googlee76da6385aa73571.html Беларусь в стихах . Полесье - край родной .: БЕЛАРУС АД БОГА

Поиск по этому блогу

среда, 8 февраля 2017 г.

БЕЛАРУС АД БОГА



1 сакавіка 2012 года…
У гэты дзень старэйшая сялянская газета “Белорусская нива” надрукавала на сваіх старонках наступнае віншаванне: “Шаноўны Аляксей Сцяпанавіч Скакун! Так ужо акрэслена яркім лёсам, што вам пашчаслівіла ў першы дзень вясны адзначаць свой дзень нараджэння. Так было, калі вы пяць гадоў, пачынаючы з 1975 года, працавалі старшынёй калгаса “Дружба” Іванаўскага раёна, і калі пераехалі ў Прыбужскі край. Ад усёй душы віншуем вас з радасным сямейным святам, а таксама з 35-годзем працы кіраўніком у аграпрамысловым комплексе Брэстчыны. Жадаем вам моцнага здароўя, новых працоўных здзяйсненняў, творчага натхнення і даўгалецця.
Праўленне і прафкам
СВК “Бакунова” Іванаўскага раёна”

Аляксей СКАКУН на скакуне…



Каравай для Прэзідэнта

Побач з тэкстам быў змешчаны фотаздымак са справаздачнага сходу, на якім давялося пабываць і аўтару гэтых радкоў. На ім – два старшыні калгаса “Дружба”: ранейшы − Алексей Скакун уручае кнігу “Мужык” цяперашняму кіраўніку Івану Гарбачыку. У кожнага з іх на твары – прыемная усмешка, а ў валасах – сівізна…
У гэтым жа нумары рэдакцыя газетнага выдання звярнулася да сваіх чытачоў: “Дакументальная аповесць “Мужык” вядомага пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміра Ліпскага стала адной з першых ластавак Года кнігі і была прэзентавана на ХІХ Мінскай міжнароднай выставе. Кніга пра знакамітага беларускага аграрніка, нашага сучасніка Аляксея Сцяпанавіча Скакуна – калгаснага старшыню, дэпутата, вучонага. Не выдуманая, а напісаная ў цесным супрацоўніцтве з самім героем”, - гаворыцца ў невялічкай газетнай прадмове. Нельга не згадзіцца і з думкай, што менавіта гэтая кніга можа стаць у будучым падручнікам для новых “мужыкоў” стагоддзя, а яе герой – правобразам многіх руплівых аграрнікаў, праца якіх заслугоўвае павагі не меншай, чым палёт у космас. А крыху ніжэй – працяг публікацыі аповесці пад загалоўкам “Аднойчы і назаўсёды” з першым фотаздымкам у жыцці Алёшы Скакуна з дзедам Васілём. І даведка аўтара. Сёння СВК “Астрамечава” – гэта семнаццаць вёсак – Агароднікі, Астрамечава, Вялікія Шчытнікі, Кашылава, Кустынь, Лышчыцы, Люта, Малыя Зводы, Малыя Сухарэвічы, Малыя Шчытнікі, Марозавічы, Новыя Лышчыцы, Пагубяцічы, Рудавец, Сегянеўшчына, Цюпрыкі ды Яцкавічы – адным словам, доўгі ланцужок населеных пунктаў са сваімі вуліцамі, сучаснымі катэджамі і драўлянымі хаткамі, з непаўторнымі людскімі лёсамі.
“Калі пазіраю на карту сельскага кааператыва, яна з кожным разам усё больш выразней нагадвае абрысы нашай Беларусі. Скакунова рэспубліка – за дваццаць чатыры кіламетры ад Брэста, за сем кіламетраў ад чугуначнай станцыі “Лышчыцы”, ды рукой падаць – ад мяжы з Польшчай”, - паведамляе ў сваім аповедзе пісьменнік Уладзімір Ліпскі, і тут жа  вось такое (!) нечаканае прыгожае параўнанне: “Сталіца вясковага раю – вёска Астрамечава. Гэта паселішча вядома з 1570 года. Кажуць, тут быў маёнтак Астрамеч. Так звалі каралеўскага кухара. Кароль яго надта шанаваў, нават ганарыўся ім. За вернае служэнне кухар Астрамеч атрымаў ад свайго ўладара зямлю і хату. Калі тут утварылася вёска, то яна і займела назву Астрамечава. Гаспадароў у ёй за пяць стагоддзяў было нямерана, незлічана. Цяпер тут кожны сам сабе гаспадар. А іх кіраўнік – Аляксей Сцяпанавіч Скакун”. Зноў жа разам з ім пісьменнік і завітаў у адну з вясковых хат – да пенсіянераў Барыса і Ганны Курылюкоў. Вось тут-та Уладзімір Ліпскі і пачуў сакавіты прыбужскі дыялект, як, скажам, у наступным аповедзе:
- От і харашо, што зайшлі. Я дам вам інтэрв’ю ад душы. Мне і думаць не нада. Усё ў галаве. Вой, як я вам усё раскажу, дак вы і ў кніжку не ўмесціце, - Ганна Рыгораўна ўсадзіла мяне на зэдлік каля абедзенага стала, сама прысела, а мужу Барысу загадала, каб падаставаў з буфета талеркі, відэльцы. – Я ж, мой харошы, яшчэ помню, як у нашага дзеда была свая зямля. Яго мараканцам звалі. У Амерыку ездзіў грошы зарабляць. Ага, вярнуўся адтулека і купіў зямлі. Панам ужо стаў. Гумавікі з ног не здымаў, усё канавы капаў, нізіны асушваў. Жонка Дар’я казала: “Грышка, на чорта нам ета зямля, свету белага не бачым. Во як, мой харошы, панавалі…”
Усяго некалькі радкоў аповеду вясковай жанчыны, а як шмат сказана-перавязана пра мінулае, лёс толькі аднаго тутэйшага мужыка. Калі ж прыгубілі крыху чырвонага вінца за Скакуна-Малайца, баба Ганна працягвала на тым жа прыбужскім дыялекце:
- Врут людзі, што цяпер плоха жыць. Хай бы той, хто так кажа, пажыў у вайну, пасля вайны. У нас тады дэлікатэсы былі буракі. З іх і чай заварвалі, і кампоты варылі, кашы і супы, блінцы і салаты. Частуйцеся, я падрэжу каўбаскі, варэння пакаштуем з булкай новага ўраджаю. Не паверыце, я ж во такім караваем прывячала нашага Прэзідэнта, калі ён прылятаў у Астрамечава. “Як жывеце?” – пытае. Кажу яму: “Няма чаго грашыць, добра жыць. Рабіце нашу Беларусь на чуда людзям!..” Ды мо не паверыце, Аляксандр Рыгоравіч падарыў мне металічныя тры рублі…
Бабуля Ганна нічога не пераблытала, казала праўду. Аляксандр Лукашэнка і сапраўды прыязджаў у Астрамечава, да таго ж у жніво. У новай кнізе пісьменніка нават змешчаны каляровы фотаздымак: вось ён, кіраўнік маладой беларускай краіны, размаўляе на жытнёвым палетку з Аляксеем Скакуном, старшынёй Брэсцкага аблвыканкама Канстанцінам Сумарам, яго камандай па сельскай гаспадарцы. Было такое, было!..
Як і была сустрэча ў Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, калі Аляксандр Лукашэнка ўручыў старшыні з Астрамечава дыплом члена-карэспандэнта Нацыянальнай Акадэміі навук. Памятны здымак, зроблены ў той дзень, цяпер беражліва захоўваецца ў сямейным архіве. Адначасова пісьменнік вылучыў яго з мноства іншых і для кніжнага выдання. А вось і такія госці Астрамечава – прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч і акадэмік Уладзімір Гусакоў у яблыневым садзе з яго найпершай гаспадыняй Надзеяй Крывалевіч. Менавіта пра гэты сад, які носіць імя лётчыка-касманаўта СССР Пятра Клімука, напісаў і змясціў верш на старонках выдання вядомы беларускі паэт Мікола Мятліцкі, канечне ж, па просьбе аўтара:
