googlee76da6385aa73571.html Беларусь в стихах . Полесье - край родной .: У гасцях − Надзея Парчук: з новым кніжным выданнем!

Поиск по этому блогу

понедельник, 5 марта 2018 г.

У гасцях − Надзея Парчук: з новым кніжным выданнем!



КНIГА, ЗАПАТРАБАВАНАЯ ЖЫЦЦЁМ

Перад вамі, дарагія чытачы, – унікальнае па плане і змесце  навукова-папулярнае выданне. У ім сабраны не толькі творчыя біяграфіі і падрабязныя бібліяграфічныя звесткі ўсіх без выключэння сяброў Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, але і даецца поўны пералік калектыўных зборнікаў кожнага пісьменніка на дадзены час, шырокі спектр іх публіцыстычных, крытычных, літаратурна-навуковых твораў: артыкулаў, манаграфій, рэцэнзій, апублікаваных у беларускіх і замежных выданнях. У гэты біябібліяграфічны даведнік уключаны таксама спісы водгукаў-характарыстык, напісаныя крытыкамі і літаратуразнаўцамі, на творы берасцейскіх пісьменнікаў.
Час даўно патрабаваў ад нас гэтага інфармацыйна-літаратурнага выдання. Але складанасць задачы заключалася ў тым, што ніхто з нас не ведаў і нават не ўяўляў, як гэту інфармацыю сабраць, з чаго пачаць, як сістэматызаваць. Трэба было знайсці таго, хто возьмецца за гэтую аб’ёмістую і скрупулёзную справу. Аднак, як кажуць мудрыя людзі, працу варта распачаць, а Бог падкажа і дапаможа давесці яе да лагічнага канца… І сапраўды, дзякуючы руплівай стараннасці адказных асобаў, пастаўленая задача за паўгода была паспяхова вырашана.
Цяпер чытачы будуць ведаць значна больш пра творчыя здабыткі і літаратурныя дасягненні нашых пісьменнікаў, якія ў сваёй творчасці адлюстроўваюць жыццё нашага беларускага народа, развіваюць і зберагаюць нацыянальную духоўнасць, родную мову, літаратуру, культуру, гісторыю рэгіёна, фарміруюць ідэалогію нашай дзяржавы. 
Смела можна сказаць, што дадзенае выданне будзе шырока запатрабавана як навукоўцамі, так і кіраўніцтвам Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ, яго сябрамі-літаратарамі, работнікамі культурных устаноў, бібліятэчных сістэм, школьнікамі, студэнтамі, настаўнікамі, выкладчыкамі, самым шырокім колам карыстальнікаў.  
Да ўсяго сказанага вышэй хочацца дадаць, што з усёй нашай берасцейскай пісьменніцкай суполкі самым старэйшым творцам лічыцца Васіль Андрыянавіч Літвінчук, які нарадзіўся 1 ліпеня 1930 года, а значыць, у падлеткавым узросце пабачыў і перажыў усе жахі Вялікай Айчыннай вайны. Ён нават з 1943 года  разам з бацькамі і сваякамі ваяваў у партызанскім атрадзе. Нарадзіўся пісьменнік у вёсцы Галік Драгічынскага раёна.
Самая маладая з сяброў аддзялення – Алена Анатольеўна Гневушава. Нарадзілася таленавітая паэтка і празаік у Брэсце 29 чэрвеня 1993 года. З 1 жніўня 2016 года працуе аглядальнікам у абласной газеце “Заря”.
Варта некалькі слоў сказаць пра нашага самага ганаровага, самага знакамітага і самага паважанага літаратара-аграрніка – Аляксея Сцяпанавіча Скакуна, ураджэнца добра знаёмай усім нам вёскі Дастоева Іванаўскага раёна.
Пасля заканчэння Гродзенскага сельскагаспадарчага  інстытута (1969) Аляксей Сцяпанавіч працоўную дзейнасць пачаў заатэхнікам у калгасе “Чырвоная Звязда”. Пасля службы ў радах Узброеных Сіл працаваў галоўным заатэхнікам, намеснікам старшыні калгаса “Маладая гвардыя”, старшынёй калгаса “Дружба”, а таксама намеснікам старшыні Іванаўскага райвыканкама – начальнікам управлення сельскай гаспадаркі і харчавання. Затым − старшынёй калгаса-камбіната “Памяць Ільіча” Брэсцкага раёна. А потым узначаліў СВК “Астрамечава”.
У 1987 годзе атрымаў вучоную ступень кандыдата эканамічных навук. З 1993 – член-карэспандэнт Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь. З 1999 – акадэмік Інжынернай акадэміі нашай краiны. З 2000 года – прафесар (інфармацыйныя тэхналогіі ў сельскай гаспадарцы). З 2000 – член-карэспандэнт Міжнароднай інжынернай акадэміі. З 2001 года – акадэмік Міжнароднай акадэміі. З 2005 – доктар эканамічных навук. З 2008 – дацэнт (спецыяльнасць “эканоміка). З 2009 – член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. З 2013 – вучонае званне – прафесар (эканоміка).
Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР адзінаццатага склікання, членам Савета Рэспублікі Націянальнага сходу Рэспублікі Беларусь другога і трэцяга скліканняў, дэпутатам Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў, старшынёй грамадскіх аб’днанняў “Беларускі агропрамысловы саюз” і “Беларускі сялянскі савет”. Член дэлегацыі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у парламенцкай структуры Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2007 года.
Аўтар шасці навуковых прац і сямі кніг. За добрасумленную працу і высокія працоўныя паказчыкі выдатнік-аграрый узнагароджаны шматлікімі медалямі, ордэнамі, нагруднымі знакамі, Ганаровымі граматамаі, дыпломамі.
Аляксей Сцяпанавіч Скакун носіць званнеГанаровы грамадзянін Брэсцкага раёна. Цяпер жыве ў агр. Клейнікі, што пад самым Брэстам.
Дарэча, 1 сакавіка Аляксей Сцяпанавіч адзначыў свой дзень нараджэння. Таму ўсе члены пісьменніцкай суполкі віншуюць дарагога сябра з яго асабістым святам, а таксама з наступленнем вясны і шчыра зычаць яму моцнага здароўя на доўгія гады, духоўных сіл, шчасця, творчых поспехаў, без стомы жыць, працаваць і тварыць на карысць людзям.  
Ужо ў бліжайшы час чакаецца прэзентацыя даведніка ў Іванаўскім раёне. І гэта не выпадкова. Справа ў тым, што менавіта тут, у родным раёне, пэўны час шчыраваў у працы не проста вядомы вучоны-аграрнік, таленавіты фотамайстар Аляксей Скакун, але і цяперашні герой балады “Шукала песня Хлебароба”. Яе разам са словамі песні “Назвалі хлопца Аляксеем” (музыка Ігара Лучанка) напісаў член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі Мікола Панасюк, які ўжо ў 1965 годзе працаваў у раённай газеце “Чырвоная звязда”. З таго часу пад пільным вокам галоўнага рэдактара раённай газеты Аляксея Каўко і завязалася іх сяброўства.
Як бачым, прыклад варты пераймання ў будучым!
Надзея ПАРЧУК,
укладальнік і рэдактар выдання  


Аляксей Скакун
з новым кніжным выданнем
 4 сакавіка 2018 года


Фота Дзяніса БУСЛЁНКА