маладога кіраўніка сталічны пісьменнік: “Тры восеньскія дні правёў я ў Астрамечаве. Неспешна хадзіў па шаснацацці вуліцах, а гэта – Маладзёжная, Дружбы, Юбілейная, Брэсцкая, Новая, Свабоды… Пабываў у магазінах, Доме культуры, у Шлюбным палацы, у кафэ, у бібліятэцы… Усюды міла, спакойна, прыгожа”. Пасля гэтых слоў утульней становіцца на душы, лагаднее сэрца, мацуецца вера ў заўтрашні дзень, як, дарэчы, і малітвай Скакуна: “Дай Бог прыбавак у надоях, прывагах, ураджаях, у сем’ях, у зарплаце, у здароўі”. І гэта не гучныя словы, бо, як заўважае далей пісьменнік, сваю малітву тутэйшы кіраўнік лучыць з паўсядзённай строгасцю і патрабавальнасцю да кожнага з тысячы працуючых. Праўда, знайшліся з іх і такія, якія напісалі скаргу на імя Генеральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова, і толькі за тое, што ён “прымушаў” хутары пераязджаць у вёскі, не даваў спуску лайдакам ды п’яніцам, адным словам, навязваў “дыктатарскія” метады кіравання.
Добра памятае, як непакоіўся тады Аляксей Скакун за свой далейшы лёс, як не знаходзіў месца ў сваім службовым кабінеце, як шукаў маральнай падтрымкі ў сваіх сяброў. Трэба ж! Спачатку нейкія зламыснікі напісалі ліст Міхаілу Гарбачову, а потым паслалі такі ж наўздагон Прэзідэнту ЗША Рональду Рэйгану ў Вашынгтон. Такога ўжо яўнага здзеку малады кіраўнік не чакаў. А тут прыехала яшчэ і камісія правяраючых, а з вёскі ў вёску папаўзлі плёткі, што Аляксея Скакуна ўжо вельмі хутка здымуць з пасады, “адчэпяць” з яго пінжака значок дэпутата Вярхоўнага Савета БССР, аддадуць пад суд. Гэты эпізод Уладзімір Ліпскі даволі падрабязна ды праўдзіва апісвае ў асобным раздзеле “Скарга Гарбачову і Рэйгану”. Ён і з’яўляецца кульмінацыйным у развіцці сюжэта твора. Калі дакладней, то гэта той самы  момант, калі яго герой прапанаваў кантралёрам разам паехаць у тыя вёскі, дзе многія калгаснікі быццам бы падпісалі пісьмо, пагутарыць з імі.
- Хачу зірнуць людзям у вочы. Мой дзед некалі казаў: “Добрыя вочы дыму не баяцца”, - і менавіта з гэтага моманту аповеду напружанне ў развіцці падзей пайшло на спад: у Лышчыцах адшукалі чалавека, які першы паставіў свой подпіс пад скаргай, а потым былі іншыя, - сфабрыкаваныя супраць яго асобы, але кім? Маладой жанчынай, якая сама працавала ў канторы калгаса, потым – загадчыцай сельскага клуба, а пазней шукала работы ў Брэсце…
Гэта яна і завяла старэнькіх дзядулек ды бабулек у зман. Вось толькі адзін дыялог, які яскрава сведчыць пра гэта. Правяраючыя пыталіся:
− Вы чыталі ліст, пад якім распісваліся?
−Дзетачкі, я слаба чытаю. Сказалі: “Вам трэба шыфер, каб хату перакрыць?” Кажу: “Ага, трэба”. – “Дык вось мы падрыхтавалі просьбу Скакуну, каб выдзяліў без грошай шыферу ўсім ветэранам”. “О, за гэта я распішуся абодзвюма рукамі!..”
Потым быў суд. Ананімшчыцу пакаралі грашовым штрафам. Здавалася, – усё, пастаўлена кропка. Але тая ж самая ананімшчыца, якая раней працавала ў калгасе інспектарам па кадрах даслала пісьмо ўжо на імя самога Аляксея Скакуна: “Я абяцаю вам, што прыму ўсе меры, каб справу ўзбудзіць нанова. Буду дзейнічаць метадычна ад інстанцыі да інстанцыі, ажно ў Пракуратуры СССР. Я б магла пагадзіцца на маўчанне, калі вы заплаціце мне 3,5 тысяч рублёў. Для вас гэта – нішто”.
Уладзімір Ліпскі меў рацыю, калі ўвёў у свой дакументальны аповед вось гэтую канфліктную сітуацыю, якая забрала ў яго героя не толькі шмат часу, але і душэўнага спакою, здароўя. Менавіта ў ёй выразна  праявіліся многія станоўчыя рысы характару Аляксея Скакуна, яго неаспрэчныя здольнасці як маладога кіраўніка, які мог адстайваць агульныя інтарэсы. У кожнай брыгадзе, на фермах прайшлі сходы калгаснікаў. У іх рабоце прынялі ўдзел каля дзевяцісот чалавек,  і ўсе без выключэння падтрымалі свайго важака, паверылі, што ён правільным курсам вядзе калгасны карабель, умела падбірае кадры. Але многае, вельмі многае, патрэбна было яшчэ зрабіць, і пісьменнік-дакументаліст разам са сваім героем стварае праўдзівы летапіс жыцця нашага сучасніка, а праз яго асобу – усяго працоўнага калектыву адной з буйнейшых гаспадарак прыгранічнага Прыбужжа.

Мікола ПАНАСЮК
Заканчэнне будзе.