googlee76da6385aa73571.html Беларусь в стихах . Полесье - край родной .: Вітаў з арбіты родны край

Поиск по этому блогу

пятница, 23 марта 2018 г.

Вітаў з арбіты родны край



Так назвала свой верш, змешчаны ў новай кнізе “Пётр КЛІМУК. Жыццё і подзвіг касманаўта”, вядомая беларуская паэтэса Надзея Парчук. Цяпер яна жыве ў Брэсце. Тым не менш, у мінулым годзе, рыхтуючы свой рукапіс да гэтага кніжнага выдання, яна мела магчымасць пагутарыць па тэлефоне з нашым славутым земляком – першым беларускім касманаўтам. А хутка напісала і паэтычныя радкі, прысвечаныя герою космасу:

                                           ***
Пятру Клімуку 
У Беларусі вёска ёсць –
Завецца Камароўка.
Жыхар яе – Ўсяленнай госць,  
Дык пра яго й прамоўка.

Жыў-быў у вёсачцы хлапчук –
Звычайны, бы ўсе дзеці,
З прыгожым прозвішчам Клімук,
З цудоўным імем Пеця.

І мара ў Петрыка была –
Стаць лётчыкам крылатым
Ды ўзляцець вышэй бусла,
Які кружыць над хатай.

Пакуль хлапчына падрастаў,
Пакуль вучыўся ў школе –
Высокай мары не губляў
Ні ў снах, ні ўдзень – ніколі.

Час марна траціць не хацеў…
І вось пара прыспела –
Арліных крыл сабе займеў
І ўвысь рвануўся смела.

Упершыню верш “Вітаў з арбіты родны край” аўтарам гэтага артыкула быў зачытаны ў 21-ы дзень сакавіка – Сусветны дзень паэзіі– у бібліятэцы “Юнацтва” імя Уладзіміра Калесніка. Адбылася літаратурная сустрэча па ініцыятыве дырэктара ўстановы Алены Ігнацьевай, а затым да яе далучылася яшчэ і старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч.
Так вучні 6 “А” класа СШ № 24 г. Брэста з першых вуснаў пачулі пра нашага знакамітага земляка з вёскі Камароўка Брэсцкага раёна, які тройчы пабываў на касмічнай арбіце. Вельмі прыемна і тое, што верш упершыню быў надрукаваны ў вышэй упамянутай кнізе. Выпускалася яна рэспубліканскім выдавецтвам “Адукацыя і выхаванне” (дырэктар Мікалай Супрановіч). Гэта дзякуючы яму ілюстраванае выданне адначасова на беларускай і рускай мовах убачыла свет у кароткі тэрмін – да 75-годдзя нараджэння касманаўта. З гэтай нагоды хацелася б працытаваць верш да канца:

І шлях яго зазіхацеў
Стазорнай пазалотай,
Бо дабівацца ўсяго ўмеў
З вялікаю ахвотай.          

Да зорак вырвацца жадаў             
І ў поспех моцна верыў,
Ды так, што лёс паспачуваў, –
Адкрыў у космас дзверы.

Адтуль вітаў лугі, бары,
Прыбужжам любаваўся,        
З бязмежным небам гаварыў
І – на Зямлю вяртаўся.

Ды не адзін раз, ажно тры
Ў Сусвет насілі крылы,
Але матулін дом стары
Вяртаў яго ў кут мілы.

Хоць прыцяжэнне ўсёй Зямлі
Адольваць навучыўся,                         
Ды вёска, дзе бацькі жылі,
Заўжды радней за высі.

Незадоўга да літаратурнай сустрэчы ў вышэй названай бібліятэцы аўтар гэтага допісу  сустрэўся з Надзеяй Парчук і задаў пытанне:
– Надзея Мікалаеўна, скажыце, калі ласка, Вы калі-небудзь прысвячалі вершы касманаўтам, тым больш, што ў абласны цэнтр, дзе ўстаноўлены бюст Пятра Клімука, прыехалі з невялічкай вёскі Ладараж?..
 – Не, ніколі. Лічыла, што гэта не мая тэма, а дакладней – недасягальная для мяне. Дый сама прафесія касманаўта – мужная, складаная, а значыць, больш мужчынская, чым жаночая. А вось будучы вучаніцай 6-га класа, ракеты малявала лепш за некаторых хлопчыкаў і атрымлівала выдатныя адзнакі.
А наконт вашага, Мікалай Васільевіч, выказвання, што Ладараж “невялічкая вёсачка”, хочацца ўдакладніць: яна – не такое ўжо і маленькае пасяленне, тым больш у гады росквіту сельскагаспадарчага сектара ў нашай былой вялікай краіне Саветаў. Менавіта ў 60-70-я гады, калі я вучылася ў школе, наша вёска з'яўлялася цэнтрам калгаса “Ударнік”, у ёй мелася сярэдняя школа, у якой былі нават паралельныя класы, працавалі пошта, Дом быту, ашчадная каса, фельчарска-акушэрскі пункт, два магазіны, нават адкрыліся калгасная лазня ды пральня.
А колькі з Ладараж выйшла цудоўных настаўнікаў, педагогаў, медыкаў, эканамістаў, старшынь калгасаў, бухгалтароў, выдатных будаўнікоў, ваенных спецыялістаў, ёсць нават свае прафесары, акадэмікі, кандыдаты і дактары навук, не гаворачы ўжо непасрэдна пра людзей зямлі нашай! А цяпер, як бачыце, вёска займела яшчэ і сваю паэтку у маёй асобе…
Сустрэча ў бібліятэцы “Юнацтва” імя Уладзіміра Калесніка знамянальна яшчэ і тым, што адбылася напярэдадні Міжнароднага дня касманаўтыкі. Больш таго, на гэты раз прыхапіў з сабой і блакнот уласнага карэспандэнта рэспубліканскай газеты “Звязда” па Брэсцкай вобласці. З ім 18 снежня 1973 года, калі Пётр Клімук у першы раз паляцеў у космас, і паехаў тэрмінова ў яго родную Камароўку Брэсцкага раёна, дзе пазнаёміўся з бацькамі касманаўта, з іхняй дапамогай зрабіў першыя запісы. Ужо на наступны дзень напісаны матэрыял быў змешчаны ў газеце…
Мой успамін аб тых незабыўных падзеях у бацькоўскай хаце касманаўта суправаджаўся паказам не толькі гэтага блакнота, але і прынесенымі трыма рабочымі сшыткамі, запоўненымі калісьці ў Зорным гарадку ў гасціннай сям’і нашага мужнага ды праслаўленага земляка.
Многія вучні ўпершыню не толькі ўбачылі іх сваімі вачыма, але і мелі магчымасць патрымаць у руках, як і тры пазней выдадзеныя кнігі – “Арыенцір –сузор’е Арыён”, “К созвездиям” (на рускай мове з тыражом у 84000 экз.) і “Пётр КЛІМУК. Жыццё і подзвіг касманаўта”.
Ніколькі не сумняваюся: з дапамогай Таццяны Дземідовіч і Надзеі Парчук адбылося надзвычай цікавае, неспадзявана ўдалае мерапрыемства на касмічную тэму, вартае таго, каб аб ім ведала як мага большая колькасць чытачоў.

Мікола ПАНАСЮК,
пісьменнік-дакументаліст