Касмічны лёс не спрошчаны
І ўдаль імкне – рыўкамі.
А гэта сад – узрошчаны
Сяброўскімі рукамі.
А вось арыгінальны па зместу подпіс, пастаўлены яшчэ адзін памятны фотаздымак: “Кампазітар Ігар Лучанок і калгаснік Аляксей Скакун”. Сябруюць яны даўно. На словы аўтара гэтых радкоў нават напісана песня “Назвалі хлопца Аляксеем”, а пачынаецца яна з такіх радкоў:
Назвалі хлопца Аляксеем,
Больш стала ў хаце Скакуноў.
Ён спраўна з бацькам жыта сеяў,
Касіў, араў і сеяў зноў.
Двойчы Герой Сацыялістычнай Працы, вядомы старшыня ўкраінскага калгаса Уладзімір Плюцінскі таксама быў жаданым госцем у СВК. Яго цяпер няма сярод нас, але памятны фотаздымак у кнізе застаўся. І такіх шмат. А таму новае выданне яўна прэтэндуе на тое, каб стаць лепшым падарункам як для чытачоў у бібліятэках, так і для сяброў, лепшых працаўнікоў вёскі, падручнікам – для маладых кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, адданых сваёй хлебаробскай справе.
Думаецца, што наша старэйшая газета “Белорусская нива”, змясціўшы пад рубрыкай “2012: Год кнігі” у некалькіх нумарах урыўкі з дакументальнай аповесці “Мужык”, ніколькі не прагадала. Іх, пачынаючы з першага дня сакавіка, чыталі не толькі ў Астрамечаве, але і ў кожным куточку Краіны. І калі? Перад самым выхадам на яравы палетак, калі сонейка, як кажа ўжо знаёмая для нас бабуля Ганна, “вокам павярнула на вясну, на лета”.
А цяпер некалькі слоў пра вядомага беларускага акадэміка, аб якім было сказана вышэй і які напісаў пра Скакуна невялічкі верш – “Беларус ад Бога”.
Уладзімір Гусакоў – ранейшы дырэктар Інстытута аграрнай эканомікі, - да якога аднойчы завітаў кіраўнік калгаса-камбіната “Памяць Ільіча”, вопытны аграрнік. Менавіта з ім Аляксею Скакуну было лёгка размаўляць, спрачацца і нават нешта планаваць.  Яшчэ ў 1991 годзе Аляксей Сцяпанавіч параіўся наконт таго, каб на базе калгаса-камбіната стварыць сучасны вытворчы кааператыў з такім разлікам, каб тутэйшыя сяляне сталі фактычна і юрыдычна саўладальнікамі агульнай плошчы сельгасугоддзяў, яе раўнапраўнымі гаспадарамі. Хіба ж кепска, калі кожны з іх будзе мець сваю долю зямлі, грошай і дывідэнтаў? Тым больш, што ўвесь гэты капітал у такім выпадку перадаецца па сямейнай спадчыне. Маючы права на сваю ўласнасць, вясковы мужык старанна шчыруе на зямлі-карміцельцы, спаўна карыстаецца вынікамі сваёй працы. Вось ён, Уладзімір Гусакоў, і прапанаваў кіраўніку з Астрамечава аформіць уласныя погляды, пазіцыю і набыты вопыт у доктарскую дысертацыю. Так створаны неўзабаве СВК стаў навуковым палігонам сучаснай сельскай індустрыі, а яго старшыня доктарам эканамічных навук. Гэта ён, маючы за плячыма пэўны вопыт работы ў прыбужскай гаспадарцы, падлічыў, што яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя кожны механізатар кааператыва забяспечваў хлебам 1600 чалавек, кожная даярка малаком – 300, а кожны работнік комплексу мясам – 150.
Уладзімір Гусакоў, ён жа навуковы кансультант вядомага ў краіне кіраўніка, першым заўважыў, што ў аграрную навуку прыйшоў ініцыятыўны практык, разумны і працавіты, даступны і камунікабельны. Такіх бы пабольш.
