googlee76da6385aa73571.html Беларусь в стихах . Полесье - край родной .: Літаратурная сустрэча ў палескай глыбінцы

Поиск по этому блогу

четверг, 25 января 2018 г.

Літаратурная сустрэча ў палескай глыбінцы



22 студзеня ў Мачульскай базавай школе Столінскага раёна адбылася цікавая творчая сустрэча вучняў Белавушскай сярэдняй школы з мясцовай настаўніцай, паэткай, пісьменніцай Галінай Бабарыка, якая з натхненнем чытала школьнікам вершы, з умельствам – гумарыстычныя апавяданні і ахвотна адказвала на іхнія самыя нечаканыя пытанні. А яшчэ пісьменніца пазнаёміла юных краязнаўцаў з гісторыяй роднай вёскі.





Варта падкрэсліць, што па-мастацку дэкламуючы перад вучнямі суседняй школы свае творы, Галіна Сідараўна раскрыла сябе не толькі як мастак прыгожага беларускага слоўка, але і як выдатны акцёр-віртуоз, аратар, гумарыст, якому падуладна любая артыстычная роля на сцэне.
Як сапраўдная самабытная творца Галіна Бабарыка ў сваіх радках заўсёды непадкупна шчырая, дасціпная, удумлівая. Амаль ва ўсіх творах адчуваецца яе непадробнае жыццялюбства, спакойная разважлівасць, заглыбленасць, жаночая спагадлівасць, а таксама і дабразычлівасць. Яе гераіня нават лістападаўскі “жоўты маленечкі дзьмухавец укрывае лісточкам – болей няхай пажыве”. У вершы “Родным дзецям” паэтэса як маці і педагог сцвярджае:

Мне ёсць аб чым вам расказаць,
Бо перажыта ўжо нямала.
Не раз паўзла бяда-навала,
Жыцця таптала сенажаць.
Ды паўставала фенікс-птушкай –
Надзея, Вера, Дабрыня…
І не прыпомню таго дня,
Каб я ў зла была за служку”.

Як паэтэсу і пісьменніцу яе добра ведаюць не толькі на Берасцейшчыне, але і па ўсёй Беларусі, нават за яе межамі. Нарадзілася Галіна Сідараўна ў вёсцы Мачуль, што на Століншчыне. Пасля заканчэння Магілёўскага педагагічнага вучылішча і Магілёўскага педагагічнага інстытута чатыры гады працавала ў Макеевіцкай васьмігадовай школе Клімавіцкага раёна. Зараз жыве на радзіме і тут жа настаўнічае ў Мачульскай базавай школе. Мае вышэйшую катэгорыю выкладання. За дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.  



Вершы пачала пісаць яшчэ са школьных гадоў. Першы раз надрукавалася ў часопісе “Вясёлка”, і было гэта ў 1970 годзе. Адчуўшы смак творчасці і паверыўшы ў свае літаратурныя здольнасці, з таго часу пяра не кідае – пры любой вольнай хвілінцы занатоўвае нахлынутыя пачуцці, думкі, уражанні.  
Праз мастацкае слова ёй удаецца па-майстэрску праўдападобна вымаляваць не толькі тую ці іншую карціну жыцця, прыроднай з’явы, апісаць нахлынутыя пачуцці, але і перадаць стан уласнай душы чытачу, удаецца прымусіць яго суперажываць разам з ёю, зачаравацца і натуральна парадавацца таму настрою, які праліваецца ў дадзены момант з яе багатай і чуллівай душы. Так, у вершах, прысвечаных вясне, лету, удала адлюстроўваецца святочны настрой прыроды, адчуваецца яе жывое напаўненне новай сілай, хараством і святлом для далейшага стваральнага руху, а праз гэтую ўзнёслую святочнасць надаецца другое дыханне чытацкай душы. А таму верыцца, што, нягледзячы на пражытыя гады, у душы творцы зноў ажываюць узнёслыя дзявочыя жаданні, рамантычныя думкі, светлыя мары:

Вясне пракладае дарогу
Сустрэчай узрушаны клін.
Нясуць журавы не трывогу,
А радасць да родных мясцін.
І хоць заінелыя скроні,
Ды мроіцца, што ўпершыню
Пад небам адвечным сягоння
Жыцця сустракаеш вясну.

Вядома, што ў любой галіне культуры, як і ў кожным жанры літаратуры, сапраўднае мастацтва дасягаецца, калі ў творцы ёсць не толькі здольнасці, але і моцная воля, цярпенне, запас ведаў і жывая чуллівая душа. Увесь гэты духоўны арсенал у Галіны Сідараўны, як кажуць, пры сабе. Дай ёй, Божа, толькі здароўя і шчасця, паберажы яе даўжэй на гэтым свеце для Беларусі, роднага куточка і дзеля развіцця беларускай літаратуры, прачулага роднага слоўка.
А закончыць сваю невялікую прамову пра таленавітую паэтку, цудоўную настаўніцу, прыгожую, нястомную жанчыну мне хоцелася б філасафічнымі радкамі Яўгена Пясецкага:

Мне знаёмы філосаф аднойчы сказаў:
Увесь Сусвет па агульным Законе жыве –
Ты багаты на тое, што камусьці аддаў,
Ты на тое збяднеў, што пакінуў сабе…”

Па-мойму, наша зямлячка якраз адпавядае гэтаму агульнаму чалавечаму Закону, бо нічога не пакідае сабе, а ўсё, чым надзяліў яе Гасподзь, аддае дзецям, людзям, верна і аддана служыць любай Радзіме.
Надзея ПАРЧУК,
сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі