googlee76da6385aa73571.html Беларусь в стихах . Полесье - край родной .: Слово о новой книге

Поиск по этому блогу

среда, 31 января 2018 г.

Слово о новой книге



“Памнажайце духоўнасць штодня,
ад крыніц прычашчайцеся чыстых…”


Кожны чалавек у нейкі перыяд свайго жыцця прыходзіць да высновы: я – толькі госць у гэтым свеце. З гадамі яго пачынаюць непакоіць думкі: а што будзе далей? Як трэба жыць, каб з гонарам прайсці выпрабаванні зямнога шляху? І тады многія  звяртаюцца да высокадухоўных, мудрых кніг: Бібліі, Евангелля, Жыція святых.
Шматлікія  беларускія пісьменнікі, паэты пісалі і ў наш час пішуць на духоўную тэму. Праўда, ёсць і такія, што баяцца заглянуць за заслону невядомага, нязведанага або баяцца напісаць штосьці не так, адчуваюць, што ў іх не хапае ведаў. Тут, вядома, ёсць і аб’ектыўныя прычыны. Па-першае, у Праваслаўных храмах усе службы вядуцца на стара-царкоўнай мове, якую ведае далёка не кожны вернік. Па-другое, духоўнай літаратуры на беларускай мове ў нас няма. Пагэтаму творцам, якія пішуць на нашай, роднай  мове бывае цяжка падабраць словы, якія мелі б правільны сэнс і беларускае гучанне. Узяць тое ж рускае слова ”благовещение” – хтосьці перакладае яго як – благавешчанне, а хтосьці дабравешчанне. Таму пісьменнікі, якія звяртаюцца да духоўнай тэмы, звычайна, маюць немалы жыццёвы багаж, багаты ўнутраны свет і смеласць. Вось як, напрыклад, аўтарка кнігі “Святло няскоранай душы” – Надзея Парчук. Названае выданне пабачыла свет у бягучым годзе, выпусціла кнігу брэсцкае выдавецтва “Альтэрнатыва”.
Першую і асноўную частку кнігі займае паэма, якая і дала назву ўсяму зборніку. У творы Надзея Мікалаеўна на прыгожай паэтычнай мове даходліва і кранальна з уласцівай ёй шчырасцю і яркай, багатай вобразнасцю распавядае гісторыю няпростага жыцця святога пакутніка Георгія Перамоганосца, які жыў і змагаўся за хрысціянства напрыканцы III пачатку   IVст.
Мяркую, што паэму цікава было б пачытаць як тым, хто ведае пра жыццё і подзвіг святога Георгія, так і тым, хто яшчэ не судакрануўся з гэтай гераічнай старонкай у гісторыі хрысціянства. Георгій Перамоганосец – гэта ўзор мужнасці, самаахвярнасці. Будучы маладым воінам, Святы вялікай веры ў жудасныя часы распраў сам прыйшоў на сход да цара-язычніка, каб заступіцца за абяздолены хрысціянскі люд, чым і выявіў сваю прыналежнасць да веры Хрыстовай.
У паэме многа па-мастацку аформленых маналогаў, дыялогаў. Гэта палкія словы святога Георгія, самаўпэўненыя і ганарыста-гнеўныя нападкі і абвінавачванні цара Дыяклецыяна, яго прыспешнікаў.
Другую частку кнігі займаюць вершы, прысвечаныя Вялікадню, Ражджаству Хрыстову, Тройцы, Евангеллю, святым Еўфрасінні Полацкай, Афанасію Брэсцкаму, Сафіі Слуцкай. Ёсць тут таксама творы-малітвы, творы-ўслаўленні Бога, анёла-ахоўніка. Кранаюць радкі верша “Ты сонцам глядзіш на мяне”:

Не забываеш пра мяне
Ў людской бясконцай плыні –
Шторанку сонейкам зірнеш
З блакітнае святыні.

Душу спагадную заўжды
Пашлеш на дапамогу…
Мне без цябе анікуды –
Ні дома, ні ў дарогу.

Тыя ж думкі гучаць і ў вершы “Паслушнікі твае…”:

Нам без цябе дарогі не асіліць
Той, што вядзе да Вечнасці святой,
А Ты любога можаш з нас акрыліць
Свяшчэнным словам, вераю жывой.

У вершы “Малітва” пранікнёна гучыць просьба:

Мае грахі да аднаго даруй,
Прасей, прашу, праз праведнае сіта.
І спапялі, каб болей не ўзышлі –
Ні пры дарозе, ні, крый Божа, ў полі:
Я не хачу на роднае зямлі
Нікчэмным зеллем прарастаць ніколі...”

Шчымлівы асабісты боль гучыць у вершы “Белы ранак”, як зварот аўтара да анёла-ахоўніка:

Ты ад мяне не адлятай –
Ні ўдзень, ні ў сонны позні вечар,
Святыя крылы расхінай,
Ратуй ад крыўды чалавечай.

Твор “Святлінкі душы” – верш-павучанне, крышку кніжнае. Але ж мы, старэйшае пакаленне, прывыклі, што кнігі дрэннаму не вучаць. Гэта павінна быць так заўсёды. Дык вось у названым вершы паэтэса выдзяляе, называе чытачу дэталёвы план, што трэба рабіць або не рабіць, каб душа зіхацела: не марнаваць душу, малітоўна сілкаваць яе, памнажаць духоўнасць, берагчы сумленне. І як вынік – просьба:

Не губляйце іскрынкі жывой,
Што належыць не вам, а Нябёсам.



Надзея ПАРЧУК у рабочым кабінеце

Цікава, што прадмову да кнігі Надзея Парчук напісала сама. Уступ “Непераможаная любоў”  заслугоўвае ўвагі яшчэ і тым, што на адзіннаццаці старонках Надзея Мікалаеўна не толькі распавядае пра незвычайную гісторыю напісання кнігі, але і апісвае, вядома ж у прозе, жыццё святога Мікалая Цудатворца, прыводзіць свае думкі, меркаванні, супастаўленні даўніны з сучаснасцю. У эпілогу паэтэса распавядае пра сваіх продкаў, расказвае пра нараджэнне і ўзрастанне асабістага духоўна-хрысціянскага светапогляду. Надзея Мікалаеўна піша: “Нельга сказаць, што да веры ў Бога я прыйшла праз паэзію. Хутчэй наадварот: да паэзіі я прыйшла праз веру ў Бога…”
Мне ж хочацца дадаць: “І з Яго дапамогай…”
Галіна Бабарыка,
член Саюза пісьменнікаў Беларусі