А вось Уладзімір Ліпскі – адзін с тых беларускіх пісьменнікаў, які нарадзіўся перад самай вайной, дакладней, 6 мая 1940 года ў вёсцы Шоўкавічы Рэчыцкага раёна. Маючы за плячыма больш за сем дзесяткаў гадоў, Уладзімір Сцяпанавіч важкую палавіну жыцця аддаў працы на пасадзе галоўнага рэдактара дзіцячага часопіса “Вясёлка”. На яго асабістым рахунку такія выдадзеныя кнігі, як “Аўцюкоўцы” (1995), “Я. Праўдзівы аповед пра твой і мой радавод” (1998), “Мама. Малітва сына” (2000), “Бацька” (2004), “Мы” (2006), “Янкаў вянок” (2009) і іншыя. Ён – лаўрэат літаратурных прэмій імя Янкі Маўра, імя Аляксандра Грына і Дзяржаўнай прэміі Беларусі.
Пашанцавала яму і на героя дакументальнай аповесці “Мужык”, аб якім было напісана шмат і ў розных выданнях. На першы погляд, нават вопытнага майстра ў такім выпадку магла падсцерагчы небяспека паўтору раней выкладзеных на паперу і ўжо надрукаваных матэрыялаў. Але гэтага не здарылася.
Гэта толькі ён мог напісаць так, а не інакш: “З паездак у Злучаныя Штаты Амерыкі і Данію астрамечаўскі рэфарматар прывёз новыя ідэі. Усе ведалі, калі Скакун загарэўся нечым новым – не патушыш венікам, не астудзіш лёдам, не супыніш ніякім – светлафорам. Яго палымяная прамова на сходзе спецыялістаў сталася факелам, які асвяціў дарогу делейшым рэформам на фермах”. У кожнай з іх – чыста, утульна, аб’ёмна. У кожнай каровы – свой бокс, нібыта свая аднапакаёўка. Яна не прывязана ланцугом, як гэта шмат гадоў было на фермах. Таму і адчуванне, што жывёла тут гаспадар, а ёй – увага і павага, а ўзамен малако.
І ўсё ж галоўны гаспадар тут і ва ўсім ён, Аляксей Скакун, які за навінкай гатоў ляцець на край свету, але для якога “Астрамечава” і дагэтуль застаецца яго жыццём. З выхадам кнігі “Мужык” у свет тут жа яго “накрыў” шквал віншаванняў з гэтай прыемнай нагоды, надрукаваных ў той жа сялянскай газеце…
Ад імя працоўнага калектыву ААТ “Брэсцкі цэнтральны універмаг” героя новага твора пісьменніка павіншаваў Генеральны дырэктар гандлёвай установы Віктар Валюшыцкі: “Ад усёй душы – піша ён, - віншуем старшыню СВК “Астрамечава” Брэсцкага раёна з выхадам кнігі “Мужык”. Аляксей Скакун, аб якім размова, на гэты раз стаў яе галоўным персанажам, а пісьменнік Уладзімір Ліпскі – яе аўтарам. Жадаю ім, а таксама сельскім працаўнікам удачы ва ўсіх справах, новых працоўных перамог, моцнага здароўя і даўгалецця. А ўсім кіраўнікам прадпрыемстваў у Год кнігі стаць яшчэ і яе чытачамі. Дзякуй за аўтарскі экземпляр”.
Добрае пажаданне, своечасовае, вартае таго, каб прыслухацца да яго. І тым, хто цяпер кіруе сучаснымі гаспадаркамі, і кожнаму з нас, для каго наша планета Зямля – як агульны дом. Бо той-сёй называе Скакуна казачнікам, і ў гэта, уважліва чытаючы новы твор, пачынаеш верыць. Хаця б такая карцінка: “Яшчэ здаля бачны светлы будынак, як бы карабель пад ветразем. Вакол – зялёныя прасторы пасеваў, пад дабротнымі дахамі катэджы. А тут, за лёгкай агароджай, па словах Аляксея Сцяпанавіча, - жывая фабрыка малака, санаторый для кароў. Перад фермай – самаробная альтанка, з густам аформленая мясцовымі майстрамі. Каля яе – лаўкі для адпачынку. На адной з іх сядзіць крыху задумлены, але ў добрым гуморы тутэйшы жывёлавод. Яго драўляную выяву “звялі” самадзейныя рэзчыкі па дрэве. Кажуць, загадчык фермы сядзіць і думае, як павялічыць надоі”.
А колькі такіх казачных персанажаў, створаных па ініцыятые Аляксея Скакуна рукамі сапраўдных майстроў, прымушаюць прыпыняць крокі людзей і ў іншых мясцінах сельгаспрадпрыемства, невялічкіх вёсках. Астрамечава – райскі куточак! Так кажуць не толькі вяскоўцы, але і лётчык-касманаўт СССР Пётр Клімук, сябра нашага героя. Гэта ён, Пётр Ільіч, дакладным маналогам аўтара прадмовы ўзвышае гэты куточак на касмічную вышыню, удакладняе:
- З далёкай вышыні бачыш Зямлю – яна і ёсць рай для людзей. Падлятаеш бліжэй – перад табой кантынент Еўропа, а на ім – наша Рэспубліка Беларусь. У кожнага беларуса свая родная вёска ці горад. А ў іх – хата, кватэра ці катэдж, дзе раюе яго сям’я.
У многіх з іх пісьменнік пабываў у гасцях, цікавіўся жыццёвым лёсам вяскоўцаў, асабліва тых, якія пераехалі сюды з глыбінкі Брэсцка-Пінскага Палесся.
Яшчэ ў сваім апавяданні “Прадаецца планета”  вядомы дацкі пісьменнік-фантаст Нільс Нільсен пісаў, быццам зямны капітал атрымаў магчымасць распаўсюджваць сваю дзейнасць на суседнія зоркі, і што быццам усе планеты Сонечнай сістэмы ўжо даўно пераўтвораны ў прыбытковыя філіялы Зямлі.
Аднак наўрад ці хто з астрамечаўцаў нават пры такой магчымасці пакінуў бы свой родны аграгарадок, захацеў бы паспытаць небяспеку метэораў, магнітных бур і жорстскасць таямнічых выпраменьванняў. Навошта?!. Свая будаўнічая індустрыя ўзводзіць не толькі сучасныя фермы, але і катэджы ў новых стылях. Іх звыш трыццаці відаў, а вуліц – аж шаснаццаць! Аб гэтым раней марылі хіба што буйныя памешчыкі ды землеўласнікі, калі ладзілі свае маёнткі. “Ды вось і наступіў райскі час і для нашых мужыкоў”, - слушна заўважае Уладзімір Ліпскі, разам з імі радуючыся пераменам, што адбыліся на стыку двух стагоддзяў у прыбужскім краі.
Першыя прэзентацыі, якія прайшлі ўжо ў Мінску, Астрамечаве і Чэрнях, а потым і ў Іванаве – раённай бібліятэцы імя Фёдара Панфёрава, -  засведчылі неаспрэчны факт: новая дакументальная аповесць “Мужык” – адметная з’ява ў літаратурным жыцці маладой Рэспублікі Беларусь, кніга, якая кожным сваім радком сцвярджае, што беларуская вёска жыла, жыве і будзе жыць, як і праўдзівы аповед пісьменніка пра героя нашай явы, хто настойліва шукае сябе ў віры імклівага часу, хто верны зямлі-карміцельцы сваіх продкаў, сам стварае і шануе слова.

***

З таго моманту, калі былі напісаны гэтыя радкі непрыкметна мінула пяць гадоў. За гэты час герой нашага аповеду паспеў адзначыць 70-гадовы юбілей. А шаноўны Уладзімір Ліпскі перавыдаць свой твор на рускай мове з некаторымі дапаўненнямі ажно 20 яго аднадумцаў. Набытак творчага дуэта варты ўвагі. Асабліва пасля таго, калі ў Мінску неўзабаве адбылася яго першая прэзентацыя…
Мікола ПАНАСЮК,
пісьменнік-дакументаліст.
2012-2017
г. Брэст
НАША МУЗЫКАЛЬНАЯ ПЯТИМИНУТКА
 “В земле – наши корни”
Слова Е. Долматовского   Музыка А Пахмутовой


Подготовила к печати
Светлана РУМЯНЦЕВА
Редактор Надежда ПАРЧУК